За чатыры месяцы электраэнергія падаражэла амаль на 50 працэнтаў

Нават нацыянальная статыстыка сведчыць, што ў Беларусі жыццё даражэе імклівымі тэмпамі.

За год на 25,3 працэнта падаражэла малако, на 22,7 працэнта — рыба і морапрадукты. А вось мяса і каўбаса сталі даражэй на 19,9 і 18,6 працэнта адпаведна. Кошты на муку за той жа перыяд падняліся на 32,7 працэнта. Яйкі падаражэлі на 19 працэнтаў, а цукар — на 13,6 працэнта. Бульба за год падаражэла на 23,7 працэнта. У той жа час кошт на гародніну вырас на 6,7, а на садавіну — на 13,2 працэнта.

У параўнанні з красавіком мінулага года тытунь падаражэў на 18 працэнтаў. У красавіку цяперашняга года алкаголь стаў даражэйшы: па стаўленні да сакавіка 2009-га — на тры, да снежня мінулага года — на 5,8, да красавіка 2008-га — на 15,3 працэнта.

Хутчэй, чым тытунь і спіртное, даражэюць медыкаменты. За месяц (красавік да сакавіка 2009-га) кошт на іх падняўся на 2,4 працэнта. Са снежня мінулага года — на 11,8 працэнта. А ў параўнанні з красавіком 2008-га лекі падаражэлі на 27 працэнтаў. За перыяд студзень — красавік 2009-га да студзеня — красавіка 2008-га лічба крыху меншая — 23,9 працэнта.

Што датычыцца сферы паслуг, то ў студзені — красавіку 2009-га ў параўнанні са студзенем — красавіком 2008-га аплата паслуг ЖКГ паднялася ў цэлым на 21,2 працэнта. Прычым за электразабеспячэнне мы сталі плаціць больш амаль напалову — на 49,1, за ацяпленне — на 15,8, за водазабеспячэнне — на 18,4 працэнта. Даражэй на 23,2 працэнта цяпер абыходзіцца і тэхабслугоўванне жылых памяшканняў. Варта адзначыць, што гэта афіцыйныя даныя. Па інфармацыі незалежных эканамістаў, кошты ў Беларусі выраслі значна больш.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)