Филин

Сяргей Васілеўскі

Фрыдман: «Лукашэнка хоча забяспечыць сабе алібі»

Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман у каментары Филину паразважаў пра тое, чаму беларускаму рэжыму «не трэба» агрэсія супраць Польшчы.

Аляксандр Фрыдман

— Лукашэнка заявіў, што з тэрыторыі нашай краіны не будзе агрэсіі супраць Польшчы. Як вядома, часта ягоныя словы маюць супрацьлеглае значэнне. Тым больш, што тое самае ён абяцаў Кіеву напярэдадні лютага 2022-га.

Зважаючы на сённяшнюю сітуацыю ў рэгіёне, наколькі высокая рызыка таго, што гэтая заява сведчыць акурат пра адваротнае, што такая агрэсія ўсё ж рыхтуецца?

— Да такіх заяваў Лукашэнкі я б ставіўся вельмі асцярожна. Калі ён кажа, што «нам гэта не патрэбна», то мае рацыю. Калі ён мае на ўвазе свой рэжым, яму гэта насамрэч не патрэбна. Я думаю, што ён цвяроза ацэньвае свае магчымасці.

Лукашэнка разумее, што мала што можа супрацьставіць польскай арміі, амерыканскім падраздзяленням, што месцяцца на тэрыторіі Польшчы, ды іншым краінам НАТА.

Іншая справа, што тут пытанне зусім не ў ім. Ніхто не чакае, што ён пойдзе ваяваць. Уся заходняя аналітыка, усе разважанні з таго боку абыходзяцца без яго.

Што ён гэтымі заявамі імкнуўся ўсім нам паказаць? Я тут галоўны, у мяне ядзерная зброя, я тут усё вырашаю. А яго пры гэтым не ўспрымаюць у якасці самастойнага фактара.

читайте также

Усе заходнія расклады прадугледжваюць уварванне расійскага войска. Магчыма, што беларускія падраздзяленні пойдуць разам з ім. Мяркуецца, што Пуцін выкарыстае беларускую тэрыторыю.

То бок, варыянт, што Лукашэнка пры гэтым удзельнічае ў прыняцці рашэняў, увогуле не разглядаецца. І яму насамрэч не хочацца, каб вайна ішла з беларускай тэрыторыі, бо разумее, што гэта рызыка для краіны.

Тут пытанне зусім не ў ім, а ў Расіі. У тым, як яна вырашыць задзейнічаць у гэтай сітуацыі Беларусь. Магчыма, тут Лукашэнка хоча забяспечыць сабе алібі. Каб пасля ніхто не думаў, што ён гэта зрабіў.

А такі варыянт цалкам магчымы. Было б наіўна не разглядаць такі сцэнар. Мы ж бачым, якая сёння напружаная сітуацыя ў Еўропе. Варыянт разгортвання падзеяў, калі можа адбыцца напад на Польшчу або Літву, цалкам верагодны.

Сцяна на мяжы Польшчы і Беларусі

— Размарожванне амерыканскай ваеннай і фінансавай дапамогі Украіне сярод экспертаў выклікала самую розную рэакцыю. У тым ліку і крытыку пра недастатковасць гэтай дапамогі, страчаны час і перасцярогі, што гэта можа быць апошні такі буйны транш.

А якой вам бачыцца рэакцыя Расіі на гэтую падзею?

— Думаю, што расійскі бок разглядае гэта як досыць праблематычны для іх момант. Масква сыходзіла з таго, як мне падаецца, што ў гэты перыяд яна магла дамагчыся на вайне як мага большага.

Заняць новыя тэрыторыі, карыстаючыся тым, што ўкраінцам зараз вельмі складана на многіх накірунках. Напэўна, яны гэтую сітуацыю не змаглі выкарыстаць. Таму што ўкраінская армія гераічна змагалася і ў адсутнасць дапамогі.

Так, у яе былі сур’ёзныя страты, украінцы вымушаныя былі пакінуць Аўдзееўку, але гэта не той маштаб, якога можна было чакаць ва ўмовах такога прамаруджвання з ваеннай дапамогай і ўвогуле ў сітуцыі такой няпэўнасці. 

Зараз расійскаму боку, канечне, будзе цяжэй. Тое, што я назіраю ў заходніх ваенных экспертаў — тых, у каго няма ні звышаптымізму, ні звышпесімізму — яны сыходзяць з таго, што гэта дапаможа ўкраінцам прынамсі стабілізацаваць фронт. 

Што Украіна зможа больш спакойна і трывала дзейнічаць на працягу гэтага года. А што будзе далей, то мы гэтага не ведаем. Мы не ведаем, як будуць разгортвацца падзеі ў Еўропе, што будзе адбывацца ў Расіі і якім будзе вынік прэзідэнцкіх выбараў у ЗША.

Відавочна, што калі сёння Кіеву спатрэбіцца дадатковая дапамога, здабыць яе будзе цяжка. Але хто ведае, як яно насамрэч будзе далей? Я б не разглядаў гэтую сітуацыю з вялікім гарызонтам планавання.

На дадзены момант выдатна, што Украіна нарэшце атрымала гэтую дапамогу. Заўсёды хочацца, каб было больш. Але ўжо сёння з тым, што ў Кіева ёсць, можна працаваць, гэта ўжо будзе дапамагаць яму.

Да таго ж, заўсёды ёсць сінергетычныя эфекты: з аднаго боку прыйшла амерыканская дапамога, а гэта азначае, што нешта яшчэ будзе і ад брытанцаў, французаў, ад немцаў і палякаў. І гэта ўсё ўзмацніць украінскія пазіцыі.

Так што, у мяне пасля гэтай навіны пэўны аптымізм прысутнічае, але з ім таксама не трэба перабольшваць.

— У тэорыі дзеянні Вашынгтона мусілі б натхніць еўрапейскіх палітыкаў. І вось мы чуем заяву прэзідэнта Францыі пра тое, што «Еўропа можа памерці», што ёй трэба перастаць аглядацца на ЗША. Наколькі гэта пашыранае меркаванне ў Еўропе?

— Гэта досыць тыповая рыторыка Макрона. Яму падабаюцца гучныя словы: мы тут вырашаем лёсы, асабліва Францыя — краіна, якая бярэ на сябе адказнасць. Так што я б асцярожна ставіўся да ягоных заяваў.

Што тычыцца Еўропы, то яна паступова прыходзіць да ўсведамлення дзвюх рэчаў. Найперш гэта разуменне таго, што з Пуціным немагчыма дамовіцца. І што на Кітай спадзявацца не даводзіцца. А была відавочна надзея на тое, што Пекін здолее схіліць Маскву да пэўных кампрамісных рашэнняў.

Але Кітай у гэтым, гледзячы па ўсім, не зацікаўлены. Ды і магчымасцяў у яго для гэтага асаблівых няма.

Натуральна, ніхто не гатовы сёння ўводзіць свае войскі ва Украіну, але ўяўленне пра тое, што з Пуціным нельга дамовіцца, што так ці іначай з ім давядзецца самім змагацца, яно прысутнічае.

Гэта вельмі непрыемная думка, асабліва для Заходняй Еўропы. Але яна паступова заходзіць у галовы палітыкаў. Таму і заявы адпаведныя робяцца пра неабходнасць мадэрнізаваць армію.

І, канечне, дапамагаць Украіне. Хаця б таму, што ты не толькі аказваеш дапамогу, але і можаш выйграць такім чынам час для сябе. Бо пакуль яна змагаецца, ты можаш перабудоўваць сваю эканоміку і рыхтавацца да надзвычайных падзей. Гэтае ўсведамленне, як мне падаецца, паступова прыходзіць.

Ёсць тут яшчэ і такі важны чыннік, на які звярнуў увагу Трамп. Так, для Злучаных Штатаў Украіна — гэта важна. Але для Еўропы яна куды важней. І ён мае рацыю, калі кажа, што Еўропа ў гэтым сэнсе павінна рабіць больш. Параза Украіны будзе і амерыканскай паразай таксама, але ЗША знаходзяцца далёка.

А для еўрапейцаў параза ўкраінцаў будзе адзначаць яшчэ адзін крок да вялікай вайны ў Еўропе. І гэтае ўяўленне ў еўрапейскіх палітыкаў прысутнічае.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.9(47)