Общество

Ягор Марціновіч: Калі ў калоніі прамаўляеш імя Ціханоўскай, нават самы адэкватны сусед можа сказаць: «Ціха-ціха, ты што!»

Медыяменеджэр Ягор Марціновіч, які нядаўна выйшаў на волю, распавёў, працягвае расказваць пра сучасныя парадкі за кратамі.

— Ёсць некалькі тэмаў, якія не рэкамендуецца абмяркоўваць у калоніі, — піша Ягор Марціновіч. — Ну як не рэкамендуецца? Проста калі міма будзе прабягаць нейкі стукач і данясе, што вы стаялі і абмяркоўвалі Ціханоўскую, то ўсе ўдзельнікі размовы, найхутчэй, атрымаюць па 10 сутак ШЫЗА з нейкай іншай фармальнай нагоды. Напрыклад, за тое, што не былі паголеныя.

Стукачоў на стаўцы не надта шмат, але ты ж не ведаеш іх поўны спіс, таму сам ацэньваеш, хто варты даверу, а ў каго на плячах праступаюць пагоны.

Дык вось, першая такая тэма — Украіна. У першыя дні вайны дыскусіі перад тэлевізарам былі публічнымі, але скончыліся тым, што нехта склаў спіс людзей, якія выказваліся супраць пуцінскай агрэсіі. І ўсе яны рушылі ў ШЫЗА. Больш адкрытага абмеркавання не было.

Яшчэ адной рызыкоўнай штукай на нейкі час стала смерць Макея. Чалавек раптам прапаў у ШЫЗА, пытаешся ў астатніх, што з ім адбылося. «Дык ён жа з табой абмяркоўваў, што гэты міністр быў абсалютна здаровым. Сам разумееш». Э-э-э?

Але самае глабальнае — гэта, канечне, Ціханоўская (Ціханоўскі ў тым жа камплекце). На Валадарцы былі сітуацыі, калі чалавек, якога закідваюць у камеру, вітаецца так: «Здарова, хата! Я Валера, калі што, галасаваў за Ціханоўскую!»

І ўсе такія: «О, Валера, усё ясна, ты нармальны пацан, дапаможам чым можам». У калоніі правілы гульні іншыя, свабоды слова значна менш (бо стукачоў больш).

Калі прамаўляеш імя Ціханоўскай, нават самы адэкватны сусед можа сказаць: «Ціха-ціха, ты што!» Канечне, усім цікава, што ў яе там, людзі па адным падыходзяць і пытаюцца, ці чуў я нешта новае. Але спаліцца публічным інтарэсам да Святланы не рызыкуе амаль ніхто.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(15)