Ягор Марціновіч: «ВЕ-ЛІ-ЗАР-НЫ дзякуй тысячам беларусаў»

Медыяменеджар напісаў першы допіс пасля вызвалення.

«Я хачу сказаць ВЕ-ЛІ-ЗАР-НЫ дзякуй тысячам беларусаў, якія падтрымлівалі мяне, дапамагалі мне ці іншым палітвязням альбо хаця б у душы перажывалі за нас. Гуртом шмат што лягчэй) Пастараюся адпісаць ці адзваніцца кожнаму, ад каго атрымліваў вестачкі. Я толькі пераканаўся, што прыстойных, сумленных беларусаў, сапраўдных патрыётаў нашай краіны ў разы больш, чым я мог сабе ўявіць у самых смелых фантазіях.

Балюча ад разумення, колькі дадатковых клопатаў і праблемаў звалілася на нашых родных і блізкіх. Асноўны цяжар выцягнулі на сваіх плячах менавіта яны. Нам што? — сядзі на месцы і падлічвай дні. Але ж родныя не падпісваліся на тое, каб стаяць у чэргах пад СІЗА, а пасля яшчэ і губляць нервы ў чаканні, выпусцяць ці не выпусцяць. Карацей, занадта шмат розных «але», каб дакладна сказаць, як усім нам варта было рабіць правільна — каб мінімазаваць магчымыя страты і павялічыць шанцы на перамогу Беларусі і здаровага сэнсу. Па-ранейшаму веру, што гэта адбудзецца.

А персанальна для мяне важна, што я вяртаюся на свабоду з чыстым сумленнем. Мне не сорамна глядзець у вочы людзям, і гэта ўжо нямала», — пiша былы галоўны рэдактар «Нашай нівы» Ягор Марціновіч, якi правёў у зняволенні 2 гады і паўтара месяца.

Нагадаем, што нашанiўцы Андрэй Скурко і Ягор Марціновіч былi зняволеныя з ліпеня 2021 года. Андрэй выйшаў на волю на мiнулым тыднi.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(34)