Латушка: «Калі рэжым так любіць паўсюль шукаць пагрозу нацыянальнай бяспекі, то можа варта пашукаць яе ўнутры сістэмы?»

Прадстаўнік НАУ і АПК — пра знішчэнне беларускіх устаноў культуры.

Павел Латушка

— Складана ўявіць, але звольненыя амаль усе кіраўнікі нацыянальных устаноў Беларусі, якія звязаныя з культурай, — адзначыў Павел Латушка на сваім канале.

Знішчыць і разбурыць — асноўныя падыходы рэжыму Лукашэнкі.

Палітык нагадаў, што, пачынаючы з 2020 года, існуючы рэжым масава зачышчае арганізацыі грамадзянскай супольнасці, дабрачынныя арганізацыі, палітычныя партыі. Аб’ектам палітыкі разбурэння сталі і нацыянальныя ўстановы.

— Працэс знішчэння пачынаецца зверху. За апошнія гады на розных падставах было зменена кіраўніцтва большасці ўстаноў краіны са статусам «нацыянальны».

Змянілася кіраўніцтва такіх важных для беларускай культуры арганізацый, як Нацыянальны гістарычны музей, Нацыянальны мастацкі музей, Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж», Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя Жыновіча, Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Цітовіча, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы і інш.

Застаўся хіба што генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага, які ў грамадстве ведаюць як «рускі тэатр», кіраўнік якога пайшоў на супрацу з рэжымам, — пералічыў Латушка.

На канкрэтных прыкладах ён тлумачыць, з якой мэтай улады мяняюць кіраўніцтва ўстаноў культуры.

— Праз змену кіраўніцтва летась прайшла і Нацыянальная бібліятэка. Варта разумець важнасць гэтай установы. Нацыянальная бібліятэка — не толькі пляцоўка для аматараў літаратуры, але і месца, якое мае асаблівае значэнне для даследчыкаў і навукоўцаў, для захавання літаратурнай спадчыны краіны.

Гэта пацвярджае і аб'ём фондасховішча бібліятэкі, дзе змяшчаецца звыш 14 мільёнаў адзінак матэрыялаў, у тым ліку рэдкія творы беларускай культуры і літаратурнага мастацтва.

Гэтае месца ўзначаліў прадстаўнік «русского мира», прыхільнік заходне-рускіх поглядаў прапагандыст Вадзім Гігін. Яго прызначэнне на пасаду дырэктара бібліятэкі выклікала нават дыпламатычны скандал.

Міністэрства замежных спраў Ізраілю выказала незадаволенасць прызначэннем на такую пасаду чалавека, які агучваў антысеміцкія выказванні.

У якасці свайго любімага гістарычнага персанажа Гігін назваў чалавека, які меў непасрэднае дачыненне да знішчэння вызваленчага беларускага руху — генерала Мураўёва, які ў беларускай гістарыяграфіі атрымаў мянушку Мураўёў-вешальнік.

Заняўшы пасаду, Гігін працягнуў актыўна прасоўваць антыбеларускія погляды. Адна з першых воін прапагандыста была разгорнута супраць Уладзіміра Караткевіча.

Класік, які пісаў пра Беларусь яшчэ задоўга да прыходу Лукашэнкі да ўлады, усё роўна стаў сённяшнім ворагам рэжыму. Восенню 2023 года са школьнай праграмы выключылі «Каласы пад сярпом тваім». Пазней Гігін заявіў, што твор выключылі па яго ўласнай ініцыятыве.

Толькі ўдумайцеся: твор беларускага класіка выключылі са школьнай праграмы па ініцыятыве дырэктара галоўнай нацыянальнай беларускай бібліятэкі!

З 2020 года двойчы змянялася кіраўніцтва і ў Нацыянальным архіве Беларусі. У жніўні мінулага года яго ўзначаліў Міхаіл Глушакоў, які да гэтага доўгі час працаваў у КДБ.

Ужо праз дзень у архіве адбыліся масавыя затрыманні, якія закранулі не менш за сем супрацоўнікаў.

У гэтым шэрагу можна звярнуць увагу на антыбеларускую пераарыентацыю шматлікіх нацыянальных устаноў. Новапрызначанае кіраўніцтва Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы таксама пачало весці актыўную дзейнасць.

Цяпер беларускі тэатр, які больш за 100 гадоў ставіў спектаклі на нацыянальнай мове, русіфікуецца. У верасні на яго сцэне толькі адзін спектакль прагучаў па-беларуску і 15 на рускай мове, а трупа вольных купалаўцаў цяпер прызнаная «экстрэмістамі».

Сёння больш за 140 асобаў, звязаных з культурай, з’яўляюцца палітвязнямі і знаходзяцца ў турмах.

Прааналізаваўшы сітуацыю, Латушка прыходзіць да высновы, якая насцярожвае.

— Памятаеце, у пачатку 2022 года адбыўся зліў дакументаў, у якім сцвярджалася аб планах Расіі па паглынанні Беларусі да 2030 года? Сярод сярэднетэрміновых планаў там адзначалася павелічэнне палітычнага ўплыву на беларускія эліты, стварэнне прарасійскіх актараў.

Мы не можам сцвярджаць, быў гэта фэйк ці не, але ўсё, чым сёння займаецца Лукашэнка, адпавядае логіцы гэтага дакументу. Палітыка яго рэжыму па русіфікацыі, дэбеларусізацыі і разбурэнні нацыянальных устаноў таксама адпавядае гэтаму.

Грамадзянская і нацыянальная супольнасць знішчаецца, а на яе месца прыходзяць прарасійскія персанажы. Сёння ў Беларусі ствараюцца прарасійскія недзяржаўныя арганізацыі, мабілізуюцца прарасійскія актывісты.

Пошукі пагроз нацыянальнай бяспецы — любімае хобі дыктатара і яго спецслужбістаў. Але калі рэжым так любіць паўсюль шукаць пагрозу нацыянальнай бяспекі, то можа варта пашукаць яе ўнутры сістэмы? — звяртае ўвагу палітык.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(17)