Филин

Сяргей Васілеўскі

Казакевіч: Рана ці позна абсалютная большасць прадпрымальнікаў альбо перастане гандляваць, альбо звернецца да шэрых схемаў

Палітолаг Андрэй Казакевіч — пра прычыны і магчымыя наступствы пратэсту дробных гандляроў.

Баранавіцкі рынак, 27 кастрычніка 2022 года. Фота Іntex-press

27 кастрычніка ў Баранавічах па ўсім горадзе не адчыніліся гандлёвыя кропкі індывідуальных прадпрымальнікаў. Мясцовыя выданні, як дзяржаўныя, так і незалежныя, публікуюць фота зачыненых ралетаў на мясцовым рынку. Па словах прадпрымальнікаў, яны гатовыя прыпыніць працу да з’яўлення дакладнага тлумачэння новых правіл цэнаўтварэння.

Як паведамляе Антон Матолька, у гэты ж дзень крамы ІП і гандлёвыя павільёны не працавалі ў іншых гарадах. Паводле папярэдняй інфармацыі, акрамя Баранавічаў, гаворка ідзе пра Брэст, Віцебск, Гомель, Гродна, Кобрын, Ліду, Дзяржынск, Маладзечна, Мінск, Пінск і Смаргонь.

Нагадаем, што ў пачатку кастрычніка Аляксандр Лукашэнка падчас нарады з эканамічным блокам Саўміна загадаў забараніць рост цэн. У наступныя дні па краіне пракаціліся рэйды праверак, у шэрагу выпадкаў яны скончыліся крымінальнымі справамі.

Пратэст прадпрымальнікаў і магчымую рэакцыю ўладаў Филин абмеркаваў з палітолагам, дырэктарам інстытута «Палітычная сфера» Андрэем Казакевічам.

Андрэй Казакевіч

— Думаю, мы не можам казаць, што гэта менавіта страйк, які мае патрабаванні, арганізаваны характар. Наколькі я бачу, некаторыя прадпрымальнікі вырашылі спыніць сваю працу.

Яны могуць працаваць, могуць не працаваць, для іх гэта нейкім чынам не рэгламентуецца. Усе выдаткі за гэта яны самі нясуць. Таму тут няма фармальнай падставы лічыць гэта страйкам.

Гэта сведчыць пра тое, што існуюць законы эканомікі, ёсць інтарэсы людзей, якіх немагчыма прымусіць працаваць са стратамі для сябе. Наколькі можна зразумець з каментароў прадпрымальнікаў, праблема менавіта ў гэтым. Фармаванне цэн залежыць ад многіх фактараў — ад вагання курсаў валют, лагістыкі. Часта не падвышаць цэны робіцца проста не выгадна. 

Рана ці позна абсалютная большасць прадпрымальнікаў альбо перастане гандляваць, альбо пачне выкарыстоўваць нейкія шэрыя схемы, каб абыходзіць гэты закон.

У дадзеным выпадку ўлады нічога не могуць зрабіць, бо тут закранутыя ўласныя інтарэсы людзей. Акрамя гэтага, ёсць жа таксама небяспека крымінальнага пераследу. І калі правілы ў гэтай сферы не зразумелыя, гэта стварае дадатковыя рызыкі для прадпрымальнікаў.

Тым больш што для многіх з іх цяпер далёка не самыя прыбытковыя часы. Таму застаецца яшчэ менш стымулаў рызыкаваць.

— Як улады могуць адрэагаваць на сённяшнюю карцінку зачыненых крам? Улічваючы тое, што да прадпрымальнікаў і ў лепшыя часы стаўленне было, як да канкурэнтаў.

— Тут могуць быць два сцэнарыі. Альбо будуць спрабаваць ціснуць на прадпрымальнікаў. Альбо ўсё ж паспрабуюць адматаць сітуацыю назад, захаваўшы, натуральна, пры гэтым твар.

Маўляў, мы з самага пачатку так і планавалі зрабіць. Зрабіць правілы цэнаўтварэння больш празрыстымі, скараціць спіс тавараў, цэны на якія падлягаюць рэгуляванню і г.д. 

Гэта, калі мы кажам пра бягучы момант. Але стратэгічна, як мне падаецца, усё адно давядзецца ісці ў адпаведнасці з тым, што патрабуе эканоміка.

І так ці інакш усе гэтыя патрабаванні ў сферы цэнаўтварэння, прынамсі для індывідуальных прадпрымальнікаў, давядзецца ці адмяняць, ці заплюшчваць на іх вочы.

У любым выпадку, людзі не будуць працаваць са стратамі для сябе. Уладам давядзецца з гэтым змірыцца і паспрабаваць вярнуцца да ранейшых правіл.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.5(6)