Вольскі і Стыльскі – пра пазіцыю рускіх рокераў: «Музыка многіх стала атручанай»

Беларускія рок-музыкі — пра падтрымку роднай культуры, «чорныя спісы» і пляму да канца кар’еры.

Легенды беларускага року Лявон Вольскі і Юры Стыльскі распавялі пра сумесную выставу ў Варшаве, пра тое, як у Беларусі працавалі «чорныя спісы», і чаму рускі рок падтрымаў вайну.

— У музеі вольнай Беларусі ў Варшаве нядаўна адкрылася і цяпер працягвае працу нашая з Юрам выстава, — распавёў  Вольскі ў падкасце ДаКолі. — Да 7 верасня можна зайсці, паглядзець-ацаніць нашыя мастацкія вартасці, а калі спадабаецца, то нешта і набыць.

Гэта наш першы досвед, але, як мне падаецца, усё атрымалася няблага. Быў аўкцыён, і нашыя дзве карціны за някепскі кошт, я лічу, набылі — і частку сродкаў мы, як абяцалі, перадамо Вольным Купалаўцам на рэалізацыю іх праектаў.

Бо культура безумоўна патрыбуе падтрымкі.

У Беларусі паводле грошай, якія вылучаюцца дзяржавай, культура безумоўна стаіць на апошнім месцы. На першых – вайсковыя рэчы, эканоміка, спорт. А культура целяпаецца недзе напрыканцы: «Дажынкі» і «Славянскі базар» – і ўсё, хопіць.

Музыканты адзначаюць, што дзяржпадтрымка была б не вельмі істотнай для разнастайных культурніцкіх праектаў, калі б іх аўтарам і выканаўцам улады хаця б не перашкаджалі.

— На радзіме — добра, каб проста не падтрымлівалі, а яны ж пастаянна лезлі са сваімі «чорнымі спісамі». Цэлыя дзесяцігоддзі прайшлі пад забаронамі, і гэта сумнавата было, — гаворыць Лявон Вольскі.

— Мы з Лявонам можам выказвацца, таму робім гэта, — дадае Юры Стыльскі. — Бо калі б мы зараз сядзелі недзе ў вязніцы, мо, Лявон мог бы нешта пісаць паміж радкоў у кніжцы, я б мог рабіць тое самае, але гэта было б у закрытай прасторы. А ў Беларусі цяпер усе пад прыцэлам, па сутнасці, палонныя. Там выпаленае поле.

— Рабіць штосьці насуперак забаронам было нават цікава, пагуляцца з гэтай уладай, пакуль яна яшчэ не настолькі праяўляла сваю крыважэрнасць, — згадвае Вольскі, — але цяпер ужо зусім іншая гульня. Нават калі ты здымеш нейкі пансіянат і прыедзеш туды граць канцэрт, як гэта было з РСП, то можаш «загрымець» нармальна, як мінімум на суткі… Я быў забаронены 15 гадоў з рознай інтэнсіўнасцю, і пакуль была магчымасць, мы нешта спрабавалі абысці.

Але цяпер ужо зусім іншыя ўмовы. Усё зачынілася. Ёсць нават чорны спіс кавер-бэндаў, якія ці то засвяціліся на пратэстах, ці то гралі ў кагосьці не таго — у мяне, альбо ў Валодзі Пугача, ці то проста гралі не такую песню, як трэба. І ўсіх музыкаў вельмі дыхтоўна правяраюць.

У найгоршых выпадках, распавёў Юры Стыльскі, улады на раз-два могуць зачыніць клуб, які рызыкнуў бы правесці канцэрт «нелаяльнага» артыста. Нягледзячы на прададзеныя квіткі і любыя іншыя прычыны, фармальна можа прыйсці санэпідэмстанцыя, альбо МНС, электрыкі — і гэтая камісія выкатвае такі штраф, што на наступны раз можна папросту закрыць бізнес. І нават самыя ўпартыя фактычна «самі ўсё разумеюць».

У Беларусі большасць папулярных калектываў і выканаўцаў выказаліся супраць гвалту сілавікоў, падтрымалі пратэсты — і, адпаведна, агрэблі ад уладаў напоўніцу, «увайшлі ў велізарны чорны спіс». Затое, пагаджаюцца музыкі, шансам выплыць на паверхню скарысталіся людзі, якія наогул не маюць дачынення да культуры. І цяпер тыя ж чыноўнікі і праўладныя актывісты вымушаныя слухаць сясцёр Груздзевых.

Але чаму няма было такога адзінадушша ў асяродку расейскіх музыкаў, прынамсі рокераў, якія падтрымалі вайну?

— У мяне не атрымліваецца падзяляць творчасць і пазіцыю чалавека, — прызнаецца Юры Стыльскі. — І музыка многіх выканаўцаў і гуртоў проста стала атручанай. Мне вельмі крыўдна за «УмуТурман» — такі быў калектыў, такія песні. Калі «Любэ», Газманаў, там усё зразумела, то ад некаторых выканаўцаў такое расчараванне…

— У мяне, шчыра кажучы, таксама не атрымліваецца, — пагаджаецца Лявон Вольскі.

Я наогул не разумею: усе гэтыя «Арыі» і Бутусавы, яны ж выхаваныя на старой рок-н-рольнай традыцыі, як мінімум, на супрацьваенных песнях Джона Ленана, на Брусе Спрынгсціне, у якога ўсё спраць вайны, на масавых пратэстах 1960-х — той магутнай антываеннай плыні, якую ўсмактаў у сябе тагачасны рок-н-рол.

І цяпер яны кажуць, што за вайну? Значыць, мы з імі слухалі розныя песні ці па-рознаму іх успрымалі.

Хаця, здавалася б, можна проста прамаўчаць і не выказвацца. Не абавязкова ехаць граць для «наших ребят», можна ўстрымацца — ну патрапіш ты ў «чорны спіс», але ж гэта не назаўсёды. Але яны вырашылі так, і гэта ўжо на ўсё жыццё, пляма да канца кар’еры, ад якой ужо не адмыешся.

Я, на шчасце, ніколі не захапляўся расейскай музыкай сур’ёзна, не прапускаў яе праз сябе па-фанску. Таму ў мяне мала расчараванняў, каб быў мой кумір, а ўзяў ды паехаў граць для рускіх жаўнераў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(39)