У ЗША адшукалі ўнікальныя здымкі акупаванай Беларусі (фота)

Газета The New York Times апублікавала ў сваім фотаблогу гісторыю невядомага фотаальбома, у якім сярод іншых ёсць і ўнікальныя здымкі акупаванай Беларусі. Іх аўтар — нацысцкі фатограф Франц Крыгер, які ў 1941 годзе пабываў на акупаванай немцамі тэрыторыі Беларусі.

Гісторыя з’яўлення публікацыі мае ледзь не дэтэктыўны сюжэт. 72-гадовы верхавод моднай індустрыі з Манхэтану прынёс у рэдакцыю фотаальбом з больш як 200 здымкамі, многія з якіх зроблены невядомым фатографам на акупаваных тэрыторыях у 1941-годзе. На фотакартках — вязні канцлагераў і гета, жаўнеры вермахта і іх фюрэр Адольф Гітлер, руіны разбамбаваных гарадоў і партрэты самога фатографа.

Гэты альбом бізнэсовец узяў за пазыкі з чорнарабочага свайго знаёмага, які, у сваю чаргу, атрымаў яго ад нямецкага эмігранта.

Рэпарцёры газеты апыталі шырокае кола экспертаў і прыйшлі да высновы, што найверагодней аўтар фота служыў у Роце прапаганды Трэцяга рэйху. Аднак ягонае імя і акалічнасці жыцця заставаліся загадкай.

Апублікаваўшы вынікі расследавання, газета звярнулася да чытачоў з заклікам дапамагчы з раскрыццём загадкі. Паралельна расповед пра загадкавы альбом надрукавалі калегі з нямецкага выдання Spiegel Online. Чакаць прыйшлося нядоўга.

Літаральна праз некалькі гадзін на публікацыю адгукнулася аспірантка нямецкага Універсітэту Марціна Лютэра ў Гале і Вітэнбергу Хэрыет Шарнберг, якая паведаміла, што аўтар фота — Франц Крыгер.

У 2008 годзе свет пабачыла кніга доктара Петэра Крамля “Фатограф Франц Крыгер (1914-1993): Фотажурналістыка ў ценю нацысцкай прапаганды і вайны” (“The Salzburg Press Photographer Franz Krieger (1914-1993): Photojournalism in the Shadow of Nazi Propaganda and War”).

Франц Крыгер нарадзіўся ў аўстрыйскім Зальцбургу, вывучыўся, меў уласны бізнэс, але вельмі хацеў стаць фотакарэспандэнтам. У 1935-1937 годзе ён фатаграфаваў Зальцбургскі фэст і ягоных зорак на чале з Марлен Дзітрых. Пасля нямецкай анэксіі Аўстрыі Крыгер перайшоў на працу ў зальцбургую нацысцкую адміністрацыю. Вялікая частка важных фатаграфій з гісторыі горада у 1938-1941 гг. належыць менавіта яму.

Крыгер уступіў у Нацыянал-сацыялістычную нямецкую рабочую партыю і ў СС, але ў 1941 годзе перайшоў у Роту прапаганды, якая вяла “псіхалагічную вайну” супраць ворагаў Трэцяга рэйху.

Як распавёў The New York Times Петэр Крамль, у жніўні 1941 Франц Крыгер выправіўся ў вандроўку на Усходні фронт, якая і адлюстраваная ў згаданым альбоме: з Берліна праз Гданьск да Мінска. Па вяртанні назад на пачатку верасня 1941-га ён сфатаграфаў сустрэчу Гітлера з венгерскім кіраўніком Міклашам Хорці ў польскім Мальбарку.

У 1942-м лёс яшчэ раз закінуў фатографа ў СССР — ужо ў якасці шараговага салдата. Ён захварэў на жаўтуху і быў эвакуяваны яшчэ да пачатку Сталінградскай бітвы.

У лістападзе 1944 падчас бамбавання Зальцбурга амерыканскімі ВПС загінула жонка фатографа і двухгадовая дачка. За месяц да таго памёр ягоны сын-немаўля. Па вайне Франц Кругер вярнуўся да бізнэсу, адышоў ад фатаграфіі і дажыў да 1993 года. У муніцыпальным архіве Зальцбургу захоўваецца больш за 35 тысяч здымкаў ягонага аўтарства.

Сам Франц Крыгер

Мінск. Нямецкія могілкі перад будынкам Акадэміі навук

Мінск. Оперны тэатр

Мінск. Плошча Свабоды

На мінскіх руінах

Мінск. Удалечыні – касцёл Панны Марыі

Разбураны цэнтр Мінску

Мінск. Лагер ваеннапалонных. Гэтых людзей чакае смерць

Савецкі ваеннапалонны-габрэй

Савецкі ваеннапалонны ў Мінску

Нямецкія жаўнеры

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)