Коронавирус

Яна Сакалова

«У Польшчы ніхто з адказных палітыкаў не можа сабе дазволіць кавід- дысідэнцкай рыторыкі»

Беларус, які некалькі год працуе сямейным лекарам у польскіх клініках, распавёў пра антыкавідныя абмежаванні і чаму некаторыя пацыенты адмаўляюцца здаваць бясплатны ПЛР-тэст.

Міхаіл Стома, фота з асабістага архіву

— На сённяшні дзень у Польшчы няма нейкіх істотных абмежаванняў, звязаных з каранавірусам, — кажа «Салiдарнасцi» Міхаіл Стома. — Тлумачаць гэта тым, што больш за палову грамадзян прышчапіліся. Хіба што калі хваля будзе развівацца некантралявана, тады ўвядуць абмежаванні

З дзеючых абмежаванняў можна толькі сказаць аб дыстанцыі, дэзынфекцыі і масках. З кантролем усяго гэтага па-рознаму. Летам амаль ніхто гэта не правяраў. Зараз і паліцыя, і людзі зрабіліся больш адказнымі. Штраф за адсутнасць маскі ў закрытым памяшканні складае 500 злотых (125 даляраў у эквіваленце).

Што тычыцца працы дзяржустаноў, усё што можна зрабіць праз інтэрнэт,  робіцца дыстанцыйна. Калі патрэбная асабістая камунікацыя, няма праблемы.

Дзеці ходзяць у школы і садкі. Раз на нейкі час класы, дзе захварэў вучань, адпраўляюць на дыстанцыйнную адукацыю

Кавярні працуюць для ўсіх, незалежна ад таго, ці зрабіў ты прышчэпку. Імпрэзы і спартовыя мерапрыемствы праходзяць. Не чуў аб нейкіх абмежаваннях.

Паводле Міхаіла Стомы, зараз, у чацвёртую хвалю пандэміі, у Польшчы шмат хворых, але пакуль ложкаў у шпіталях хапае:

— Таксама нямала прышчэпленных асоб, якія як і хварэюць, то не займаюць шпітальных ложкаў.

Як сямейны лекар Міхаіл накіроўвае ў шпіталь, калі пацыент мае сімптомы запалення лёгкіх, задышку і сатурацыю менш за 94%

— Праблема толькі ў тым, што не кожны пацыент хоча ісці на бясплатны ПЛР-тэст. Прычыны розныя. Хтосьці не хоча сядзець на карантыне, нехта не верыць у кавід і не хоча прышчапляцца. Цяжка пацыента пераканаць. Часта здараюцца на гэтым фоне канфлікты і сваркі.

Параўноўваючы паводзіны людзей падчас папярэдніх хваляў каранавірусу з цяперашняй, лекар мяркуе, што сёння яны менш баяцца, а калі захварэюць, пазней звяртаюцца па дапамогу.

У адрозненне ад беларускіх паліклінік, у Польшчы да лекара пацыентам з падазрэннем на кавід не трэба стаяць у чарзе.

— У нас кавід-пацыенты з большага лечацца дыстанцыйна, — тлумачыць Міхаіл. — Лекар размаўляе з імі па тэлефоне і выпісвае электронныя рэцэпты і накіраванне на тэст (праз смс з месцам, дзе зрабіць, і пазначаным часам). Калі пацыент пачуваецца горш альбо тады, калі я бачу сэнс, па тэлефоне дамаўляемся на канкрэтную гадзіну, каб не заражаць пацыентаў без сімптомаў інфекцыі.

У той самы час, адзначае лекар, ён бачыць праблему ў тых пацыентах, якія падазраюць каранавірус і прыходзяць на прыём, хоць маглі камунікаваць па тэлефоне.

Сатурацыю пацыенты мераюць дома, набыць добры пульсаксіметр можа кожны за 100 злотых (25 даляраў у эквіваленце). У некаторых смарт-гадзінніках ёсць такая функцыя, маладзейшыя пацыенты ёй карыстаюцца.

— Днямі Міністэрства аховы здароўя прыслала ў клінікі антыгенавыя тэсты, якія дазваляюць выявіць каранавірус праз 15 хвілін. Калі тэст пазітыўны, я ўводжу вынік у сістэму, і пацыент ідзе на ізаляцыю. Калі вынік будзе няпэўны — накіроўваю на ПЛР. Усе хуткія маюць антыгенавыя тэсты, што паспяшае дыягностыку, бо такога пацыента адразу вязуць у кавіднае аддзяленне.

Міхаіл кажа, што польскія ўлады хочуць увясці мажлівасць для працадаўцы праверыць, ці прышчапіўся яго супрацоўнік.

— Гаворка пра тое, што непрышчэпленага могуць накіраваць на месца з меншым заробкам альбо ўвогуле звольніць, калі гэта медсястра ці лекар. На мой погляд, непрышчэпленаму лекару не месца ў гэтай прафесіі.

Даплаты за працу з кавіднымі пацыентамі ў Польшчы атрымліваюць толькі тыя, хто працуе ў адмысловых аддзяленнях. Міхаіл лічыць, што тут ёсць пэўная дыскрымінацыя.

— Я як лекар семейны даведваюся аб статусе пацента толькі наступным днём. Ужо не кажучы пра тых пацыентаў, якія пагадзіліся рабіць ПЛР-тэст. І атрымліваецца, што я кавід не лячу. Але тут медыкі добра зарабляюць, таму я не абураюся занадта.

Міхаіл кажа, што яму цяжка ацаніць антыкавідныя меры ў Беларусі, бо не быў на радзіме паўтара года.

— Але назіраючы за навінамі, адзначу, што ў Польшчы ніхто з адказных палітыкаў, і тым больш прэзідэнт, не можа сабе дазволіць такой кавід-дысідэнцкай рыторыкі. Гэта абурыла б грамадства. На наступных выбарах такі палітык мог бы страціць сваіх выбаршчыкаў.

Бо дбанне аб здароў’і грамадзян — гэта прыярытэт для кожнай адэкватнай улады. У гэтым і ёсць галоўнае адрозненне Польшчы і Беларусі. Усе стаміліся ад пандэміі і кавіду, але ніхто не дазваляе забіваць сваіх грамадзян і шануе іх правы. Таму і грамадзяне часцей, чым у Беларусі вакцынуюцца. Тут больш даверу паміж грамадствам і ўладай. Хоць, канешне, шмат праблемаў і ў Польшчы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4(15)