Талерчык: «Сёння рэжым проста выкаціць танк, БМП ці БТР. Бо ідзе вайна»

Сузаснавальнік аб’яднання былых сілавікоў — пра нацыянальны складнік барацьбы за дэмакратычную Беларусь.

Сілавікі працягваюць затрымліваць людзей за рэгістрацыю ў фэйкавым чат-боце плану «Перамога», аб чым прымушаюць расказваць беларусаў у прыніжальных відэа. Акрамя таго, ГУБАЗіК вінаваціць у «зліве» звестак некаторых былых супрацоўнікаў МУС.

Ці значыць гэта, што план дзіравы і небяспечны, альбо гэта частка кампаніі па дыскрэдытацыі супраціву, — незразумела. Дый ці актуальная на сёння сама ідэя?

Экс-супрацоўнік Генпракуратуры Беларусі, адзін з сузаснавальнкаў аб’яднання BYPOL Алег Талерчык на канале Жизнь-малина расказаў, што думае пра план «Перамога» :

— Я сыходзіў з BYPOL  не таму, што былі дрэнныя стасункі персанальна з Азаравым. Зыходзіў таму, што не бачыў выніку, да чаго мы ідзем. Той план «Перамога», які мы запускалі ў маі 2021 года, якім ён быў напачатку і якая было яго ідэя, — я быў у яго паглыблены, заклікаў людзей уступаць, далучацца да яго.

Але пасля пачатку вайны, на маю думку, гэты план немагчыма рэалізаваць. Прынамсі ў тым выглядзе, якім ён задумваўся.

Бо асноўная наша пазіцыя была, што пасля падзей 2020 года нават тыя сілавікі, якія ўчынілі гвалт да людзей, рабілі гэта ў стрэсе: адзін паказаў прыклад (думаю, былі там расейцы, якія паказвалі гэты прыклад), а астатнія, як статак, паўтарылі. А потым прыйшло асэнсаванне, што здарылася і як мы страчваем краіну.

Я працаваў у Генпракуратуры, і там, як і ў міліцыі, ёсць людзі, якія шчыра думаюць аб Беларусі як незалежнай, суверэннай дзяржаве. Таму было меркаванне, што зноў паўтарыць гэты гвалт — бяздумна, не асэнсоўваючы, што ты робіш, — складана, калі не немагчыма.

І гэты момант можна выкарыстаць, калі прыходзяць у нейкую кропку шмат людзей і ведаюць, што ім рабіць, не проста паказваць сардэчкі і крычаць лозунгі, але рабіць справу.

І ўжо здзяйсняць гвалт у дачыненні да іх, калі ты асэнсаваў, што атрымалася, зразумеў, да чаго пасля 2020 года скацілася гэтая краіна, — гэта складана.

Але потым пачалася вайна ва Украіне.

Калі гінуць людзі, калі бамбяць гарады, забіваюць мірнае насельніцтва — для мяне відавочна, што сёння рэжым проста выкаціць танк, БМП ці БТР, з крупнакалібернага кулямёту ці з пушкі будзе расстраляная любая колькасць людзей. Бо ідзе вайна.

З гэтай прычыны, зазначыў Талерчык, ён не лічыў сябе ў праве заклікаць людзей далучацца да плану «Перамога» ў ягоным ранейшым выглядзе. Дый расследаванні, якія публікавала аб’яднанне сілавікоў, выкрываючы сутнасць рэжыму, выклікала ў яго пытанні: а што далей, «як мы вызвалім Беларусь»?

— У гэтым сэнсе я прыйшоў у тупік: на што мы працуем? І пакуль з яго не выйшаў.

Гэтыя месяцы была надзея на ўкраінскі контрнаступ. Ён ідзе паспяхова, хоць, быць можа, не так, як мы ўяўлялі. Але калі Украіна вырашыць свае пытанні, яна вызваліць свае тэрыторыі — ці будзе яна вызваляць Беларусь?

Калі ў кіраўнікоў заходніх дзяржаў не будзе стаяць задача знішчыць рэжым Лукашэнкі (і тады яны могуць выкарыстаць як проксі каліноўцаў, ці тых беларусаў, якія знаходзяцца ў Польшчы ці ў Літве), то я не бачу, як мы можам змяніць штосьці ў Беларусі.

Але ўсё ж ёсць 2020 год, калі таксама ніхто не думаў, што так усё памяняецца. Таму ў мяне ёсць надзея, што зноў адбудзецца штосьці непрадбачанае.

Аднак, калі ў вызвольным руху не будзе прыстаўкі «нацыянальны», то стаўленне, маўляў, галоўнае — скінуць Лукашэнку, гэта, на мой погляд, некампетэнтныя развагі.

Трэба, каб у беларусаў была свая дзяржава. А дзяржава — гэта не пракуратура, не ўрад, не прэзідэнт і не парламент. Дзяржава — гэта мой дом, мая тэрыторыя, мая зямля, дзе я, як беларус, магу быць абраны кімсьці, магу не абірацца, магу прыязджаць у любы час і жыць, дзе я хачу. Гэта тая тэрыторыя, дзе беларус мусіць быць абаронены.

Лукашэнка — гэта не Беларусь. Ён сыдзе, а Беларусь павінна застацца. Аднак сёння такая сітуацыя, калі расейская пачвара нас зноў паглынае, і мы страчваем сваю зямлю, мы не гаспадары на ёй, мы не можам як беларусы вярнуцца да могілак сваіх дзядоў. Вызваліць, вярнуць сваю краіну мы можам толькі праз нацыянальны рух.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(46)