Политика

Юлія Кот

Слюнькін: «Хочацца, каб людзі, якія крытыкуюць падыходы ЕС і ЗША адносна Лукашэнкі, прапанавалі іншы варыянт»

Аналітык — пра патавую для міжнароднай супольнасці сітуацыю ў стасунках з рэжымам Лукашэнкі.

На форуме грамадзянскіх сіл «Яднайся», што прайшоў у Польшчы, Святлана Ціханоўская заявіла, што міжнародныя арганізацыі аказаліся «імпатэнтнымі ў пытанні дапамогі палітзняволеным».

У прыватнасці, палітык раскрытыкавала камітэт Чырвонага Крыжа, які не здолеў дапамагчы нават тым беларускім вязням, хто мае цяжкія захворванні і трапіў у гуманітарны спіс.

Адзінай дзейснай стратэгіяй, на думку Ціханоўскай, застаецца ціск на афіцыйны Мінск і дапамога палітвязням, бо інстытуцыянальная падтрымка недастатковая.

— Ці сапраўды бездапаможнымі аказаліся міжнародныя арганізацыі? Калі мы бачым, колькі палітвязняў сёння ёсць у Беларусі і колькі іх было ў 2020 годзе — дынаміка ідзе да таго, што іх становіцца ўсё больш і больш, — зазначае ў экспрэс-каментарыі «Салідарнасці» былы дыпламат, аналітык Еўрапейскай рады па міжнародных адносінах Павел Слюнькін.

— Не раз гучалі заклікі да Чырвонага крыжа ці іншых міжнародных арганізацый на ўзроўні ААН, камісараў па правах чалавека, каб далучыліся да сітуацыі нейкія структуры, якія займаюцца медыяцыяй канфліктаў і гуманітарнымі пытаннямі. Але ці паказалі яны нейкі вынік? Відавочна, што не.

Таму ацэнка мне падаецца справядлівай. Але трэба ўлічваць, што немагчыма міжнародным арганізацыям даваць гэты вынік, калі краіна, якая ўтрымлівае гэтых закладнікаў, не хоча ісці ні на якія саступкі і мэтанакіравана трымае людзей за кратамі.

І прычына палягае не ў тым, што міжнародныя арганізацыі бездапаможныя — а ў тым, што немагчыма размаўляць пра нешта, калі з іншага боку глухая сцяна, табе не даюць ніякага доступу, ігнаруюць міжнародныя нормы і законы, нават тыя, пад якімі самі ж падпісаліся.

У такім разе, мяркуе аналітык, можна вінаваціць і ўсіх астатніх, гаворачы пра імпатэнтнасць беларускага грамадства, якое не можа само сябе абараніць, суседніх краін і нават глабальных дзяржаў:

— То бок, міжнародная супольнасць таксама паказала бездапаможнасць перад гэтым кейсам. Як мы бачым, перад выклікамі, якія беларускі рэжым кінуў ёй (і яшчэ вялікае пытанне, ці ёсць фокус зацікаўленасці ў тым, каб вырашыць пытанне вызвалення беларускіх палітвязняў), па выніку бездапаможнымі так ці інакш аказаліся ўсе.

Акрамя, быць можа, асобных краінаў, якія вызвалілі сваіх грамадзян з-за кратаў, як было гэта са спадаром Шкляравым, з Наталляй Хершэ, з некаторымі грамадзянамі Польшчы — гэтыя краіны пайшлі на нейкія перамовы і дамагліся, каб хаця аднаго чалавека выпусцілі.

На гэтым тле, зазначае Павел Слюнькін, пытанне ўзмацнення ці адмены ціску на рэжым выглядае штучным. Бо ўсемагчымыя санкцыі накладзеныя на беларускі рэжым не толькі і не столькі за палітвязняў, за парушэнне правоў чалавека ўнутры краіны, колькі за парушэнні міжнароднага права і пагрозы міжнароднай бяспецы — прымусовую пасадку самалёта Ryanair, міграцыйны крызіс, саўдзел у расейскай агрэсіі.

— Няма ніводнай прыкметы, якая паказвала б, што беларускія ўлады збіраюцца змяніць падобныя паводзіны, — зазначае аналітык. — І калі ставіць пытанне так: маўляў, ціск не спрацаваў, таму трэба ад яго адмовіцца — то не зразумела, якія іншыя захады рабіць, і ці дасць нам адмена санкцый гарантыю, што беларускі рэжым пачне дзейнічаць інакш.

Для мяне адказ невідавочны. Для чаго Лукашэнку нешта змяняць, калі ён і пад ціскам гэтага не робіць? Чаму ён павінен выпускаць людзей, якіх хоча трымаць за кратамі? Чаму павінен адмяжоўвацца ад вайны?

Да таго ж, сённяшні ціск на рэжым — гэта частка пакарання за ўжо створаныя пагрозы і здзейсненыя злачынствы. Ці можна гэта неяк «адматаць»? На мой погляд, не. Прынамсі пакуль не будзе кампенсацыі нанесенай шкоды і крокаў па выпраўленні сітуацыі, каб была матывацыя зменшыць ці ўвогуле зняць санкцыі.

Такім чынам, ціск на рэжым — ледзьве не адзіны інструмент, якім міжнародная супольнасць можа рэагаваць на тое, што адбываецца ў Беларусі. І яна гэта робіць.

Называць гэта ўздзеянне безвыніковым не выпадае, кажа аналітык. Санкцыі дакладна зрабілі балюча беларускай эканоміцы, а Лукашэнка зрабіў яе цалкам залежнай ад Расіі — хаця гэтая залежнасць для ўладаў, безумоўна, непрыемная. А вось палітычных зменаў не адбылося, бо гэта частка стратэгіі Лукашэнкі: ён паслядоўна дэманструе сваю «нязломнасць».

— Але гэта не значыць, што ціск трэба спыніць, — падкрэслівае аналітык. — Інакш што мусяць рабіць заходнія краіны — прапанаваць Аляксандру Лукашэнку грошы, прасіць перастаць яго парушаць міжнароднае права?

Хочацца, каб людзі, якія крытыкуюць падыходы ЕС і ЗША, прапанавалі іншы варыянт: на якія саступкі мусяць пайсці гэтыя краіны, якія беларускі рэжым шантажуе сваімі дзеяннямі — і будзе працягваць, бо можа гэта рабіць?

Таму тут сітуацыя і захрасла. Лукашэнка не хоча ні ў чым саступаць, нічога змяняць. А  заходнія краіны караюць яго за тое, што ён робіць, ціснуць да той меры, пакуль могуць знайсці кампраміс па агульнай стратэгіі, — і чакаюць, калі яго паводзіны зменяцца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(26)