Псіхолаг: «Псіхічныя станы палітзняволеных будуць вывозіць не псіхолагі, а іх родныя»

Адна з заснавальніц арганізацыі «Лекары за праўду і справядлівасць» Вольга Вялічка — пра цяжкасці, з якімі сутыкаюцца родныя палітзняволеных.

— Нас можна падзяліць на некалькі груп: палітзняволеныя, якія праходзяць праз турэмны досвед, і больш вялікая група — гэта родныя палітзняволеных, якія таксама сутыкаюцца з турэмнай тэмай. Стрэс, які праходзяць яны, з‘яўляецца іншым — больш зацяжным, — кажа псіхолаг у інтэрв’ю Белсат. — І ён вядзе да траўмаў, неўрозу.

Вольга Вялічка. Фота: скрышот з відэа Белсат/YouTube

Псіхолаг вылучае некалькі этапаў, праз якія праходзяць родныя палітычных зняволеных у Беларусі.

— Першы этап — калі чалавека забіраюць у ІВС. Гэта вялікі стрэс, пікавая  кропка, дзе людзі ў шоку і не разумеюць, што рабіць. Людзі наймаюць адваката, носяць перадачы. Гэта гісторыя пра надзею. Надзея забівае.

Потым праходзяць суткі. Калі родны чалавек выходзіць, яго родныя выдыхаюць. Калі ўзбуджаецца крымінальная справа, чалавека пераводзяць у СІЗА, пачынаецца іншы этап: чалавек разумее, што гэта будзе доўжыцца даўжэй.

Насіць перадачы становіцца сістэмным, і людзі разумеюць рэчы, да якіх жыццё іх не рыхтавала. Пачынаюцца тонкія рэчы, што можна, а што нельга. Увесь этап СІЗА родныя жывуць з надзеяй.

Калі я працавала ў хоспісе, бацькі дзяцей, якія паміралі, казалі: «Я розумам усё разумею, сэрцам не прыму ніколі». Таксама псіхіка працуе і тут.

Наступным складаным момантам з‘яўляецца этап, дзе чалавек рыхтуецца да суда. Тут працуе гэты сардэчны момант: ён нічога не зрабіў, яны разбяруцца, яго адпусцяць. Чалавек мабілізуецца, рыхтуецца, што пабачыць роднага.

Апошняя надзея на справядлівасць — гэта апеляцыя. Потым складаным момантам з‘яўляецца падрыхтоўка да этапу. Гэта вельмі складана для палітвязня, але і складана для родных, бо, бывае, яны нават не ведаюць, што адбыўся этап, не ведаюць, куды павезлі, не спяць. У гэты момант людзі заходзяць на вялікі фізічны паказальнік стрэсу.

Калі даведваюцца, куды этапіравалі, пачынаецца: «Дзякуй богу не Наваполацк».

І яшчэ адзін этап — гэта вызваленне. Вольга Вялічка прыводзіць прыклады, што жонкі палітвязняў недзе за тры месяца пачынаюць задаваць сябе пытанні: я прывыкла жыць так, арганізавала прастору, якім вернецца мой муж? 

— Калі чалавек да турмы быў аб‘юзарам, то пасля гэта будзе павялічвацца. І гэта ўсё кладзецца на плечы родных палітвязняў. Гэта тэма, пра якую мы мала гаворым і, магчыма, яшчэ не час пра гэта гаварыць.

Таксама па словах псіхолага, большасць палітзняволеных, якія вызваляюцца, не звяртаюцца за псіхалагічнай дапамогай, адпаведныя лічбы ёсць у анкетаванні арганізацыі.

— Але большасць родных палітвязняў звяртаюцца. Гэта гаворыць пра тое, што псіхічныя станы палітзняволеных будуць вывозіць не псіхолагі, а іх родныя.

Культура звяртання да псіхолагаў у нас яшчэ фармулюецца, мы робім першыя крокі.

Але я лічу, што трэба звяртацца да псіхолагаў. Гэта людзі, якія разумеюць, што з гэтым рабіць. І трэба выпрацоўваць план тэрапіі, сыходзячы з асабістай гісторыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4(6)