Коктейль
Аліна Таранік

Парад жоўтага колеру (фота)

У мінулую нядзелю ў Сілічах адбыўся першы ў Беларусі «Пуз-парад». У імпрэзе прынялі ўдзел амаль паўсотні будучых мам. І хоць удзельнічаць, напэўна, было цікавей, чым глядзець, усмешкі кабет, якія чакаюць дзіця, а таксама жоўты колер іх гардэробу не пакідалі абыякавымі.

Праўда, не ўсе жадаючыя здолелі трапіць на парад: некаторыя кабеты ўжо паспелі нарадзіць, іншыя адмаўляліся проста са шпіталя. Афіцыйны колер «Пуз-парада» – жоўты. «Таму што пазітыўны і летні», – кажуць арганізатары. Ідэя неблагая: кожная з удзельніц мела на сабе нешта жоўтае: шалік, цішотку, сукенку, нагавіцы – і глядзеліся ўсе вельмі яскрава.

Жанчыны даведаліся пра парад па-рознаму: некаторыя вырашылі ўзяць удзел, знайшоўшы аб’яву ў газеце, іншых угаварылі бацькі, а адна з гэтых сонечных жанчын падзялілася, што муж зрабіў сюрпрыз, папярэдзіўшы толькі, што ей «могуць патэлефанаваць».

Аўтар і кіраўнік праекта Prazdnik.by Алеся Какошнікава распавяла, што ідэя такога свята нарадзілася яшчэ ўвесну. Сама жанчына таксама чакае дзіця, а таму з легкасцю ўявіла, як мусіць выглядаць «Пуз-парад». Акрамя таго, у наступным годзе яна плануе арганізаваць «Пупс-парад», гэткае сямейнае свята, удзельнікамі якога стануць дзеткі да 9 год.

Парад у пэўнай ступені апынуўся выпрабаваннем для будучых мам: кожная з іх павінна была ўзяць удзел у адным з конкурсаў, а ў якім менавіта даведаліся толькі перад пачаткам імпрэзы. Аднак, на дапамогу кабетам прыходзіла іх група падтрымкі – мужы ды родныя.

Самай відовішчнай падзеяй, напэўна, стаўся «Пуз-арт», калі ўдзельніцы разам са сваякамі паспаборнічалі ў конкурсе на самым канцэптуальны малюнак на жываце.

Напрыканцы імпрэзы ўдзельніцы разам з сем’ямі пасадзілі па дрэўку, завязаўшы на ім блакітную ці ружовую стужку – у залежнасці, каго чакаюць – дзяўчынку ці хлопчыка. Некаторыя на будучыню завязвалі па некалькі стужак абодвух колераў. Паводле задумы арганізатараў, такая алея будзе расці разам з малымі, а кожная сям’я можа прыехаць ды наведаць клён-равеснік дзіцяці.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)