Памёр выбітны беларускі фатограф Анатоль Кляшчук

Майстар памёр на 66-м годзе жыцця. Апошнія гады ён змагаўся з анкалагічнай хваробай.

Анатоль Кляшчук, фота Дзянiс Раманюк

Кляшчук нарадзіўся ў вёсцы Вынісцы на Случчыне, сям’я жыла на ўскраіне Слуцка. «Менавіта вёска была маей стыхіяй. Усё жыццё вёска вабіць, — успамінаў фатограф у інтэрв’ю znyata.com.

Анатоль Кляшчук скончыў журфак БДУ, з 1985-га працаваў фотакарэспандэнтам (з 1993-га — у «Звязде»). Ягоныя працы выстаўляліся ў Беларусі і за мяжой.

Проста так нельга здымаць iнвалiдаў, бамжоў, iншыя сацыяльныя тэмы. Трэба нешта гаварыць, даносіць, адкрываць. А каб пачулi, трэба знайсцi зразумелую мову, як гэта сказаць.

І каб гэта не выглядала спекулятыўна. Мне ж гаварылi ўсялякае, кшталту, што я на гэтым падняўся… А я ўсё жыцце хацеў здымаць простых людзей. Людзей у бядзе.

Анатоль Кляшчук

Развітанне з Анатолем Клешчуком адбудзецца ў Мінску 6 верасня з 10 па 12 гадзіну па адрасе: вуліца Сямашкі 8, корпус 8, у вялікай зале.

Пра гэта паведамілі родныя фатографа.

Андрэй Дынько:

— У Анатоля Клешчука душэўная рыса была: чалавек умеў на розных рэгістрах трасянкі гаварыць. З вясковай настаўніцай ён адной трасянкай размаўляў, з трактарыстам — іншай.

Быў вялікі і лавелас, і жыццялюб. Ëн і для Нівы трохі здымаў, і я з ім паездзіў па Беларусі трохі. Ад яго навучыўся лайфхаку: «Андрэй, я заўсёды важу з сабой плед. Таму што калі холадна спаць, трэба лішняя гадзіна, каб выспацца».

У каляровай фатаграфіі ён ніколі не дасягнуў таго нерва, таго кадра, які ён рабіў на ч-б яшчэ нялічбавымі камерамі. Яго моцныя кадры — звяздоўскія 1980-х і 1990-х, ён быў чалавекам таго адраджэння. Для Нівы ён аддаў сотні сваіх ч-б класічных кадраў, мы іх доўга ставілі, яны былі нестарэючыя.

І хапіла яму мужнасці зняць анкалагічна хворых дзяцей Чарнобыля — тая выстава свет аб’ехала пасля.

І гэта быў чалавек, які выдатна ведаў нацыянальную культуру, асабіста быў знаёмы з усімі значнымі постацямі, ведаў тонкасці натуры іх.

Тут на ягоных фотах: рабочы; Масей Сяднёў і Янка Брыль; дзіця Чарнобыля; і, хто ведае, ці не сваяк Лукашэнкі яму трапіўся на дарозе з батонам, надта ж падобны.

Вечная памяць сапраўднаму мастаку.

Cвятлана Курс:

— Шчасьце, што Анатоль Кляшчук у нас быў і будзе. Лёгкіх нябёсаў.

Васіль Дранько-Майсюк:

— Трагічная навіна: памёр Анатоль Кляшчук.

Ён адзін з лепшых беларускіх фатографаў, а таксама таленавіты публіцыст.

Выдатна працаваў у чорна-белай і каляровай фатаграфіі. Быў вялікім майстрам рэпартажнай здымкі і тонкіх пейзажных замалёвак, асабліва любіў фатагрфаваць беларускія мястэчкі.

Адна з яго любімых тэмаў — саматужныя творцы: вясковыя скрыпачы і цэлыя местачковыя капэлы, мастакі, разьбяры, стваральнікі народных святаў, майстры маляваных дываноў.

Яго ўнікальныя, часам імправізацыйныя, а часам геніяльна зрэжысіраваныя фотаздымкі ўражваюць мастацкай дасканаласцю, кампазіцыйнай выразнасцю, багаццем фактур, вобразаў.

Яго мастацтва ў сваёй пераважнай большасці аптымістычнае, аднолькава зразумелае і цікавае простаму чалавеку і эстэту.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(8)