Общество
Любоў ЛУНЁВА, «Народная воля»

На Кастрычніцкай плошчы зладзяць маладзёжную дыскатэку?

У рэдакцыю «Народнай Волі» звярнуўся студэнт аднаго з мінскіх ВНУ, які папрасіў не называць яго прозвішча. Па яго словах, адміністрацыі мінскіх навучальных устаноў атрымалі загад накіраваць 29 чэрвеня на Кастрычніцкую плошчу па 100 студэнтаў-прыхільнікаў прэзідэнта.

Малады чалавек, які з’яўляецца сябрам праўладнага БРСМ, паведаміў, што студэнты павінны супрацьдзейнічаць удзельнікам так званай “маўклівай” акцыі.

Інфармацыя паступіла ў рэдакцыю у 17 гадзін. На той момант спраўдзіць яе было праблематычна. Прарэктар па выхаваўчай працы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізычнай культуры Аляксей Гататулін сказаў “Народнай Волі” наступнае: “У мяне такой інфармацыі няма. Я толькі ведаю, што заўтра на Кастрычніцкай плошчы ад 18.00 да 21.00 будзе адбывацца маладзёжная дыскатэка”.

Калі сапраўды ёсць такі загад, то незразумелым застаюцца два пытанні. Першае: як прыхільнікі кіраўніка краіны будуць вызначаць, хто з’яўляецца ўдзельнікам акцыі, а хто папросту ідзе, каб патрапіць у грамадскі транспарт. Другое: навошта правакаваць сутычкі ў цэнтры сталіцы і прыцягваць увагу яшчэ большай колькасці людзей, калі дзяржаўныя сродкі інфармацыі распаўсюджваюць інфармацыю аб тым, што ўдзельнікаў акцыі літаральна некалькі дзесяткаў чалавек.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)