Коктейль
Аліна Таранік

Мапа «Беларускіх мясьцінаў Прагі» (фота)

У інтэрнэце зьявілася мапа месцаў, вартых увагі беларусаў, якія зьбіраюцца наведаць Прагу. Гэта – дом, дзе жыў пэўны час Васіль Быкаў, рэстарацыя, дзе ладзіліся паседжаньні рады «БНР», месца бітвы, у якой адважна праявілі сябе «лісоўчыкі» – вайскоўцы-кавалерысты ў Рэчы Паспалітай.

Пазначаныя будынкі ды помнікі, магчыма, ня кідаюцца ў вочы або не найлепей характарызуюць эпоху, але яны зьяўляюцца кавалкам Радзімы ў чэскай сталіцы. Сама віртуальная мапа ўключае ў сябе сымбалічна адзначаныя беларускія адрасы, даведку пра тое, чым яны знакамітыя ды схему гарадскога транспарту.

Аўтары ідэі і рэалізацыі праэкта Павал Котаў ды Зьміцер Кожух распавялі “Салідарнасці” пра сваю задуму ды прыадчынілі таямніцу плянаў на будучыню.

– Увогуле, крыўдна назіраць, як беларускія турысты, якіх расейскамоўныя гіды прыводзяць на экскурсію да Нацыянальнай бібліятэкі ў Празе, праходзяць каля шыльды Францыску Скарыну, ня ведаючы пра яе існаваньне, – кажа Павал, які вучыцца на гістарычным факультэце ў Карлавым унівэрсытэце.

Разам са Зьмітром, які вучыцца картаграфіі, яны і задумалі паказаць усім, што беларусы пакінулі свае сьляды гэтаксама і ў чэскай сталіцы.

Надрукаваная мапа накладам болей за 1000 экзэмпляраў зьявілася блізу года таму. Тады яна хутка разышлася: часткова ў беларускай амбасадзе ў Чэхіі, але каля 800 асобнікаў мапы – у амбасадзе Чэхіі ў Менску.

Паводле Паўла, у Празе сапраўды ёсьць, што наносіць на мапу: “Тут быў адзін з найбуйнейшых унівэрсытэтаў у Эўропе, таму і прыцягвала гэта людзей зь іншых краінаў, у тым ліку і з нашай”. Да таго ж доўгі час тут у эміграцыі знаходзіўся Ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі. Заязджаў і Быкаў, і нават кватараваў тут некалькі месяцаў напрыканцы 2002 – пачатку 2003 году.

На пытаньне, ці будуць хлопцы працягваць “мапаваньне” іншых гарадоў беларускімі мясьцінамі, кажуць, што, верагодна, можна зьвязаць з вядомымі беларусамі і іншыя чэскія гарады, да прыкладу Сeský Krumlov, дзе меў свой дом сын Францыска Скарыны.

Сярод беларускіх месцаў Прагі многія зьвязаныя зь дзейнасьцю і жыцьцём кіраўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнаньні. У горадзе ёсьць будынак, у якім з 1923 года месьцілася сама Рада БНР, у іншым – знаходзілася рэстарацыя «У пана Кнёўрка», дзе праходзілі паседжаньні Рады.

Будынак, дзе была рэстарацыя «У пана Кнёўрка»

Вядома, што ў 1517–1520 гадах, а таксама з 1535 году і да сьмерці, у Празе жыў і працаваў Францішак Скарына. Тут ён заснаваў друкарню, у якой была набраная першая беларуская кніга. Тут жа ён стаў каралеўскім батанікам, за што і стаіць помнік у ягоны гонар.

Сярод іншых напамінак пра Радзіму – Белая гара, на якой адбывалася вырашальная ў антыгабсбурскім паўстаньні бойка. На баку пераможцаў змагаліся «лісоўчыкі» – лёгкая коньніца Рэчы Паспалітай. У чэскай сталіцы пасяліўся калісьці Міхась Забэйда-Суміцкі, вядомы на ўвесь сьвет беларускі опэрны сьпявак.

Калі друкаваны варыянт мапы зьмяшчаў адно гістарычныя месцы, то цяпер яе дапоўнілі і моладзевыя. Да прыкладу, “Беларуская клюбоўня”, дзе часам зьбіраюцца суайчыньнікі, якія вучацца і жывуць у Празе. Нядаўна сюды прыязджаў рэжысёр Алег Дашкевіч, паказвалі ды абмяркоўвалі фільмы. Хлопцы зьбіраюцца надрукаваць абноўлены варыянт мапы, у якім акрамя беларускіх мясьцінаў будуць таксама і чэскія – гістарычныя ды наведвальныя.

– Такім чынам, мы плянуем прыцягнуць болей увагі да Прагі. Беларусы ня маюць магчымасьці часта выязджаць за мяжу, таму ня змогуць адзін раз прыехаць паглядзець на Прагу як турысты, другім разам наведаць адмыслова “беларускія” мясьціны. Так што неўзабаве дапоўнім мапу гэтымі важнымі для турыстаў пазначэньнямі. Да прыкладу, плянуем дадаць Карлаў мост, Градчаны ды трошкі іх апісаць, – кажа Зьміцер.

Паглядзець мапу беларускай Прагі можна па спасылцы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)