Мамаева: «Адзiн з самых галоўных — тое, што ты ганарышся быць беларусам»

Каардынатарка па зялёнай эканоміцы офісу Ціханоўскай, прадстаўніца Народнага пасольства Беларусі ў Славеніі — пра асноўныя адметнікi нацыянальнай дзяржавы.

— У 2019 годзе я думала, што беларуская мова праз 15-20 год проста знікне, ААН нават унесла яе ў спіс моў, якія знаходзяцца на грані вынішчэння, — для мяне гэта насамрэч была мёртвая мова, — прызналася Аляксандра Мамаева на Еўрарадыё. — Я не тое, што не размаўляла на ёй, а нават не чула, калі прыязджала ў Беларусь.

Але зараз мы размаўляем па-беларуску і для мяне беларуская — адна з чатырох кожнадзённых працоўных моў. І з усімі беларусамі я спрабую размаўляць па-беларуску. Я размаўляю па-беларуску са сваімі дзецьмі.

Таму яна не згубілася, не страцілася. Зараз я бачу, колькі беларусаў у дыяспары, якія з'язджалі 20 год таму, вывучаюць беларускую мову і размаўляюць на ёй.

2020 год паказаў, што нас не затаптаць, не закатаць пад асфальт, нягледзячы на ўсю гэту палітыку русіфікацыі, якая была і ў Расійскай імперыі, і потым у Савецкім саюзе, і потым у лукашэнкаўскай Беларусі.

Калі людзі пачынаюць успамінаць, што яны беларусы, ганарацца гэтым — нацыя абуджаецца.

Аляксандра больш за 8 гадоў не жыве ў Беларусі, яна падкрэслівае, што зараз менавіта мову лічыць адным з асноўных адметнікаў нацыянальнай дзяржавы.

— Так, ёсць гэтыя фармальныя прыкметы дзяржавы — тэрыторыя, культура і г. д., але для мяне адна з самых галоўных — тое, што ты ганарышся быць беларусам.

Калі раней у мяне пыталі, адкуль ты, я адказвала, што з Расіі, бо жыла там да пераезду ў Славенію, ці казала, што са Славеніі. Зараз я заўсёды кажу, што я беларуска, таму што я гэтым ганаруся. І не толькі я.

Тое, што дыяспары пачынаюць размаўляць па-беларуску, гэта для мяне такі паказчык, што нацыя працягваецца, яна адраджаецца.

Быў такі выраз, што пасля 2020 года больш людзей беларусамі становяцца, чым нараджаюцца.

Распавядаючы пра беларускую дыяспару ў Славеніі, Мамаева адзначае падабенства народаў і гістарычных момантаў дзвюх краін.

— Магу сказаць, каб не было Савецкага саюзу, Беларусь была бы вельмі падобная на Славенію. Гэта таксама была не тое што аграрная, але фермерская краіна і застаецца такой сёння.

Ведаю, што ідэя — быць гаспадаром на сваёй зямлі — у беларусаў засталася недзе на падкорках як жаданне, а ў славенцаў — гэта рэчаіснасць.

Славенія — вельмі маленькая краіна, усяго 2 мільёны чалавек, але яны ганарацца сваімі каранямі і сваёй незалежнасцю, таму што яна дасталася не так проста.

У 1990 годзе на рэферэндуме 89% прагаласавалі за выхад з Югаславіі. Але сербскае кіраўніцтва не хацела іх адпускаць і здарылася васьмідзённая вайна, у якой славенцы змагаліся.

Усе таталітарныя рэжымы вельмі падобныя. З ваеннай базы вывелі танкі і павялі іх на Любляну, аргументуючы гэта тым, што да мяжы са Славеніяй падышлі войскі НАТА і трэба бараніць краіну. Але чамусьці ўлада пайшла не на мяжу ваяваць з натаўцамі, а стала захопліваць люблян.

Але ім удалося адстаяць краіну і гэта стала адным з нацыябудаўнічых элементаў, а самі падзеі сталі прадметам нацыянальнай годнасці. Усе славенцы ганарацца сваёй незалежнасцю.

Мне падаецца, што іх досвед можна вывучаць і пераносіць на Беларусь. Бо яны робяць прававую дзяржаву з нізкай карупцыяй, з добрымі адносінамі паміж дзяржавай і людзьмі і з клопатам пра людзей. Яны сапраўды пабудавалі сацыяльную дзяржаву. А ментальна беларусы і славенцы вельмі падобныя, — кажа Мамаева.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(17)