Карбалевіч: «Тэракт можа стаць трыгерам унутранай трансфармацыі палітычных рэжымаў Расеі і Беларусі»

Маштабная трагедыя ў падмаскоўным «Крокус Сіці Холе» — вялізная колькасьць ні ў чым не вінаватых ахвяраў — выклікала адназначную рэакцыю ў сьвеце. Якімі могуць быць палітычныя наступствы гэтага тэракту? Пра гэта Валер Карбалевіч піша на Радыё Свабода.

Заходнія спэцслужбы загадзя папярэджвалі, што ў Расеі можа адбыцца нешта падобнае. Два тыдні таму Амбасада ЗША ў РФ апублікавала на сайце папярэджаньне для сваіх грамадзянаў пра магчымыя атакі ў месцах масавага збору людзей у Маскве. Гэтае папярэджаньне таксама зьмясьціла ў сябе на сайце Амбасада Вялікай Брытаніі.

Аднак Уладзімер Пуцін 19 сакавіка назваў папярэджаньні аб магчымых тэрактах у РФ «правакацыйнымі» і дадаў: «Усё гэта нагадвае адкрыты шантаж і намер запалохаць, дэстабілізаваць наша грамадзтва».

Пасьля тэракту Крэмль на працягу паўсутак вытрымліваў паўзу, каб сфармуляваць пазыцыю, вызначыць, каго абвесьціць вінаватым, якія прыняць захады і якую пачаць палітычную кампанію. Уласна кажучы, нейкіх варыянтаў у яго асабліва і не было.

Сёньня расейскае грамадзтва знаходзіцца ў такім гістэрычным стане, што не прыме ніякіх іншых вэрсій, акрамя той, у якой будзе ўтрымлівацца абвінавачаньне на адрас Украіны, Захаду і ЗША.

Пры гэтым абсалютна ня важна, хто ў рэальнасьці былі непасрэдныя выканаўцы злачынства — таджыкі, кітайцы ці афрыканцы. Ворагі вядомыя без усялякіх расьсьледаваньняў.

Ісламісцкі сьлед ня ўпісваецца ў тую карціну сьвету, якую ўжо некалькі гадоў прапануе свайму грамадзтву Крэмль.

Фэдэральныя тэлеканалы запэўніваюць грамадзтва, што «глябальны Поўдзень» зьяўляецца надзейным саюзьнікам Расеі ў барацьбе з Захадам. Масква фактычна падтрымала ХАМАС, Іран — саюзьнік РФ у змаганьні з Захадам.

Таму мала хто сумняваўся, што расейскае кіраўніцтва адразу ж пакажа пальцам на Ўкраіну. Так і адбылося. Тэрарысты затрыманы, і расейскія мэдыя пасьпяшаліся паведаміць, што яны ўцякалі ў бок захаду, да ўкраінскай мяжы. Праўда, да мяжы з Украінай — 150 км, да мяжы зь Беларусьсю — 16 км. Але каго цікавяць такія дробязі.

Інфармацыю пра магчымы «украінскі сьлед» у справе аб тэракце ў «Крокусе» распаўсюдзіла ФСБ. Раніцай 23 сакавіка ФСБ заявіла, што пасьля зьдзяйсьненьня злачынства чацьвёра падазраваных зьбіраліся перайсьці расейска-ўкраінскую мяжу і «мелі адпаведныя кантакты на ўкраінскім баку».

Пуцін у сваім выступе ўдакладніў, што злачынцы «спрабавалі схавацца і рухаліся ў бок Украіны, дзе, паводле папярэдніх дадзеных, для іх з украінскага боку было падрыхтавана акно для пераходу дзяржаўнай мяжы».

Што да рэакцыі беларускіх уладаў, то варта адзначыць, што яны адрэагавалі надзвычай хутка, ужо 23 сакавіка. Менавіта дзяржаўныя інстытуцыі арганізавалі ў сталіцы і рэгіёнах народную жалобу. Камэнтары афіцыйных асобаў вельмі падобныя: абурэньне тэрактам, спачуваньні ахвярам, вінаватыя спачатку не называліся, бо яшчэ ня вызначыліся.

23 сакавіка сталі паўтараць расейскія наратывы. Ну, і па традыцыі, была абвешчана мабілізацыя сілавікоў.

Можна прагназаваць, што на афіцыйным узроўні будзе дэманстравацца безумоўная падтрымка пазыцыі і дзеяньняў Крамля. Як тое было падчас мяцяжу ПВК «Вагнэр» на чале з Яўгеніем Прыгожыным год таму. І шквал абвінавачваньняў на адрас Украіны, Захаду, ЗША.

А другім пунктам кампаніі стане тэзыс, што вось у Беларусі няма ніякіх тэрактаў, ваенных дзеяньняў. Пануюць мір і парадак. І ўсё дзякуючы «гаранту стабільнасьці».

Нельга выключаць, што тэракт стане каталізатарам эскаляцыі вайны супраць Украіны. Можа пачацца адкрытая атака супраць жылых кварталаў, зьнішчэньне цывільнага насельніцтва.

Паводле вэрсіі Рыгора Азаронка, цяпер украінцаў «нах*р «Калібры» і «Герані» будуць ператвараць у фарш».

Тэракт можа стаць і трыгерам унутранай трансфармацыі палітычных рэжымаў Расеі і Беларусі, паводле прынцыпу «кансалідацыі на крыві». У РФ новы этап мабілізацыі пройдзе больш пасьпяхова, чым мінулым разам.

Магчыма, пачнецца фізычнае зьнішчэньне апазыцыі, аж да расстрэлаў. Вось вуха злоўленаму тэрарысту ўжо адрэзалі. Алег Гайдукевіч заявіў, што беларускія сілавікі дзейнічаюць занадта мякка.

Можна чакаць татальнай цэнзура аж да адключэньня ад сусьветнага інтэрнэту. Таксама магчымае поўнае закрыцьцё межаў, апусканьне «жалезнай заслоны». І іншыя крокі ў напрамку яшчэ больш жорсткага таталітарнага грамадзтва.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.5(11)