«Калі расказваю палякам, што адбываецца ў Беларусі, то яны робяць вочы па яблыку і, магчыма, не ўсе да канца мне вераць»

Журналіст Дзмітрый Гурневіч – пра перашкоду для разумення сітуацыі ў Беларусі заходнімі грамадствамі.

– Самая вялікая перашкода для разумення сітуацыі ў Беларусі заходнімі грамадствамі (і не толькі) – гэта палярызацыя поглядаў у гэтых краінах, – піша Гурневіч. – Можна колькі заўгодна расказваць жахі пра беларускія рэаліі, але зразумець сутнасць могуць нямногія. Бо калі большасьць чуе пра праблемы ў Беларусі – яны іх прапускаюць праз сваю оптыку.

Частка амерыканцаў верыць, што іх краіну захапілі камуністы і яны гатовыя са зброяй змагацца за сваю радзіму. Прыклад – захоп Капітолія.

Частка брытанцаў верыла, што яны фінансуюць Еўрасаюз і не маюць суверэннасці. Пасля Брэксіту яны атрымалі палітычны і эканамічны крызіс на дзесяткі гадоў. У Польшчы частка грамадства верыць, што цяперашні ўрад – дыктатарскі, а другая частка перакананая, што новы ўрад прадасць Польшчу немцам і Пуціну. Ясна, што ўтрарадыкалізацыя датычыць не ўсіх. Але…

І пасля яны чуюць, што беларусы называюць урад у сваёй краіне злачынным, кажуць пра дыктатуру, пра прарасейскую палітыку Лукашэнкі. І многія з іх настолькі накручаныя сваімі СМІ, палітыкамі, радыкальнымі ацэнкамі і безадказнымі лідэрамі думак наконт сітуацыі ў сваіх краінах (якія з беларускай перспектывы смешныя), што ўяўляюць Беларусь ну, калі не ідэнтычнай, але сястрой па няшчасці.

Дзмітрый Гурневіч, фота facebook.com/hurnievic

Мне палякі ўсур’ёз казалі, што іх краіна за крок ад пераўтварэння ў другую Беларусь.

Італьянец казаў, што Італіі больш не існуе, што яе распрадалі. Партугалец казаў, што яго краінай кіруе Брусель, а ўкраінец даказваў, што ва Ўкраіне ўсе ўрады «толькі кралі», таму ён вымушаны быў даваць хабары, хаця не хацеў.

Не ўспрымайце гэта як рэпрэзентаўныя дадзеныя, гэта назіранні. Але фактам ёсць, што большасць людзей не цікавіцца тым, што адбываецца ў свеце.

Я пару тыдняў таму паспрабаваў расказаць пра Беларусь галандцу, але ў вачах бачыў, што мяне лічаць дзіваком, які расказвае пра пра тое, што Бундэстагам кіруе Пуцін і Шайгу. Суседзі зразумець нас часткова здольныя.

Але нават калі я расказваю палякам, што адбываецца ў Беларусі, то яны робяць вочы па яблыку і, магчыма, не ўсе да канца мне вераць, што Лукашэнка публічна можа зневажаць беларускую мову або што міліцыя палюе на бел-чырвона-белы колер.

Магчыма і сярод іх хтосьці лічыць, што мы перабольшваем, бо яны самі разумеюць, што і яны перабольшваюць, таму і іншыя могуць ацэньваць так жа. Калі Белы дом захапілі камуністы, то чаго здзіўляцца, што недзе ва Ўсходняй Еўропе, у краіне, дзе ў назве ёсьць частка «rus», кіруе прарасейская ўлада.

У іх там тысячы палітвязняў? Дык і ў іх абаронцы «сапраўднай дэмакратыі» за кратамі, бо хацелі абараніць галасы амерыканцаў ад фальсіфікацыі.

Калі віленскі таксіст кажа, што іх улада наўмысна стварае беспрацоўе, каб выгнаць літоўцаў за мяжу, як танную працоўную сілу, то каму як не гэтаму такісту зразумець, што такі ж лёс спаткаў беларусаў, якіх у Літву прыехала дзесяткі тысяч. Але ў Мінску хоць чыстыя і шырокія праспекты, і таннае паліва.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(8)