«Сын спытаўся, чаму ў TikTok так шмат відэа, якія паказваюць, што ХАМАС ок, а Ізраіль кепскі»

Журналіст Дзмітрый Гурневіч – пра крыніцы інфармацыі ў сучасным свеце.

– Некалькі тыдняў таму сын (14 год) спытаўся, чаму ў TikTok так шмат відэа, якія паказваюць, што «ХАМАС ок, а Ізраіль кепскі», – піша Гурневіч. – Сам ён нічога падобнага не лайкаў, таму здзівіўся іх колькасці ў сваёй стужцы.

Я рэдка карыстаюся гэтай кітайскай аплікацыяй як спажывец кантэнту, таму давялося пацікавіцца ў спецыялістаў. І ўсё выявілася даволі банальным: TikTok падсоўвае кантэнт, які падтрымлівае ХАМАС. Справа ў тым, што Пекін ніколі не назваў ХАМАС тэрарыстычнай арганізацыяй і не асудзіў яе.

Вядома, паводле алгарытмаў працуюць і іншыя сацыяльныя сеткі. Але як слушна заўважыў адзін з экспертаў, якіх я чытаў на гэты конт, розніца ў тым, што «кітайцы адрэзаныя ад заходняга наратыву, а Захад паглынае кітайскі наратыў».

Ну, і калі youtube акурат спрабуе выступаць у ролі мірнага арбітра, які студзіць радыкальныя пасланні, то кітайцы – радыкалізуюць.

 

Дзмітрый Гурневіч, фота facebook.com/hurnievic

Магчыма, што ўсё гэта засталося б выключна тэорыяй, калі б мне на вочы пры нагодзе не трапілі вынікі сацыялагічнага апытання Harvard/Harris. 51% амерыканскіх удзельнікаў апытання ва ўзросце 18-24 гадоў лічаць, што ХАМАС меў права ўчыняць тэрарыстычныя напады на Ізраіль.

Сярод гэтай узроставай групы ажно 48% апытаных (больш, чым у іншых) падтрымлівае ХАМАС, там найменшая падтрымка праізральскай палітыкі Байдэна. Менавіта ў гэтай групе больш за ўсё тых, хто лічыць, што Ізраіль не мае права помсціць ХАМАСу (менавіта ХАМАСу, не палестынцам) за тэракты супраць насельніцтва Ізраілю.

Гэты паказнік важны, бо звычайна кажуць, што моладзь больш пацыфісцкая.

Крыніцы інфармацыі, заснаваныя на алгарытмах, сталі сёння асноўнымі для маладых людзей. Гэта ўжо факт. Паводле Інстытуту вывучэння журналістыкі Reuters у Оксфардзе, сацсеткі, якія абапіраюцца на алгарытмы, сталі для 66% маладых людзей асноўнымі крыніцамі навін. Уплыў TikTok як крыніцы інфармацыі павялічыўся ў пяць разоў за перыяд з 2020 па 2022 год.

Сістэма працы гэтых платформаў зразумелая. Каб павялічыць прагляды, клікі і даходы ад рэкламы, яны паказваюць гісторыі, якія гледачы жадаюць бачыць. У выніку спажыванне менш разнастайнага кантэнту наконт бягучых падзеяў прыводзяць да большай колькасці палярных і канфліктных поглядаў у грамадстве.

Тут важнае адступленне, каб мае словы не выглядалі як бурчанне асобы, чыя маладосць мінае. Ясна, што па такім жа ўзоры можа і хутчэй за ўсё працуе і традыцыйнае спажыванне інфармацыі больш старэйшымі. Многія штодня чытаюць тыя самыя сайты, газеты, глядзяць тв, дзе ёсць выразная ідэалагічная лінія, светапогляд, палітычныя сімпатыі.

Па вялікім рахунку, гэта прыблізна той жа алгарытм. Але як я ўбачыў у прыведзеным вышэй апытанні Harvard/Harris, у іншых узроставых групах бачнае ваганне поглядаў, а ў маладых яно практычна адсутнічае.

Гэта праблема. І на яе звяртаюць увагу спецыялісты. Шукаючы матэрыялы па тэме, я натрапіў на публікацыю ў The Guаrdian на калонку школьнага настаўніка, які піша: «Мяне часта пытаюць пра мой самы вялікі страх адносна будучыні. Замест змены клімату я кажу «слабая інфармацыя», паколькі яна ўсё больш падрывае супрацоўніцтва і грамадзянскую пазіцыю, якія мы, як вынаходлівы гатунак, можам выкарыстоўваць для вырашэння глабальных праблем. Маё пасланне такое: «Не атрымлівайце навін ад алгарытмаў»».

Нядаўна я быў на бацькоўскім сходзе ў школе сваіх дзяцей і спытаўся, ці праводзяць настаўнікі нейкія заняткі па «інфармацыйнай гігіене». Нейкія там ёсць. Але адна рэч, якую зрабіла школа, падалася мне геніяльнай.

Праз школьны партал яны далі ўсім дзецям бясплатны доступ на дзясяткі газет і часопісаў: ліберальных, кансерватыўных, навуковых, мастацкіх і інш. Засталося самае «простае» – навучыць іх гэта ўсё чытаць) Дарослых у тым ліку.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(30)