Чарнуха: «Зацікаўленасць у сваім — гэта таксама праактыўная пазіцыя»

Чаму трэба слухаць сваіх?

Нядаўна журналіст і музычны крытык Аляксандр Чарнуха ў сваім допісе на старонцы ў Facebook напісаў пра стан беларускай культуры, пачаўшы са слоў: усё вельмі кепска. Ён растлумачыў, чаму так.

— У нас вырасла пакаленне, якое сапраўды не ведае, хто такі Вольскі (музыка Лявон Вольскі — С.). І справа не ў тым, што варта любіць Вольскага, а ў тым, што варта ведаць, хто гэта такі. Бо гэты чалавек — важная частка нашай гісторыі. Гэта чалавек, які натхняў цэлае пакаленне і натхняе дагэтуль. Чалавек, які сфармуляваў вельмі важныя рэчы, якія актуальны па сённяшні дзень, — кажа Аляксандр Чарнуха ў эфіры Еўрарадыё.

Я не ведаю, што можа быць актуальней, чым радкі: «адкуль не ўцякай і куды не бяжы — і там ты чужы, і тут ты чужы». Гэтыя словы напісаў Вольскі ў 2014 годзе, калі нам падавалася нібыта ўсё добра.

Аляксандр Чарнуха

Чарнуха распавядае, якія праблемы, на яго думку, ёсць у беларускіх музыкаў сёння ў Беларусі і за яе межамі.

— Зараз у Беларусі амаль няма магчымасці зладзіць сольнік беларускага музыканта. У іх ёсць ці не дзве пляцоўкі ў двухмільённым горадзе, на якіх яны могуць выступіць. Пры гэтым райскія артысты маюць неабмежаваныя магчымасці прыехаць у Беларусь, казаць і прапагандаваць усё, што яны хочуць, і ніхто ім на гэта не скажа слова.

У Беларусі толькі дзяржаўныя ўстановы маюць права ладзіць канцэрты замежных артыстаў. То бок гэта татальны кантроль, гэта ультрацэнзура. І ў гэтым стане жыве беларуская культура, беларуская музыка. Калі гэта не праблема, то што тады праблема?

Багата музыкаў страцілі сваю аўдыторыю праз тое, што яны не мелі магчымасці выступаць у роднай краіне праз чорныя спісы, не мелі ніякай магчымасці свяціцца на буйных фестывалях. Але ў нас гэта не толькі забралі, а мы яшчэ і аддалі. Бо зацікаўленасць у сваім — гэта таксама праактыўная пазіцыя. Я разумею, што чалавек у сваёй большасці істота інертная, ён заўсёды абірае зону камфорту, але гэта зона бывае вельмі шкоднай для яго.

Зараз у Беларусі мы бачым піраміду Маслоў як яна ёсць: у людзей няма адчування асабістай бяспекі, таму цікавіцца культурай у такім стане не заўсёды атрымліваецца. У Беларусі зараз вельмі круты ўздым новых гуртоў, якія робяць сапраўды цікавую музыку. Я маю на ўвазе менавіта ў межах Беларусі.

Што тычыцца музыкаў па-за межамі Беларусі, то крытык прагназуе наступнае:

— Вельмі хутка беларускія артысты ў замежжы перастануць збіраць аўдыторыю, якую яны збіраюць цяпер, калі яны не пачнуць запісваць новы якасны матэрыял. Гастрольныя туры са старымі песнямі надакучаць людзям, яны будуць шукаць нешта новае для сябе, і неабавязкова беларускае.

Зараз у іх ідзе працэс адаптацыі, калі ім хочацца пачуць нешта знаёмае і сваё роднае. Калі гэты працэс завершыцца і яны стануць паўнавартаснымі ўдзельнікамі працэсаў у іншых краінах, яны перастануць гэта рабіць, калі беларусы не змогуць зацікавіць сваіх. Таму трэба спрабаваць дастукацца да свайго слухача, — кажа Аляксандр Чарнуха.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(23)