Коктейль

Беларускія браты Грым: выйшла аўдыякніга «Шляхціц Завальня»

Выдавецтва Litaralna прэзентавала ў аўдыяфармаце кнігу Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» – містычны твор ад аднаго з пачынальнікаў сучаснай беларускай літаратуры. Альгерд Бахарэвіч называе пісьменніка «братамі Грым белліту».

Творчасць Яна Баршчэўскага прасякнутая беларускім фальклёрам і любоўю да жыхароў гарадоў і вёсак паўночнай Віцебшчыны: Полацку, Глыбокага, Расонаў ды шматлікіх іншых. Ён адным з першых спрабаваў звярнуць увагу сучаснікаў на беларускую міфалогію.

– Шляхціц Завальня жыў каля возера Нешчарда. Узімку ён прымаў у сябе вандроўнікаў, якіх адаграваў каля коміна, даваў ім начлег і прасіў за гэта распавядаць казкі, паданні, гісторыі. Было гэта акурат перад Калядамі, таму зараз найлепшы час, каб прасякнуцца магіяй гэтай кнігі, – кажа заснавальнік выдавецтва Litaralna Уладзімір Пугач.

– Па сваім значэнні Баршчэўскі – браты Грым белліту; прычым і Вільгельм, і Якаб у адной асобе. Ад Якаба ў яго ўся этнаграфія, ад Вільгельма – чараўніцтва: казкі, пачвары, прыгоды. Розных Якабаў на тутэйшых абшарах хапала і да, і пасля Баршчэўскага, але ніводзін з іх не меў адпаведнага літаратурнага таленту. Інакш кажучы – не ўмеў чараваць, бо літаратура ёсць найперш чараўніцтвам, усё астатняе для яе неістотна, – тлумачыў пісьменнік Альгерд Бахарэвіч у вялікім артыкуле пра «Шляхціца Завальню» для Радыё Свабода.

Паслухаць аўдыякнігу бясплатна можна на сайце http://litaralna.com, там жа можна падтрымаць далейшую працу Litaralna данатамі. Гэта ўжо пяты праект выдавецтва. Да гэта былі агучаны ўсе нумары газеты «Мужыцкая праўда» з удзелам Лявона Вольскага ды іншых вядомых беларусаў, а таксама кнігі «Кароткая гісторыя Беларусі» Вацлава Ластоўскага, «Адвечным шляхам» Ігната Абдзіраловіча ды «Аповесць майго часу» Ігнація Янкоўскага.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(7)