Общество

Беларускі добраахвотнік: «Пасля паразы Расіі як імперыі можам размаўляць пра вызваленне Беларусі»

Беларускі добраахвотнік Аляксандр «Кусь» Клачко, які прайшоў баі пад Бахмутам, браў удзел у штурмавых аперацыях, – у інтэрв’ю Polskie Radio пра тое, як жывуць ветэраны вайны ва Украіне.

Аляксандр «Кусь» Клачко.Фота: прыватны архіў героя

 «Удзельнік баявых дзеянняў ва Украіне», так акрэслівае свой статус Аляксандр Клачко. Сыходзімся ў размове ў тым, што дэфініцыя «ветэран» гучыць нязвыкла ў дачыненні да людзей нашага часу. Хаця яны такімі і з’яўляюцца. Для людзей, якія абралі ўдзел у вайне супраць расійскіх акупантаў, шлях ні ў якім моманце няпросты.

«Я заўсёды ведаў, што мы адны, самі па сабе, і не мусім нечага чакаць», – гаворыць Аляксандр. Тым не менш у яго ёсць шэраг пытанняў да грамадства, да палітыкаў.

«Беларускасць дала мне моцы прайсці вайну»

– Мяне камісавалі па стане здароўя 26 верасня 2023 года, паводле пераліку хваробаў. І, на жаль, я не магу афіцыйна быць на кантракце ў ЗСУ. З траўня я пачаў лячыцца, апошні раз на баявых заданнях я быў напрыканцы красавіка 2023 года – мы працавалі пад Бахмутам.

– Як вы пачуваецеся ў іншай рэальнасці?

– Калі з'язджаў на 2,5 месяцы летам 2022 года рабіць дакументы ў Вільню, то адчуванні былі больш вострыя – быццам рыба на сушы. Але летам 2023-га былі планы, задачы, якія трэба аператыўна вырашаць. Тады ж мне сказалі, што хутчэй за ўсё камісуюць.

І я хутка перастроіўся, думаў пра Вільню, чым я буду займацца, якія крокі трэба будзе зрабіць. Ужо ў пачатку чэрвеня пра фронт у мяне было адчуванне, што гэта быццам недзе далёка, недасягальна – як на Марс паляцець. Лячэнне і бюракратыя і былі адаптацыяй да мірнага жыцця.

– Як вы бачыце цяпер сваю будучыню, чым плануеце займацца?

– Мэта як была, так і застаецца – вызваленне Беларусі. Адзінае, на першае месца я цяпер стаўлю іншыя моманты. Гэта атрыманне дакументаў – падаюся на ўцякацтва, пошук працы і лячэнне.

Адзін з лекараў сказаў, што калі не перагледзець мае лекі, нічога не мяняць, то праз год мяне чакае дыяліз. Я спадзяюся, што гэта не пацвердзіцца. Гэта асноўнае, але, калі вызваліцца час, буду прысвячаць больш той тэме, якая мяне хвалюе, – Беларусі.

– Як вы сабе ўяўляеце вызваленне, пра якое згадалі вышэй, гэтыя працэсы, калі людзі не могуць быць там фізічна?

– На першае месца я стаўлю вызваленне Беларусі фізічнае. Пасля паразы Расіі як імперыі можам размаўляць пра вызваленне Беларусі. Я лічу, што трэба ціснуць на Расію і рэжым Лукашэнкі, але першаснае – параза Расіі.

Гэтая падзея можа быць вельмі далёка ад нас у часе. Яе трэба набліжаць любымі сродкамі, любымі крокамі – вялікімі, маленькімі, хто на што здольны.

Але для сябе я найперш бачу актуальным распаўсюд беларускасці сярод беларусаў. Гэта той падмурак, які дае мне моцы, сілы не зламацца. Даваў мне моцы прайсці вайну, гэтую хваробу ў тым ліку.

Цяпер беларусам у эміграцыі і ўнутры Беларусі складана. У Беларусі гэта расчараванне, у эміграцыі тое ж самае плюс асіміляцыя. Сёння ўкраінцам, літоўцам, палякам прасцей быць, чым беларусам.

Я часам бачу стаўленне як да нейкай неданацыі: у вас і мовы сваёй няма, і вы цямці-лямці, бо не адстаялі сваю краіну, збеглі, ад вас ракеты ляцяць. Але я заўсёды падкрэсліваю, што я – беларус.

Калі я так казаў ва Украіне і быў у форме, то чуў словы падзякі ад украінскіх вайскоўцаў. А калі быў у грамадзянскай вопратцы, то здараліся моманты, калі пачыналі казаць «вы – беларус, ад вас ракеты ляцяць». І я пачынаў размаўляць і тлумачыць, што адбываецца ў Беларусі. Звычайна гэта ад неразумення, няведання тэмы.

Галоўнае нам цяпер застацца беларусамі, каб дзеці нашы ў эміграцыі заставаліся беларусамі. Прыйдзе час і гэта дасць нам падмурак, каб вярнуць Беларусь.

– Але ў якім выглядзе? Людзі, якія зʼехалі, хутчэй за ўсё будуць будаваць сваё жыццё ў іншых краінах?

– Я гэта разумею, але калі нават па-за межамі Беларусі ты разумееш хто ты, што ты, кім былі твае продкі, то прыйдзе час і такія людзі тым ці іншым чынам дапамогуць у станаўленні, развіцці Беларусі.

 «Я бачу ўкраінскае грамадства – яно змянілася»

– Калі разважалі пра Беларусь, то сказалі, што будучыня краіны залежыць ад паразы Расіі. Колькі часу, на ваш погляд, гэтая вайна яшчэ будзе ісці?

– Гэта можа змяніцца ў адзін момант, але можа зацягнуцца і на дзесяцігоддзі. Для сябе я стаўлю плюс-мінус пяць гадоў што тычыцца сітуацыі ва Украіне, і дзесяць гадоў што да сітуацыі ў Беларусі. Гэта доўгатэрміновы працэс, да таго ж невядома чым вайна скончыцца. Калі Украіна не пераможа, то працэсы ў Беларусі расцягнуцца на невядомы час.

Калі гаварыць пра Украіну, то яна прайграе не на фронце. Украіна можа прайграць у тылу. Я бачу ўкраінскае грамадства – яно змянілася. Калі ў пачатку вайны яно было абʼяднанае, то цяпер – разрозненае.

Я бачу моманты з позвамі – чаму я мушу ісці на вайну за гэтую Раду і гэтак далей? Добра, не ідзіце за Раду. Будзе Вярхоўны савет. Калі ёсць пытанні да Рады, трэба іх вырашаць.

Вайна ёсць вайна, трэба абараняць сваю тэрыторыю. Бо калі будзе расійская «рада», то свая вам падасца маннай нябеснай у параўнанні. Агулам жа, за выключэннем паветраных трывог, уражанне, што вайны і няма, калі цяпер знаходзішся ў Кіеве, Львове.

– Можаце распавесці, што адбываецца на фронце ў такое надворʼе, як цяпер, калі халады?

– Восенню 2022-га я баяўся, як перажыву зіму. Так, холадна. Мы знаходзіліся тады пад Бахмутам, ездзілі працаваць туды. Цяпер згадваю, здаецца, нічога і складанага. Бойлер паставілі, то ў душу вада цёплая, а само памяшканне не ацяпляецца, там мароз.

У падвале ўключалі газавы абагравальнікі, каля іх грэлі рукі-ногі. У спальнік залазіш не распранаючыся, каб цёпла было. Калі на пазіцыі ў месцы, дзе не бачна вогнішча, то ў нейкім вядры распальвалі вогнішча, каб пагрэцца.

Да ўсяго чалавек прывыкае. Калі не там, то фантазія больш можа намаляваць. Але мы да ўсяго прывыкаем, і на вайне гэта нармальныя рэчы.

«Украіна не гатовая завальваць свае землі трупамі сваіх салдат»

– Пасля вашага досведу што можаце сказаць пра расійскую армію, іх падыходы да вядзення вайны?

– Калі я ехаў на вайну ў сакавіку 2022-га, адзін чалавек з Беларусі мне гаварыў, што ён супраць Расіі, але Кіеў падзе, ты нічога не памяняеш. Я сказаў, што паспрабую. Кіеў выстаяў. Не так страшны воўк, як яго малююць. Безумоўна, армія Расіі мае моц. Найперш з-за той колькасці людзей, якія могуць быць прызваныя. Плюс, мяркую, калі вайна будзе доўгатрывалай, то Украіне будзе цяжка.

Цяпер прыкладна аднолькавыя сілы. Трэба, каб была перавага тэхналогій, тады нешта можа зрушыцца. Украіна не гатовая, і гэта правільна, завальваць свае землі трупамі сваіх салдат. Бо без перавагі ў тэхналогія прыкладна так і адбываецца.

Цяжкае ўзбраенне неабходнае Украіне, бо яно захоўвае жыцці ўкраінскіх салдат. Без цяжкага ўзбраення можна выконваць задачы, але цаною страты жывой сілы. Яно таго не каштуе.

– Ці няма ў вас адчування, што гэтая вайна можа пашырыцца на іншыя тэрыторыі, што гэта старт глабальнага крызісу?

– Ёсць. Я раней думаў, што другая сусветная вайна – адна з апошніх вялікіх войнаў. Але людзі ўсю сваю гісторыю ваявалі, таму войны былі, ёсць і будуць.

Расія напала на Украіну не для таго, каб забраць Крым, Данбас. А каб знішчыць Украіну як дзяржаву, украінцаў – як нацыю. Для імперскай Расіі Украіна – гэта яе тэрыторыя, як і Беларусь. Вось чаму ўсё гэта адбываецца.

Думаю, галоўная мэта для Расіі – Літва, Латвія, Эстонія, Польшча. Калі Украіна не вытрымае, то наступнай будзе, хутчэй за ўсё, Літва, бо яна дае выхад да Балтыйскага мора. Таму для краін Захада, для Еўропы лепшы варыянт – гэта ўкладацца ва Украіну, чым пасля плаціць за сваю памылку жыццямі сваіх грамадзян, якія будуць абараняць тэрыторыі.

Я задаю сабе рытарычнае пытанне, калі б такое адбылося і Расія напала на Літву, ці хапіла б у НАТА палітычнай моцы, каб бараніць Літву. Чаму? Бо ёсць прыклад Другой сусветнай вайны, калі Гітлер напаў на Польшчу, а саюзнікі думалі, што яму будзе гэтага дастаткова і асабліва не лезлі ў вайну. Але Гітлер пайшоў далей.

Мяркую, будзе адзін у адзін, калі Украіна не вытрымае. І пытанне ў НАТА, ці гатовы альянс падтрымаць сваіх саюзнікаў, ці будуць думаць, што гэта недзе далёка і Расіі хопіць Літвы, а мы будзем толькі «азадачаныя» гэтым пытаннем.

Пасведчанне ветэрана баявых дзеянняў. Фота: прыватны архіў героя

«Пра добраахвотнікаў размоў цяпер амаль няма. Я задаюся пытаннем, чаму так?»

– Вяртаючыся да тэмы былых удзельнікаў баявых дзеянняў, ці ёсць дадзеныя, колькі цяпер былых беларускіх добраахвотнікаў?

– Цяжка сказаць, думаю, пару соцень. Але дакладных лічбаў у мяне няма.

– Ці ёсць ветэранская арганізацыя, якая працуе з беларускімі добраахвотнікамі?

– Арганізацыя ёсць, яна збольшага працуе ў Польшчы, крыху ў Літве і Украіне. Але такое ўражанне, што дапамога і дзейным, і былым добраахвотнікам гэта справа іх саміх.

Думаю, ёсць два моманты. Першы, можа, малазаўважны. Гэта жаданне ўдзельнікаў баявых дзеянняў сабе дапамагчы. Другое – настрой грамадства.

Цяпер ёсць уражанне, што тэма добраахвотнікаў забытая! Для мяне гэта нечакана. Што вайны няма, што беларускія добраахвотнікі недзе там на Марсе і ўсім забяспечаныя. Я дзіву даюся, наколькі гэтая тэма не гучыць!

Безумоўна, я лічу беларускіх палітвязняў героямі. Але пра іх ёсць размова, а пра добраахвотнікаў амаль няма. Я задаюся пытаннем, чаму так?

Бо пра іх можна бяспечна гаварыць у Еўропе, а добраахвотнікі ледзьве не бандыты, якія са зброяй у руках ідуць да сваёй мэты? Гэта тэма табу для Еўропы.

Зборы цяпер вельмі марудна закрываюцца. Галоўныя выдаткі – гэта рамонт тэхнікі, аўтамабіляў. Калі я служыў, мы самі скідваліся грашыма, якія ішлі на рамонты. І ў мяне пытанне да беларусаў: ладна, вы не гатовыя непасрэдна са зброяй у руках удзельнічаць у гэтым працэсе, але чаму вы забываеце пра тых людзей, хто гатовы да гэтага?

Што тычыцца ветэранаў, яны найперш павінны самі пра сябе думаць. Дапамога ім патрэбная, як і іншым беларусам у эміграцыі: дакументы, у каго не вырашана такое пытанне, праца і псіхалагічная падтрымка.

Нехта і цяпер з удзельнікаў баявых дзеянняў, якія перайшлі на службу ў Кіеў, кажа, што па начам сняцца кашмары, ёсць панічныя атакі, нехта ходзіць да псіхолагаў.

Яшчэ ў былых могуць быць моманты, калі абвастраецца ПТСР. ПТСР ёсць ва ўсіх, хто ваяваў, пытанне толькі ў ступені: кагосьці на дзесяць адсоткаў закране, кагосьці з галавой накрые. Гэта пагаршаецца, калі ўжываць алкаголь ці наркатычныя сродкі. Я агучваю гэтыя праблемы, бо яны ёсць, трэба вырашаць такое.

Але найперш дакументы і працаўладкаванне. Галоўнае – не рыба, а вуда, то бок даць магчымасць чалавеку зарабляць на сябе.

– Асабіста вы чым плануеце займацца?

– Халера яго ведае (смяецца – рэд.)! Гатовы разглядаць розныя варыянты, пакуль не ведаю, чым буду займацца, можа быць, нешта звязанае з кіраваннем аўтамабіля. Мне цяпер трэба здаць на літоўскае пасведчанне кіроўцы. Але ведаю, што знайду працу.

– Аляксандр, якія сны вы бачыце?

– Ой, пра вайну ніколі не сню. Не ведаю чаму, але не. Гэта добра, я лічу, звычайныя сны. Я не хвалюся, што ў мяне ўсё добра, бо дакладна пра свой стан можна будзе казаць праз год-два. Тады можна будзе казаць, як мяне закранула вайна. Але пакуль усё добра, сплю без кашмараў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(16)