Общество

Алеся Матусевіч

Анджэй Пачобут: «Беларусь — не Расія»

Пра кнігу як псіхатэрапію, шок пры сустрэчы з сынам і дату вяртання ў Беларусь. Анджэй Пачобут сустрэўся ў Вільні з польскай і беларускай супольнасцю. «Салідарнасць» пабывала на імпрэзе і расказвае падрабязнасці.

22 ліпеня ў Доме польскай культуры ў Вільні адбылася адкрытая сустрэча з Анджэем Пачобутам, зладжаная фондам «Pomoc Polakom na Wschodzie». Гэта першы ягоны прыезд у сталіцу Літвы пасля вызвалення ў красавіку 2026-га.

Адкрываючы імпрэзу, прадстаўнік фонду зазначыў, што Пачобут — чалавек, які стаў сімвалам вернасці праўдзе, заплаціўшы за гэта гадамі зняволення, і якога не трэба дадаткова прадстаўляць. Хіба толькі працытаваць кінакласіку: «Чалавек з мармуру, чалавек з жалеза, чалавек з надзеі» (адсылка да знакамітай палітычнай трылогіі Анджэя Вайды пра рух «Салідарнасці» і ягоных выбітных постацяў, — С.).

— Свабода ніколі не даецца раз і назаўжды, кожнаму пакаленню яе трэба абараняць, — падкрэсліў літоўскі палітык, адзін з заснавальнікаў Саюза палякаў Літвы Чэслаў Акінчыц. — Як гэта рабілі людзі «Салідарнасці» шмат год таму, як робяць тыя, хто супрацьстаіць сёння дыктатуры ў Беларусі. Вось чаму мы ўсе не мусім маўчаць.

А мост да добрасуседства паміж народамі — гэта не пагадненні, дасягнутыя з дыктатарам. Найвялікшы мост — такія людзі, як Анджэй Пачобут. Дзякуй за вашую вернасць праўдзе. Дзякуй за вашую вернасць Польшчы. Дзякуй за вашую вернасць свабоднай, дэмакратычнай Беларусі.

Дарэчы, падчас імпрэзы Анджэя «дагналі» ўзнагароды двух форумаў, польскага і літоўскага, імя Ежы Гедройца. У Вільні прэмію ўручалі акурат у дзень вызвалення журналіста (тады яе ад імя Пачобута і з яго згоды атрымаў блогер Эдуард Пальчыс), а цяпер сімвалічна завяршылі цырымонію жыўцом.

Актывіста спыталі, ці праўда, што ён плануе вярнуцца ў Беларусь увосень 2026 года.

— Сэнс такі, — патлумачыў Анджэй Пачобут, — што я не збіраўся з’язджаць з Беларусі. Калі б хацеў, то з’ехаў бы ў 2021-м, адседзеўшы пару месяцаў. Але, дякуючы намаганням амерыканцаў, яны спыталі, ці магу я вярнуцца, і атрымалі такое запэўніванне. Як вы помніце, мне аддалі пашпарт. Таму так, у верасні 2026 года я планую прыехаць у Гародню і ўзяць удзел у працы Саюза палякаў. Гэта натуральны выбар для мяне.

Адной з самых вялікіх мар падчас зняволення і адразу пасля вызвалення, паводле журналіста, стала менавіта жаданне вярнуцца на радзіму: «Бо пакуль я адчуваю сябе нібы між двума сусветамі».

А вось адной з самых складаных маральна рэчаў стала сустрэча з сынам:

— Тады яму было 11, цяпер 16. Калі пабачыў сына, а ён вышэйшы за мяне — гэта быў шок. І разуменне, што пакуль цябе не было, побач з дзецьмі была пустата. Вельмі прыкры досвед, якога лепш бы ўвогуле не мець…

Пасля вызвалення Анджэй напісаў адзін з тэкстаў для кнігі «Архіпелаг Беларусь. Аповеды былых палітвязняў» — але прызнаецца, што гэта яшчэ не кропка. У планах — асобная аўтарская кніга, у пэўным сэнсе як частка псіхатэрапіі, выплеснуць перажытае ў зняволенні, паставіць кропку і жыць далей.

Калі ў Пачобута спыталі, якой ён бачыць цяперашнюю Беларусь, ён даў сціслую характарыстыку:

— На мой погляд, без пяці хвілін таталітарная дзяржава. І калі гэтыя пяць хвілін атрымаецца ператварыць у 10 ці 15, гэта ўсё адно будзе вялікім поспехам. На жаль, сёння гэта адзіныя магчымасці. Шмат што залежыць ад таго, як будзе развівацца вайна ва Украіне, чым скончыцца і якім будзе баланс сіл у нашым рэгіёне.

Што наконт адкрыцця «другога фронту» з непасрэдным удзелам Беларусі, журналіст ацэньвае такую верагоднасць скептычна:

— Калі б Расія гэтага хацела, такі фронт даўно быў бы адкрыты. І другое пытанне, ці была б армія Лукашэнкі ў стане ўтрымаць яго. А цяпер і РФ, мабыць, тое не патрэбна і, як мы бачым, тон Лукашэнкі адносна Украіны змяніўся, бо змянілася сітуацыя ў гэтай вайне.

…Калі казаць пра створаную Лукашэнкам сістэму і яе чыноўнікаў, то яны збольшага прарасійскія. Мабыць, я не сустракаў сярод іх нікога, хто не прытрымліваўся б, больш ці менш, расійскіх наратываў. З іншага боку, у мяне складаецца ўражанне, што Беларусь геаграфічна знаходзіцца ў Еўропе, а палітычна — у Азіі, бліжэй да такіх дзяржаў, як Туркменістан, дзе дыктатура на 100%.

У той жа час, назіраючы палітыку Лукашэнкі адносна Захаду, мы бачым, што яна цыклічная. Бывае, яго гэтыя стасункі зусім не хвалююць, калі адчувае пагрозу і імкнецца захаваць сваю ўладу. А потым ідзе пацяпленне. І, на маю думку, цяпер мы недзе на пачатку чарговага пацяплення ці прынамсі спробаў — канешне, з мэтай эканамічнага супрацоўніцтва і ўмацавання сваіх пазіцый.

На думку Анджэя Пачобута, пашырыць вакно магчымасцяў і «ператварыць 5 хвілін у 15» усё ж магчыма — але толькі ва ўмовах, калі Расія будзе занятая сваімі праблемамі, уласным крызісам. Тым больш беларусы ўжо ведаюць на ўласным досведзе, што значыць зрабіць няслушны выбар і як дорага ў выніку каштуюць «танныя расійскія энерганосьбіты».

— А што можа зрабіць Літва і Еўропа ў гэтых варунках, каб падтрымаць беларусаў? — спыталі з залы.

— Не забывацца, што Беларусь — не Расія, і не частка Расіі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(8)