«Ні пра што не шкадуй, Света. Жыве Беларусь». Святлана Курс напісала ліст самой сабе, 15‑гадовай
«Я пішу, каб даць некалькі парадаў, якімі ты і так не зможаш скарыстацца, таму што цябе ўжо няма. Высокай, нязграбнай, неўратычнай дзяўчыны». Гэты ліст сабе 15‑гадовай Святлана Курс напісала ў 2023-м. Наша ніва ўпершыню публікуе яго.
Дарагая Света,
Я пішу табе 15‑гадовай амаль праз сорак год, і я рада сказаць, што ў мяне няма ані ценю апасення, што ты мяне не зразумееш, ані неабходнасці прысядаць перад табой на кукішкі, як пры размове дарослага з дзіцем. Я адчуваю толькі бясконцую павагу да цябе, бо ведаю, што ты і больш стойкая, і больш разумная, і больш мілая, чым думаеш пра сябе. Мне лёгка цябе шанаваць і шкадаваць, таму што сорак год змяняюць перспектыву, і я ўспрымаю цябе як іншага чалавека.
Я пішу, каб даць некалькі парадаў, якімі ты і так не зможаш скарыстацца, таму што цябе ўжо няма. Высокай, нязграбнай, неўратычнай дзяўчыны.
Твая галоўная праблема ў тым, што ты ніколі не мела ніякага гарызонту планавання. Іншыя людзі планавалі кар’еру, сям’ю, і толькі ты хацела жыць як набяжыць, скончыць універсітэт, а там жыццё само пасцеле табе дарожку пад ножкі, а кожная дарожка па-свойму цікавая. Ды і тое сказаць, дарожка з'яўляецца толькі пасля таго, як нехта яе пралажыў. Да гэтага мы маем справу з бязкрэсам, пусткай, бездаражжу, і гэта страшна і цікава.
І гэта было тваёй галоўнай памылкай — не планаваць, не марыць, а ісці куды вочы глядзяць. А вочы глядзелі на Беларусь. Беларусь цябе падвядзе пад тулянні, пакуты, пакутлівая любоў да яе будзе атручваць тваё жыццё дзесяцігоддзямі.
Таму што Беларусь будуць вытраўліваць кіслатой. І таму мая першая парада табе — знайдзі тое месца, дзе ў табе зарадзілася надзея, і затапчы гэтую змяю. Зразумей, што наперадзе не свабода і будаўніцтва пекнага краю, а праца і барацьба, каб гэты край выжыў і дыхаў. Міне сорак год, а будзе штодня рабіцца горай. І ў такой сітуацыі трэба правільна жыць і рэагаваць.
Не суцяшай сябе курывам, алкаголем, іншымі геданістычнымі рэчамі кшталту неамбітнай літаратуры ці неамбітнага кахання, інакш напрыканцы ты знойдзеш сябе там, дзе і была. Вучыся пільна, працуй напружана, пашырай лінейку навыкаў — усе спатрэбяцца твайму любімаму краю і табе самой.
Я ведаю, што ты мяне не паслухаеш. Бо і так маеш цяжкі, сур’ёзны нораў, і табе неабходная доля легкадумства. Але не давай яму паражаць усе сферы жыцця.
Думаю, першая парада пайшла намарна, і чорт з ёй. Выслухай другую. Не хітруй, не хлусі і не подлічай ні ў чым. Высакароднаму чалавеку прасцей выжыць. Яму не даводзіцца штодня прарывацца праз агіду да сябе, заліваць гэтую агіду алкаголем, абжорствам і чым толькі не заліваюць агіду да сябе.
Успаміны, крыніцы жыцця высакароднага чалавека — не атручаныя. Эрыніі за ім не лётаюць. І няма яму неабходнасці цягаць за сабой вярыгі віны, сораму і страху. Вінаваты чалавек усё болей наліваецца злобай, адрэагоўвае яе на іншых людзях і робіцца ўсё горшы, губячы сабе і ўсё навокал. Заглушыць сумленне немагчыма — гэта голас Госпада ў табе, не будзь дурніцай і не рабі гадасцяў. «Няхай твае словы будуць так-так, не-не, а астатняе ад д’ябла».
Наперадзе ў цябе чорныя часы, якія цябе атруцяць і часткова заб’юць — цябе абдзяруць з усяго, што будзе табе дорага, таму табе патрэбная правільная перспектыва. Чытай старажытных гісторыкаў і філосафаў (антычных, кітайскіх), эпасы, сучасных даследнікаў рэчаіснасці, палітолагаў, сацыёлагаў, навукоўцаў.
Ты зразумееш, што ёсць нешта большае, шырэйшае, вышэйшае і вечнае, што чалавецтва як перла сваім размераным ласіным бегам, так і далей папрэ, а ты застанешся.
Каб лягчэй пражываць дэпрывацыю, выгнанне, зламаную кар’еру, паклапаціся пра сваё прыватнае жыццё.
Жыві з максымальнай прастатой — то-бок выцягвай руку толькі па самае лепшае. Па рэчы, з'явы, людзей найвышэйшай якасці. «Не чапай, Савось, гаўна!» Часцей за ўсё табе ніхто па лапах не дасць.
Ніколі не бойся застацца адна і голая, і жалесная, і што іншыя людзі ўгледзяць тваю галізну і маласць, засмяюцца, а што яшчэ горш — пашкадуюць. Таму што ты сапраўды адзінокая, малая, голая і жаласная. Ты чалавек, адзінота належыцца чалавеку.
Мужчын бяры толькі самых прыцягальных, прыгожых і жаданых, плюнь на думку, што мужчына павінен быць надзейным чалавекам. Рэсурсы ў табе, пражывеш. У дачыненні да мужчын кіруйся толькі сэрцам, розумам, цягай, радасцю — не разлікам.
Шануй працу, кахай працу, у працы сэнс і крыніца шчасця. Але ніколі не «выходзь са свае зоны камфорту» і не «ідзі ў кірунку свайго страху». Заставайся ў сваёй зоне камфорту, бо гэта твой сонечны зайчык, рухайся ў ім у кірунку сваіх любовяў, жарсцяў і захапленняў. Ідзі да Госпада, да цяпла, бяздумна і імпэтна, як сланечнік ці пузатае шчаня.
Часу і смерці не існуе, таму ўзросту не бойся. Твае 50‑я стануць найлепшым векам. Скурка трохі пакамечаная, не бяды.
У самаацэнцы вер не сабе, а Госпаду — яму агарчыцельна бачыць, як ты з сябе здзекуешся. Ён любіць сваё заплаканае, надзьмутае, замурзанае дзіця — і верыць у яго.
Ні пра што не шкадуй, Света. Жыве Беларусь».
Пісьменніца Святлана Курс памерла ўчора, 20 ліпеня. Яна апошні год змагалася з анкалагічным захворваннем. Ёй было 54 гады.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное