Политика
Руслан Гарбачоў, фота ales-chyhir.livejournal.com і photo.bymedia.net

«Я, напэўна, павінен быў набіць ім морды і сказаць: як вы падлы, асвятлялі расійска-грузінскую вайну?!»

Адна з цэнтральных палітычных асоб Бабруйска Алесь Чыгір плюецца, калі яго называюць палітыкам. Але ўсё ж ён расказаў «Салідарнасці» пра галоўную праблему беларусаў, узгадаў, як прывязаў сябе ланцугамі да слупа, і паказаў падарунак з варожай канторы.

Калі мы дамаўляліся па тэлефоне з Алесем Чыгіром на сустрэчу для серыі матэрыялаў пра рэгіянальных палітыкаў, ён збіў мяне з панталыку. «Я палітыкам сябе не лічу, але можаце прыязджаць», – адзначыў ён. «Патлумачце сваю пазіцыю!», – запатрабаваў я як толькі з’явіўся ў Бабруйску. «Я грамадскі дзеяч!», – сказаў Чыгір і пачаў прыводзіць аргументы.

Пачынаў ён сваю дзейнасць у другой палове 90-х з правядзення адукацыйных трэнінгаў. Пасля стварэння грамадскай ініцыятывы «Свая Справа» неяк атрымалася, што Чыгір яе ўзначаліў. Зноў жа без асаблівага запалу з яго боку неяк выйшла, што ў 2001-м ён стаў у Бабруйску кіраўніком перадвыбарчага штаба кандыдата ў прэзідэнты Сямёна Домаша.

Не было вялікага жадання ў Чыгіра ўдзельнічаць і ў мясцовых выбарах 2003-га, але група аднадумцаў папрасіла яго паспрабаваць. Алесь з сябрамі залез у інтэрнет, забіў на rambler словы «Выбарчая кампанія» і ў выніку святкаваў перамогу ў першым туры.

«Якая ў мясцовым Савеце палітыка? – кажа Алесь Чыгір. – Там пытанні канкрэтныя – эканамічныя і сацыяльныя. А дэпутат – гэта чалавек, які ходзіць і просіць за сваіх выбаршчыкаў». І Алесь Чыгір хадзіў і прасіў.

Алесь Чыгір

Карацей, няма чаго спрачацца – ён не палітык. Узначальваў у 2006-м у Бабруйску перадвыбарчы штаб Мілінкевіча? Дык ён не хацеў! У сэнсе не імкнуўся. Проста асабіста Аляксандр Уладзіміравіч папрасіў. «Я вырашаў не палітычныя, а чыста тэхнічныя пытанні», – сцвярджае беспартыйны Алесь Чыгір.

– Але за вырашэнне чыста тэхічных пытанняў вас амаль адразу звольнілі з працы…

– У прынцыпе мяне звольнілі за што? За кантакты з людзьмі. Калі мяне пусцілі ў гарсавет, то быццам бы выпусцілі джына з бутэлькі. Дзверы ў маёй кватэры не зачыняліся, на сваім выбарчым участку я ведаў, у якім пад’ездзе хто жыве. Апошняй кропляй для ўлады стала мая паездка на Плошчу. У школе, дзе я працаваў настаўнікам, мяне папярэджвалі аб звальненні, але я не мог не паехаць: гэта было пытаннем майго грамадзянскага сумлення.

Чаго дамагалася ўлада? Выкінуць мяне з грамадства, зрабіць маргіналам, які не мае кантактаў з людзьмі. І зараз мы з таварышамі сапраўды апынуліся па-за грамадствам. Мы, канешне, пастаянна працуем з насельніцтвам, але гэта ніколі не заменіць працу ў школе, дзе ў мяне была зваротная сувязь з людзьмі.

– Адзін з вашых самых вядомых учынкаў, калі пасля звальнення вы прывязалі сябе ланцугамі да слупа каля гарвыканкама.

– Пасля звальнення перада мной паўстала дылема: з’есці гэта ці прыцягнуць увагу да праблемы? Аб тым, што я прыкаваў сябе, казалі шмат, а вось пра вытрымку у маіх руках з Канстытуцыі, дзе гарантавана права на працу, на жаль, узгадвалі мала. Хаця, калі быць да канца шчырым, на гэты ўчынак я пайшоў хутчэй дзеля сябе, каб даказаць, што я на нешта варты, што я не з тых, хто можа толькі выступаць на сходах.

Алесь Чыгір

– Чым вы зараз займаецеся ў Бабруйску?

– Мы з сябрамі займаемся звычайнай грамадскай дзейнасцю, якую любая ўлада павінна толькі вітаць. У адным з раёнаў горада жыхарам заміналі сметніцы, мы дамагліся, каб іх прыбралі. У іншым раёне не было дзіцячых пляцовак, мы дапамаглі людзям стварыць ініцыятыўную групу, напісаць зварот да чыноўнікаў – проста паказалі ім механізм вырашэння праблемы, і яны самі ўсё зрабілі. А калі чалавек сам можа вырашыць праблему, ён ужо не адчувае сябе вінцікам, ён адчувае самапавагу.

Ужо даўно мы прыйшлі з сябрамі да таго, што лепей не раскідаць улёткі, а рабіць культурныя імпрэзы – канцэрты, выставы. Любы аўтарытарны рэжым намагаецца, каб людзі былі раз’яднаныя. Каб пенсіянеры называлі прадпрымальнікаў жулікамі, прадпрымальнікі абвінавачвалі пенсіянераў у тым, што яны галасуюць за Лукашэнку, бацькі вучняў лічылі настаўнікаў хабарнікамі, а настаўнікі трымалі іх за алкаголікаў і гультаёў.

Наша праблема ў тым, што беларусы не могуць дамовіцца паміж сабой. За 15 год лукашызму нас прывучылі да таго, што ёсць мая думка і ёсць думка няправільная. Мы спрабуем гэту сістэму поглядаў разбураць, выхоўваць грамадства.

Калі да нас прыязджае беларускамоўны выканаўца, мы стараемся запрасіць на яго канцэрт як мага больш расійскамоўнай публікі. Каб яна ўбачыла, што ў нас ёсць беларуская музыка, што беларускамоўныя – нармальныя людзі.

– Як вы адбіраеце людзей ў сваю каманду?

– Ведаеце, на апошніх парламентскіх выбарах многім, хто хацеў дапамагчы мне ў зборы подпісаў, я казаў: дзякуй, але давайце пачакаем надыходу лепшых часоў, бо ёсць вялікая верагоднасць, што вы страціце працу. У маёй камандзе былі толькі людзі, якім губляць ужо было няма чаго.

За 15 год я пабачыў шмат зламаных чалавечых лёсаў. Пра гэтых людзей не ўзгадваюць на з’ездах палітычных партый і забываюць пра іх як толькі сканчаюцца выбары. Таму тых, хто да мяне прыходзіць, я заўсёды папярэджваю аб магчымых праблемах.

– А калі надыйдуць тыя лепшыя часы?

– Не ведаю. Я мог бы быць аптымістам і сказаць, што з нетраў апазіцыі з’явіцца вельмі харызматычны лідэр, які павядзе за сабою увесь народ. Але я ў гэта не веру. Гэта не праблема палітычных поглядаў, не ментальная праблема , а праблема выхавання нашага грамадства на працягу апошніх 15 год.

Я ведаю шмат людзей, якія не толькі супраць Лукашэнкі, а супраць усёй сістэмы. Яны кажуць гэта ўвесь час, кажуць гэта ў дзень выбараў, але калі прыходзяць на выбарчы ўчастак, ставіць птушачку за Лукашэнку. У кабінцы на выбарчым участку чалавек думае пра канкрэтныя рэчы: у мяне льготны крэдыт на будаўніцтва жылля, і мне яго трэба выплочваць яшчэ 20 год. Так, зараз цяжкія ўмовы, малы заробак, але калі зменіцца ўлада – то як будзе вырашана гэтае пытанне?

Ці ён думае: я працуе на заводзе, што трымаецца на дзяржаўных датацыях, а зменіцца ўлада – што будзе з маім заводам? Ці не атрымаецца так, што мне прыйдзецца з’ехаць на заробкі ў Расію, а жонка сыдзе да суседа Васі?

– Дык чаму гэтыя людзі галасуюць за Лукашэнку? У чым праблема?

– Праблема, якая сядзіць унутры амаль кожнага беларуса, – страх узяць адказнасць за свой лёс і лёс сваіх блізкіх. І ўлада гэтым карыстаецца.

– Бачыў на вашым блогу фотку з дзецьмі на хакеі ў «Бабруйск-арэне». Аднадумцы не абвінавачваюць вас у паходах у лядовы палац?

– Калі ён будаваўся, мне казалі: як ты можаш падтрымоўваць гэты праект? Я адказваў: тое, што ён будуецца ў гістарычнай частцы горада дрэнна і нават незаконна. Але калі з’явіцца лядовы палац, у Бабруйску можна будзе прыйсці пасля працы з сябрамі на добрае відовішча, звадзіць туды дзяцей (у Алеся Чыгіра трое дзяцейР.Г.) – што ў гэтым кепскага? Зараз я вось думаю аддаць сваіх хлопцаў у хакейную секцыю…

Алесь Чыгір

Можна, канешне, зашорыцца, уключаць з раніцы N.R.M. ў перамежку з Касяй Камоцкай, чытаць толькі беларускія кнігі і жыць летуценнямі. Але свет жа шырокі! Трэба ў ім жыць і арыентавацца…

Дарэчы, вось у мяне кубачак Масква (паказвае на кубак з выявай Крамля у сваёй руцэ Р.Г.), яго падаравалі журналісты з РІА «Новості» – а гэта ж варожая кантора (кажа іранічным голасам Р.Г.)! Я, напэўна, павінен быў набіць ім морды і сказаць: як вы падлы, асвятлялі расійска-грузінскую вайну?! А я ім паказаў Бабруйск, распавёў пра Беларусь, расказаў, што расійская эліта марна ставіць на Лукашэнку. Па-мойму, гэта значна лепш, чым біць морды.

Свой светапогляд трэба пашыраць. Мне, напрыклад, вельмі падабаюцца расійскія пісьменнікі Даўлатаў, Веллер, Шаламаў. Так, я вельмі паважаю Васіля Быкава, але мне не падабаецца яго гнятучы пессімізм – прачытаеш яго кнігу і жадання жыць далей няма.

Многія загналі сябе ў кола і рухаюцца па ім. Мы часам сядзім у сябе на офісе і жартуем: сёння у нас што? – падрыхтоўка да кангрэса. Заўтра – кангрэс, пасля выбары, затым заява, што хоць рэжым перамогу у нас скраў, маральная перамога за намі, потым выбары ў мясцовыя саветы і далей па новым коле. Я не кажу, што мы з таварышамі ідэальныя, але мы імкнемся з гэтага замкненага кола вырвацца. Часам трэба пайсці проста паразмаўляць з нармальнымі людзьмі.

– Што вы думаеце пра сённяшні час? Успрымаеце яго як рамантычны перыяд змагання за свабоду ці лічыце, што нарадзіліся не ў той краіне?

– Рамантыкі, што змагаліся з дыктатурай, даўно ад гэтага змагання ўжо адышлі ці з’ехалі з краіны. І сёння ў сваіх летуценнях спадзяюцца на манархію ці толькі на Зянона. Я ж не магу быць рамантыкам хаця б таму, што ў мяне сям’я. Лічу, што жыву ў нармальным месцы ў нармальны час.

Я, напэўна, адзін з немногіх дзеячоў дэмакратычных сіл, які задаволены сваім жыццём. Тое, што я раблю, мне падабаецца. Хаця, зразумела, ёсць шкадаванне – пры іншай сітэме, усё можна было б рабіць больш эфектыўна. Але былі моманты поспеху, асалода ад зробленай справы. Удалы ўрок у школе, перамога нашай каманды на выбарах, новы сайт пра Баруйск, поспехі дзяцей. Бывае ідзеш па вуліцы і табе проста прыемна. Галоўнае не замыкацца ў сябе, шукаць радасных момантаў.

Калі не жыць летуценнямі, а рабіць канкрэтныя рэчы, так можна прыйсці да зменаў. Ёсць праграма «Усходняе партнёрства» – давайце дабівацца, каб разам з уладамі ў праграме ўдзельнічалі прадстаўнікі незалежнага грамадства. Ёсць каардынацыйны савет пры адміністрацыі прэзідэнта – давайце спрабаваць вырашаць праз яго нейкія пытанні: не абстрактныя, кшталту правоў чалавека, а канкрэтныя – скажам, распаўсюду незалежных выданняў праз «Белсаюздрук». Калі вырашаць канкрэтныя пытанні, можа надысці дзень, калі мы прачнемся і зразумеем, што жывем ужо ў іншай краіне. А рэвалюцыі ў Беларусі, хутчэй за ўсё, не будзе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)