Политика
Алена Струвэ, Радыё Свабода

«Усходняе партнэрства» расколвае Эўропу?

Паводле дыпляматычных крыніцаў у Брусэлі, адзінай пазыцыі не назіралася ня толькі ў пытаньні ўдзелу ці няўдзелу беларускага кіраўніка ў праскім саміце.

Напружанасьць паміж старымі і новымі краінамі аб’яднанай Эўропы мела месца ў Брусэлі і ўчора, калі абмяркоўваўся праект дэклярацыі ЭЗ адносна далейшых дачыненьняў з шасьцю постсавецкімі рэспублікамі — Беларусьсю, Украінай, Малдовай, Грузіяй, Армэніяй, Азэрбайджанам. Гэты праект падрыхтавала цяперашняя краіна-старшыня ЭЗ Чэхія.

Як вядома, праграма Партнэрства накіраваная на паскарэньне палітычных і эканамічных рэформаў у былых савецкіх рэспубліках узамен на падтрымку з боку ЭЗ і саступкі ў такіх пытаньнях, як гандаль і паездкі грамадзянаў у краіны Зьвязу.

Згодна з праектам дэклярацыі, які складзены Чэхіяй, краіны-ўдзельніцы “Ўсходняга партнэрства” называюцца “эўрапейскімі краінамі”. Тым часам прадстаўнікі Заходняй Эўропы хацелі б там бачыць тэрмін “ўсходнеэўрапейскія”.

Вялікія спрэчкі выклікаў і такі момант, як візавая лібэралізацыя. На гэтым настойваюць новыя краіны ЭЗ — Вугоршчына, Польшча, Славаччына і сама Чэхія. Што да старой Эўропы, дык яна па-ранейшаму стаіць на кансэрватыўных пазыцыях і лічыць, што палёгка ў візавым пытаньні — гэта доўгатэрміновы працэс.

У сваю чаргу, шэсьць краін-удзельніц “Усходняга партнэрства” лічаць неабходным напоўніць праграму “канкрэтным палітычным зьместам”, а не пераўтвараць яе ў “просты дыскусійны клюб”, паведаміла журналістам на ўмовах ананімнасьці дыпляматычная крыніца.

Амбасадары ЭЗ маюць намер перагледзець праект дэклярацыі ў наступную сераду, напярэдадні адкрыцьця праскага саміту.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)