Политика

У Віцебску падчас напісання дыктоўкі затрымалі Барыса Хамайду, у Мінску – актывістаў «Руху «Маладая Беларусь»

Улады адзначыліся традыцыйнымі затрыманнямі актывістаў напярэдадні «Дня волі» 25 сакавіка.У чацвер у Мінску былі затрыманыя актывісты міжнароднага моладзевага грамадскага аб'яднання «Рух “Маладая Беларусь”» (Літва) Цімафей Дранчук і Антон Русін. У Віцебску затрымалі Барыса Хамайду, грамадскага актывіста і распаўсюдніка незалежнай прэсы, які ля помніка Уладзіміру Караткевічу пісаў Агульнанацыянальную дыктоўку.

Як паведамляе «БелаПАН», Дранчука і Русіна міліцыя затрымала на праспекце Незалежнасці ў раёне парка Чалюскінцаў.

“У той час, калі яны праязджалі на машыне па праспекце, невядомыя вывесілі на дамах насупраць парка бела-чырвона-белыя сцягі. Дранчук быў за рулём машыны, ён спыніўся, Русін выйшаў, каб сфатаграфаваць гэтыя сцягі. Фотаздымкі ён зрабіў, і яны паехалі далей, але праз пару дзесяткаў метраў машыну спынілі супрацоўнікі ДАІ і іх з машынай даставілі ва УУС Партызанскага раёна Мінска”, — распавёў БелаПАН лідэр “Рух” “Маладая Беларусь” Зміцер Каспяровіч.

Ёсць інфармацыя, што на абодвух актывістаў складзеныя пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні – па артыкуле 17.1 (дробнае хуліганства). Прынамсі, сцвярджаецца, што Дранчук мацюкаўся ў бок супрацоўнікаў ДАІ, якія яго спынілі.

Раніцай гэтага ж дня ў Віцебску затрымалі грамадскага актывіста і распаўсюдніка незалежнай прэсы Барыса Хамайду. Ля помніка Уладзіміру Караткевічу ён пісаў Агульнанацыянальную дыктоўку, паведамляе «Еўрарадыё».

Акцыя толькі пачалася, як побач з'явіліся праваахоўнікі. Яны запатрабавалі, каб Барыс Хамайда спыніў напісанне дыктоўкі, бо "парушае закон аб правядзенні масавых мерапрыемстваў".

Барыс Хамайда паабяцаў, што і ў пастарунку працягне напісанне дыктоўкі.

Барыс Хамайда і Сяргей Каваленка (апошні начытваў тэкст дыктоўкі)

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)