Общество
Павел Свярдлоў, Еўрарадыё

У Іванаўскім раёне расце бярозавы Ленін

Бярозавы «Ленін» ужо 43 гады расце з беларускай зямлі. Яго і з космасу можна ўбачыць.

Паміж горадам Іванава і вёскай Ляскавічы, уздоўж трасы М10 стаіць невялічкі лес. Калі гуляць па ім, нічога дзіўнага не заўважыш. Затое з картаграфічнага спадарожніка добра бачныя вялікія літары «ЛЕНИН», пасаджаныя больш цёмнымі дрэвамі на фоне больш светлых.

– Слова «Ленін» засаджанае іменнымі культурамі, — распавялі Еўрарадыё ў Пінскім лясгасе. — Лясныя іменныя культуры, а адбыліся пасадкі ў гонар рэвалюцыі.

Іменнымі называюцца культуры, пасаджаныя ў гонар значных падзеяў ці гістарычных асобаў. Дрэвы пры гэтым могуць быць звыклыя. Як і ў нашым выпадку:

– Навокал слова «Ленін» — сасновы масіў. Гэта фон, — распавёў Аляксандр Лабачэўскі, які працаваў намеснікам дырэктара па ідэалогіі ў Пінскім лясгасе, да якога належыць Іванаўскае лясніцтва. — А самі літары — бяроза, высаджаная ў 20 шэрагаў.

– Гэтыя дрэвы былі пасаджаныя на 50-годдзе Вялікага Кастрычніка, — працягвае Аляксандр Лабачэўскі. — Ляснічы там быў Падалінскі, з польскай вышэйшай адукацыяй. І вось ён стварыў такія культуры. Іх бачна на ўсіх фотаздымках. Нават у Google можна зайсці!

Надпіс мае наступныя каардынаты: 52° 9′ 30.7″ N, 25° 33′ 51.5″ E.

Дарэчы, недалёка ад месца, дзе ў Іванаўскім раёне пасадзілі Леніна, праходзіць Дуга Струве — геадэзічны аб’ект, які ахоўваецца як спадчына UNESCO. Адзін з кубоў, што складаюць дугу, ёсць у Ляскавічах, іншы — у Шчакоцку.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)