Политика

Тышкевіч: Выбухі ў Мачулішчах і ступар беларускай прапаганды

Ваенны аналітык — пра тое, чаму беларускія ўлады цягнуць з вэрсіяй пра інцыдэнт.

— Ітак, маем версію пра 2 выбухі на аэрадроме ў Мачулішчах. І маем версію (якая пацьвярджаецца шэрагам расейскіх «ваенкораў») пра пашкоджаньне самалёта дальняй аэраразведкі А-50, — піша Ігар Тышкевіч. — Гэты самалёт украй важны для РФ з пункту гледжаньня маніторынгу ўкраінскай поўначы: пачынаючы ад выяўленьня сродкаў СПА, сканчваючы радыёперахопам.

Ігар Тышкевіч

Вялікая доля верагоднасьці, што так яно і ёсьць. І тут назіраем цікавую карціну — беларуская прапаганда маўчыць, распавядае пра сьвяткаваньне масьлянай ды г.д. А сказаць, папраўдзе, няма чаго. Бо незалежна ад вэрсіі, здарэньне лупіць па разганяных тэзах аб «эфэктыўнай абароне» і кантролі над сытуацыяй беларускіх сілавікоў. Што, маўляў, мусіць гарантаваць бясьпеку грамадзянаў.

1. Калі гэта вынік раздалбайства пэрсаналу (малаверагодна), то маем выбух на беларускім аб'екце, ў выніку якога маглі пацярпець грамадзяне Беларусі. Прычым дэ-факта маглі пацярпець у выніку дзеяньняў «саюзнікаў»-расейцаў. Навочная дэманстрацыя, што расейскія войскі ў Беларусі = небясьпека.

2. Калі гэта вынік дыверсіі беларускіх партызанаў, то маем канкрэтны ляпас па іміджу тых жа сілавікоў у атачэньні Лукашэнкі. Бо незалежна ад таго, ці то дрон, ці, напрыклад, гранатамёт, зброю трэба даставіць да месца, падрыхтаваць, ужыць. Я не кажу ўжо пра разведку мясцовасьці перад тым. І гэта падстава для страху асабіста Лукашэнкі. Бо Мачулішчы пад Менскам, ахоўваюцца як важны аб'ект як расейцамі, так і беларускімі сілавікамі. Але ж, напрыклад, Дразды таксама пад Менскам...

3. Калі гэта атака ўкраінскага дрону, то тыя ж пытаньні наконт разведкі да ўдару. І тым большыя пытаньні да «надзейнай» беларускай сыстэмы СПА. Той самай, ўзмацненьнем якой, дзякуючы «дапамозе саюзнікаў», хваліўся Лукашэнка. З тымі самымі, дарэчы, высновамі па Драздах, калі што.

4. Калі гэта ДРГ, то тут наогул правал усіх. Праход ад мяжы, пасьпяховы акт, пасьпяховы сыход.

Адным словам, Лукашэнка, верагодней за ўсё, і злы і напалоханы адначасова. Ягоныя прапагандысты тупа не рубяць што рабіць — каманды ня было — і тут пытаньне атачэньня Лукашэнкі, якое думае, як не патрапіць «пад раздачу», а не як сказаць, што адбылося. А без каманды нешта даваць — патрапіць пад раздачу ўжо самім пешкам-прапагандыстам. Тым тым болей страшна.

Чакаюць вэрсію з РФ. Але ў Маскве таксама думаюць. Адзін з варыянтаў — педаляваць «удар з Украіны». Тады будуць тармашыць Лукашэнку наконт рэакцыі. А паколькі ў Менску разумеюць наступствы глыбейшага ўцягваньня ў вайну, то атрымліваем зноў расьцяжку страху.

Згуляць у аднагалосьсе з расейцамі = рабіць крок да актыўнага ўступленьня ў вайну = вельмі страшна. Сказаць што ў Маскве брэшуць = пачаць працаваць супраць расейскай прапаганды = таксама вельмі страшна.

Таму ступар і маўчаньне.

Не зьдзіўлюся, калі па выніку будзе вэрсія кшталту загарэлася каністра з бэнзінам. )) Альбо проста «а нічаво жэ не было».

ЗЫ: а спраўдзіць, ці было, вельмі лёгка — глядзець, ці будзе лятаць згаданы борт бліжэйшыя дні ці тыдні. І ці прыляціць такі ж самы яму на замену з РФ.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(34)