«Тое, што адбываецца на мяжы — гэта гуманітарная катастрофа»

Спявачка Кацярына Ваданосава рассказала аб эвакуацыі з Украіны ў Польшчу: «Дзеці амаль ніхто не плакаў, за выключэннем, можа, немаўлят. Усе стойка ішлі, хоць было неспрыяльнае надвор'е, ішоў такі снега-дождж, вельмі было халодна, — а яны прайшлі ўсю дарогу са сваімі мамамі».

Беларуская спявачка і тэлевядучая летась вымушаная была экстрана з'ехаць з сям'ёй з Беларусі праз пагрозу крымінальнага пераследу і адабрання дзяцей. Усяго праз некалькі месяцаў давялося зноў браць у абдымкі дзяцей, самыя неабходныя рэчы і зноў бегчы, але ўжо ратуючыся ад вайны.

З Кіева сям'я з дапамогай сяброў дабралася да Львова, дзе некалькі дзён правяла ў інтэр'ерах бомбасховішчаў, але потым цягнікі са Львова да мяжы адмянілі. Цяпер Кацярына дзеліцца сваім досведам эвакуацыі:

— Мы былі непасрэднымі сведкамі таго, як ідзе вайна. Мы не ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях, побач з намі не рваліся снарады — мы бачылі бамбёжку, але гэта было вельмі «лайтова».

…Нас вывозілі валанцёры. Дзеля таго, каб мы не ішлі 20 кіламетраў уздоўж аўтамабільнай чаргі да мяжы, карэнныя жыхары Львова везлі нас лясамі, палямі, каб адвесці ў пачатак другой — пешай чаргі, яна невялікая адносна аўтамабільнай.

Па дарозе, згадвае Кацярына, машыну тройчы правяралі на КПП ўзброеныя людзі:

— Калі яны ўбачылі нашы беларускія пашпарты, яны былі проста раз'юшаныя. Яны крычалі, што мы дыверсанты, здраднікі, што яны лічылі нас братамі, а мы цяпер прыходзім на іх зямлю са зброяй і цяпер яшчэ хочам эвакуявацца… Было вельмі цяжка растлумачыць ім, што мы не ворагі.

Двойчы прыязджала паліцыя, другім разам на нас проста паставілі руль аўтамата — адабралі дакументы і некуты павезлі. Я баялася, што нас вязуць у турму. Зрэшты, не магу сказаць, што баялася — мне было ўжо нястрашна. Было ўсё роўна, і думала: як бы там ні было, горш ужо не будзе.

Але не павезлі ні ў турму, ні ў пастарунак, а пакінулі ў нейкім месцы на дарозе, пасля пачатку аўтамабільнай чаргі, дзе нас падабраў грузавы «бобік» з закратаванымі вокнамі і з драўлянымі даўкамі ўнутры: хтосьці ўладкаваўся на лаву, хтосьці пад лавай — і так давезлі да пачатку пешай чаргі.

Кацярына прызнаецца: вельмі ўдзячная кіроўцу гэтага аўтамабіля, хоць ён вельмі напамінаў тыя «бусікі», у якія грузілі беларусаў у 2020-м годзе, і бясконца ўдзячная валанцёрам, якія на дзвюх машынах дапамаглі беларусам у эвакуацыі і гарой адстойвалі іх супраць атрадаў самаабароны, паліцыі, КПП, даказваючы, што беларусы — не ворагі.

— А яшчэ кіроўца-жанчына, якая нас везла, падарыла мне сваю шапку і пальчаткі, бо ў мяне не было цёплага адзення. У рэшце рэшт, пальчаткі апынуліся ў маёй калегі, якая таксама ехала з двума дзеткамі, а шапка стала другой шапкай на галаве дачкі, таму што дзеці вельмі моцна замярзалі.

«Невялікая» пешая чарга на мяжы — гэта былі некалькі тысяч жанчын і дзяцей, ад года да 13-14, якія стаялі і чакалі на марозе:

— І гэта нямнога, мы вельмі хутка прайшлі мяжу — гэта заняло ўсяго 5 гадзін, у параўнанні з тым, што людзі стаяць па некалькі сутак.

Тое, што мы адчувалі, стоячы ў чарзе, падавалася не тое каб натуральным, але такім… вычварна-нармальным, — падбірае словы Кацярына. — А сёння, пасля таго, як мы паспалі 5 гадзін, я разумею, што гэта быў трэш. Тое, што адбываецца на мяжы — гэта гуманітарная катастрофа.

Уявіце сабе некалькі тысяч жанчын з дзецьмі, якія ідуць амаль без рэчаў… Я бачыла жанчын, якія здымаюць з сябе цёплае адзенне, каб сагрэць дзяцей. Я бачыла дзетак у вазочках, якім месяц ад нараджэння, і іх мамы нясуць праз мяжу, у чым могуць — у слінгах, вазочках, на руках — таму што ў іх няма іншага выбару: у іх дом прыйшла вайна.

Штурм украінска-польскай мяжы. Фота Алеся Пілецкага

Такое раней я магла ўявіць толькі ў кіно. І дзеці амаль ніхто не плакаў, за выключэннем, можа, немаўлят. Усе стойка ішлі, хоць было неспрыяльнае надвор'е, ішоў такі снега-дождж, вельмі было халодна, — а яны прайшлі ўсю дарогу са сваімі мамамі, — не можа стрымаць слёз беларуска.

У майго сына пачалася мігрэнь ад холаду, а дачка замярзала, але разумела, што ў свае амаль 11 год яна ўжо занадта дарослая, каб скардзіцца — я бачыла, што яе проста калоціць ад холаду, але яна казала, давай лепш ухутаем брата…

Гэты бясконцы этап жанчын і дзяцей праходзіў мяжу, памежнікі нам вельмі дапамагалі, як і валанцёры: яны раздавалі пледы, сырнікі, бліны, гарачы боршч у папяровых кубачках — гэта было вельмі, вельмі важна для ўсіх тых людзей. Потым нас сустрэў калега, мы паехалі да нейкага прытулка — і нарэшце, мы ў бяспецы.

Я б вельмі хацела, каб два *** *** зазірнулі ў вочы кожнай жанчыне, якая там стаяла, паглядзелі ў твар кожнаму дзіцёнку, які там мёрз, якія ўсё гэта цярпелі і нават не ўсведамлялі, што ім прыходзіцца перажываць.

Тое, што я бачыла на ўласныя вочы, што перажылі мае дзеці, усе дзеці і жанчыны — гэта не забудзецца і не даруецца ніколі. Спыніцца, калі ласка, гэтую вайну. Зрабіце што-небудзь, каб гэта ўсё скончылася!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(11)