Шрайбман: «Калі ядзерная зброя ў сталым рэжыме будзе размяшчацца ў краіне, гэта для беларускай гісторыі можа стаць нечым сувымерным з 2020 годам»

Палітычны аналітык — пра наступствы размяшчэнне ядзернай зброі ў краіне.

Нагадаем, на саміце ЕАЭС Лукашэнка распавёў журналістам, што 24 мая Пуцін падпісаў указ аб дзеяннях па размяшчэнні ядзернай зброі ў Беларусі. Паводле ягоных слоў, месца для захоўвання падрыхтаванае, і пачалося перамяшчэнне ядзерных баепрыпасаў.

— Даволі відавочна, што нічога прыемнага тут няма з усіх пунктаў гледжання для Беларусі, — адзначыў Арцём Шрайбман у эфіры «Е*рарадыё». — Калі мы размаўляем у катэгорыі нацыянальных інтарэсаў,  тут мне здаецца, найбольш такі відавочны выпадак, калі нешта гэтым інтарэсам не адпавядае, таму што, па-першае, мы становімся закладнікамі (пра гэта ўсе казалі), мішэнню, але таксама мы прывязваемся яшчэ больш шчыльна да Расіі.

На думку аналітыка, калі ядзерная зброя сапраўды з’явіцца ў Беларусі, і ў яе будзе  сталае месца захоўвання з вайсковай базай, то вывесці яе будзе не проста складана, і ў яе ёсць добрыя шанцы перажыць сённяшнія беларускія і расійскія ўлады.

Арцём Шрайбман

Арцём Шрайбман не лічыць, што размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі з’яўляецца блефам дзеля таго, каб папужаць Захад, Украіну.

— Раней ці пазней — у ліпені ці ў жніўні, ці ў верасні мы прыйдзем да моманту, калі перад Пуціным стане выбар: на мае пагрозы не рэагуюць, што я раблю? Падвышаю стаўкі. Далей, паколькі ён сам акрэсліў, куды ён будзе гэтыя стаўкі падвышаць, даволі лагічна, што раней ці пазней гэтая зброя з’явілася б.

…Было паблажлівае стаўленне з боку некаторых заходніх экспертаў, што гэта проста пужалкі. Не, гэта не проста пужалкі. Такія пагрозы, асабліва калі яны агучаныя не ў якасці пагроз, а ў якасці планаў, іх рэпутацыйна вельмі цяжка адматаць назад для Пуціна, таму што гэта будзе выглядаць, што ён абвесціў крок, а потым яго чымсцьці запалохалі, і ён не зрабіў гэтага, таму раней ці пазней гэтая зброя з’явіцца, калі яна ўжо не з’явілася.

На думку эксперта, Расіі нічога не замінае паставіць хоць уздоўж усёй украінскай мяжы ядзерную зброю, і нават у Крыме, і на акупаваных тэрыторыях.

— Ці ёсць у Расіі такі план на Беларусь, мы не ведаем, але што дакладна разумеем, як у Чэхава, ружжо вісіць — падвышаецца верагоднасць таго, што на наступным вітку эскалацыі падумаюць: а чаму б не выкарыстаць, калі яно ёсць, калі мы сапраўды у пункце гісторыі, калі альбо параза, альбо ядзерная зброя для Расіі. Таму гэта каласальнае падвышэнне рызыкаў для Беларусі.

Калі ядзерная зброя ў сталым рэжыме будзе размяшчацца ў краіне, гэта для беларускай гісторыі можа стаць нечым сувымерным з 2020 годам, таму што гэта ўцягванне на новым узроўні ў патэнцыйны глабальны канфлікт.

Арцём Шрайбман мяркуе, што расійска-украінская вайна працуе як анестэтык для беларускага грамадства:

— Як нешта, што забівае боль, як нешта, што дазваляе Лукашэнку гуляць у гульню «я міратворац», «я той, хто нясе вам мір», «я той, хто не дазваляе Беларусі ўцягнуцца ў гэтую вайну», прынамсі для часткі даверлівай аўдыторыі ўнутры краіны. І гэта адсунула на другі план сапраўдныя праблемы, якія існуюць у краіне, і эканамічныя, і палітычныя — і нявырашанасць палітычнага крызісу, і стагнуючую эканоміку.

А калі гэты анестэтык мы прыбіраем з нашай сітуацыі, то мы бачым, што ён будзе вымушаны працаваць з рэальнымі праблемамі. Ён гэта рабіць не асабліва ўмее, таму можна чакаць новых рэйтынгавых праблем Лукашэнкі ў выпадку, калі вайна ў павестцы дня беларусаў прасядае як падзея, і больш беларусы за ёй не сочаць. Яны пачнуць за тым, што адбываецца ў краіне, і нашмат больш асэнсавана, чым у час, калі ім суб’ектыўна пагражае вайна. Таму што калі табе пагражае вайна, ты не звяртаеш увагі на больш дробныя праблемы.

Зараз не можа быць пераканаўчай стратэгіі мірных пратэстаў у Беларусі (нават калі мы рэпрэсіі за дужкі выведзем). Нават канцэптуальна пратэсты зараз у Беларусі — гэта шлях да расійскай акупацыі. Зараз на дэманстрацыі выходзіць празаходнія, дэмакратычныя — значыць проста запрашаць расійскія танкі ў краіну, нават больш, чым яны ёсць. І таму ў дэмсілах ёсць пэўны канцэптуальны вакуўм, — лічыць Шрайбман.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.5(74)