Общество
Анастасія Зелянкова

«Рэклама на беларускай мове больш прываблівае і запамінаецца»

Стартаваў конкурсны этап Першага фестывалю беларускамоўнай рэкламы і прамоцыі «Adnak!».

Ініцыятарам гэтага мерапрыемства выступіла агульнанацыянальная культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!”.

— Наша мэта – аб’яднаць беларусаў на глебе мовы, павагі да сваёй краіны, праз розныя метады давесці, што беларуская мова можа быць моднай і сучаснай, — патлумачыла каардынатар кампаніі “Будзьма” Алена Макоўская. — Калі мы праводзілі даследаванне і вызначалі сацыяльны партрэт беларуса, то аказалася, што 19 гадоў незалежнасці не прайшлі дарэмна. Памянялася стаўленне да мовы, больш за 40% назвалі яе нацыянальнай каштоўнасцю, якую трэба берагчы, яшчэ 30% -- нацыянальным сімвалам. Грамадства гатова ўспрымаць беларускую мову праз самую розную інфармацыю. А рэклама – гэта і ёсць інфармацыйны прадукт. Таму мэта фестывалю – не толькі прамоцыя беларускай мовы, але і адказ на запатрабаванне грамадства.

Арганізатары фестывалю плануюць сабраць усе працы беларускіх рэкламiстаў, зробленыя на беларускай мове за апошнія тры гады.

У конкурснай праграме фестывалю прадугледжаны наступныя намінацыі:

- Тэлевізійная і кінарэклама

- Друкаваная і вонкавая рэклама

- Дызайн (паштоўкі, календары, буклеты, лагатыпы, фірмовы стыль)

- Этыкетка і ўпакоўка

- Інтэрнэт-рэклама (банэры, прома-сайты, інтэрактыўныя праекты і інш.)

- Радыё ці аўдыёрэклама (ролікі для радыёэфіру і для эфіру ў залах гандлёвых аб’ектаў)

- Рэкламныя кампаніі, промаакцыі ды інш. праекты

- Сацыяльная рэклама (ТБ, вонкавая рэклама, постэры і інш.)

- Конкурс маладых беларускіх рэкламістаў (да 28 гадоў)

- Конкурс «Самы беларускамоўны сусветны брэнд»

- Конкурс «Створаны, але не рэалізаваны праект»

— Мы мяркуем сабраць каля 100 прац, — патлумачыў Сяргей Скараход, кіраўнік спецыялізаванага рэсурсу Marketing.by, які выступіў арганізацыйным партнёрам фестывалю. – Мы ўпэўненыя, што “Adnak!” будзе садзейнічаць выпрацоўцы нацыянальных прыярытэтаў у рэкламе, пошуку новых формаў камунікацыі. Заўважана, што рэклама на беларускай мове больш прываблівае, запамінаецца, магчыма, і таму, што яе не так многа. Трэба разумець, што галоўнае тут нават не ацаніць, а сабраць, каб бачыць, у якім накірунку рухацца далей.

Аднак пра прызы арганізатары таксама не забыліся. Пераможцы будуць уганараваныя дыпломамі і грашовымі ўзнагародамі, а таксама адмысловымі статуэткамі, падрыхтаванымі спецыяльна для фестывалю. На ўрачыстай цырымоніі, якая адбудзецца ў канцы чэрвеня, кампетэнтнае журы падвядзе вынікі.

Таксама плануецца наладзіць шэраг выстаў, на якіх усе жадаючыя змогуць азнаёміцца з працамі, прадстаўленымі на конкурсе.

Арганізатары падкрэсліваюць, што ўдзельнікамі фестывалю могуць быць як прафесійныя гульцы рэкламнага рынку (рэкламныя агенцыі, студыі, СМІ ды інш.), так і асобныя аўтары, фрылансеры і грамадскія аб’яднанні. Узроставых і тэрытарыяльных абмежаванняў няма. Да ўдзелу ў конкурсах прымаюцца таксама яшчэ не рэалізаваныя праекты, зацверджаныя замоўцам. Прадугледжаны спецыяльны конкурс для праектаў, якія не прайшлі ўзгадненне ў замоўцы.

Работы прымаюцца Аргкамітэтам фестывалю па адрасе adnak@marketing.by з 14 мая па 23 чэрвеня 2010 года. Дадатковая інфармацыя пра фестываль даступная з 13 мая на сайце фестывалю Adnak.by, на інтэрнэт-рэсурсах Budzma.org i Marketing.by, а таксама на партнёрскіх сайтах.

Удзел у фестывалі бясплатны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)