Радыё Свабода: «Віцебская доктарка пра сітуацыю ў горадзе – шпіталі запоўненыя пацыентамі з пнэўманіяй»

Доктарка аднаго зь віцебскіх шпіталяў расказала Радыё Свабода пра сытуацыю ў горадзе ва ўмовах пандэміі каранавірусу. Змрочная і трывожная карціна.

Ілюстрацыйнае фота

Віцебскі гарвыканкам зацьвердзіў надзвычайны плян дадатковых мерапрыемстваў па прафіляктыцы і зьніжэньні распаўсюду каранавірусу і іншых рэсьпіраторных інфэкцый.

Суразмоўніца Радыё Свабоды папрасіла захаваць ананімнасьць, але рэдакцыі вядомыя яе прозьвішча і месца працы.

«У нас усё пачалося з таго, што работнікі абутковых фабрык зьезьдзілі ў Мілян. Яны вярнуліся ўжо заражаныя каранавірусам. Ніякіх карантынных мерапрыемстваў не было зроблена, яны хадзілі на працу, у крамы, іх дзеці хадзілі ў школы. На жаль, у Віцебску ўсё гэта распаўсюдзілася шырэй, чым у іншых гарадах. Я Менск не лічу, бо там насельніцтва больш.

Чатыры шпіталі ў горадзе перапрафіляваныя пад прыём пнэўманій: тубэркулёзны дыспансэр, скурна-венэралягічны дыспансэр, 1-я гарадзкая бальніца і былая чыгуначная. Усе яны запоўненыя пацыентамі з пнэўманіяй.

Інфэкцыйны шпіталь працуе цяпер толькі для кантактаў першага ўзроўню.

У ім проста ляжалі людзі, якія вытрымлівалі карантын, іншых пацыентаў не бяруць. Была праблема, што яны ня бралі кішэчную інфэкцыю — ані дарослых, ані дзяцей. І гэтая кішэчная інфэкцыя, замест таго каб ізалявацца ў адным шпіталі, распаўсюджвалася па розных: дзеткі паехалі ў дзіцячы шпіталь, а дарослыя — у былы чыгуначны.

У чыгуначным шпіталі быў пэрыяд, калі яны на тыдзень закрываліся праз карантын па кішэчнай палачцы, бо гэты шпіталь не прызначаны для кішэчных пацыентаў. Груба кажучы, там у канцы калідора адзін агульны туалет, што для кішэчных інфэкцый немагчыма. Адна санітарачка на ўсё аддзяленьне — яны проста не пасьпявалі ўсё апрацаваць, як бы ні стараліся.

Тубэркулёзны дыспансэр закрыты пад пнэўманіі, але там няма аддзяленьня рэанімацыі і апаратаў (штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. — РС), натуральна, няма.

Пнэўманій у Віцебску вельмі шмат. Як мінімум у 2-3 разы больш (чым звычайна. — РС). Я памятаю эпідэмію 2009 году, калі ў нас быў сьвіны грып, то такога не было, каб у нас 4 шпіталі былі закрытыя пад пнэўманіі. То бок кожная рэанімацыя неяк давала рады. Але каб цэлымі шпіталямі закрываліся, не было такога.

Пацыентаў вязуць шмат і адначасова. І гэта людзі, якім ужо патрэбная дапамога — у іх аднабаковыя ці двухбаковыя пнэўманіі, ім трэба антыбіётыкі, прэвэнтыўная тэрапія, з чым нельга справіцца дома.

У чыгуначным шпіталі ў пятніцу было 5 пацьверджаных выпадкаў каранавірусу. Рэаніматолягі працуюць на знос. Раней аддзяленьне рэанімацыі займала 6 ложкаў, цяпер яно пашырылася на ўвесь паверх. Апэрацыйная закрытая — там ляжаць пацыенты, якія патрабуюць ШВЛ і кісларод. Усе плянавыя апэрацыі скасаваныя, пра гэта няма нават гаворкі.

У дзіцячым шпіталі чатыры аддзяленьні аддалі пад пнэўманію. Нельга сказаць, што дзеткі не хварэюць, але яны хварэюць нашмат лягчэй. У дзіцячым няма аніводнага дзіцяці на ШВЛ. Але яны хварэюць, яны носьбіты. І тое, што ў нас цяпер адкрытыя дзіцячыя садкі і школы — гэта катастрафічна.

Цяпер чыгуначны шпіталь не прымае пацыентаў, перапрафілююць і шпіталь хуткай мэдычнай дапамогі.

Ягоны тэрапэўтычны корпус будуць закрываць пад прыём пнэўманій. І адзіная лякарня, якая зможа экстрана аказваць дапамогу хірургічным, кардыё, — нэйрапацыентам, — гэта абласны шпіталь. А там паўтары тысячы ложкаў. Ня ведаю, як гэтыя бедныя дактары вытрымаюць.

Мэдпэрсанал таксама хварэе. І катаральных шмат, і пнэўманіі ёсьць. Наша мэдсястра ляжыць з двухбаковай пнэўманіяй. У яе мазок (на каранавірус. — РС) ніхто ня браў. Яшчэ ў адным шпіталі хварэе рэаніматоляг і мэдсястра, напэўна, заразіліся ад сваіх жа пацыентаў. Мы проста скардзіцца ня звыклыя. Але ўсе звыклыя, што кроў з носа, але выходзь на зьмену.

Шмат у каго ёсьць гэтыя клясычныя сымптомы, але мы проста выходзім на працу, бо нас ня так ужо і шмат. Возьмем тыя ж распараджэньні мясцовага аддзелу аховы здароўя, што кожны мэдработнік мусіць перад прыходам на працу мераць тэмпэратуру і запісваць у нейкія лісты.

Мы яе ня мераем, проста пішам 36,6 і праходзім далей, бо ведаем, што ў паловы будзе падвышаная тэмпэратура. Мы працягваем працаваць, бо куды нам падзецца.

Цяпер трэба праінфармаваць насельніцтва пра тое, як правільна мыць рукі, карыстацца дазатарамі з дэзсродкамі. Пра тое, што ня трэба хадзіць па гандлёвых цэнтрах і выбіраць сабе новую пару калготак ці бусікі. А калі трэба хлеб — схадзілі па хлеб і селі дома. А ў нашым разуменьні сядзець дома — гэта аддаць дзяцей бабулям і дзядулям, сабрацца 20 чалавек і паехаць на шашлыкі. Гэтага рабіць цяпер нельга.

Была б мэдработнікам аддача ад дзяржавы, мы б казалі праўду. Але дзяржаве на нас пляваць, то і нам больш-менш усё адно. Пакуль зь вялікай трыбуны нам будуць расказваць пра трактар, саўну і ўсё іншае, у нас у пляне карантынных мерапрыемстваў нічога добрага ня будзе. Бо ўвесьці карантын — гэта падпісаць загад. А ўсе нашыя кіраўнікі баяцца, бо ведаюць, што іх у любым выпадку пакараюць за гэта пасьля.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(71)