Филин

Сяргей Васілеўскі

Пашкевіч: «На ўзбраенне ўзятая тактыка ашаламлення ўсіх прыгожымі лічбамі. Адсюль і гэтыя 800 патрыятычных клубаў»

Гісторык Аляксандр Пашкевіч у каментары Филину паразважаў пра «ген патрыятызму» і адмоўную селекцыю суддзяў і пракурораў.

Аляксандр Пашкевіч

— На днях віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка заявіў, што ў беларусах недастаткова «гена патрыятызму», а таму яго трэба развіваць, каб атрымаўся «сапраўдны грамадзянін і патрыёт». Па яго словах, у Беларусі ўжо створана 800 патрыятычных клубаў, а да канца года ў кожнай школе адчыняць патрыятычныя класы.

Выглядае на тое, што чыноўнікі ўзяліся перамагаць «генетычна-патрыятычную» праблему колькасцю, а не якасцю. Што з гэтага можа атрымацца?

— Безумоўна, пытанне так і стаіць. Бо чыноўнікам пастаўлена задача пашыраць гэты «ген патрыятызму», што б пад гэтым не разумелася. А мы разумеем, што ў любым выпадку тут робіцца ўсё, каб дзеці выхоўваліся ў кірунку лаяльнасці да ўлады. Гэта акурат і называецца патрыятызмам.

Для таго, каб гэтыя задачы выканаць, чыноўнікі павінны прыдумаць нешта сучаснае, ноў-хаў, нешта, да чаго іншыя яшчэ не дадумаліся. Альбо проста для справаздачнасці рабіць прыгожую карцінку таго, што ўжо ёсць, проста пашыраць як колькасна.

А паколькі з крэатывам у нашых чыноўнікаў ды ідэолагаў заўсёды было слабавата, яны нават у працы з насельніцтвам выкарыстоўвалі напрацоўкі сваіх апанентаў, то ім тут цяжка будзе зрабіць штосьці новае.

Таму і ўзятая на ўзбраенне тактыка ашаламлення ўсіх прыгожымі лічбамі. Адсюль і гэтыя 800 патрыятычных клубаў, а таксама нейкія патрыятычныя адзінкі ў кожнай школе і ў кожным класе.

Думаю, гэта ўсё робіцца для справаздачнасці, каб не было прэтэнзій з боку вышэйшага начальства.

— У калоніі памёр палітзняволены Мікалай Клімовіч. Суддзя Андрэй Бычыла і пракурор Ілля Гузарэвіч, якія адправілі за краты хворага на сэрца, — маладыя яшчэ людзі. Мяркуючы па іх біяграфіі, абое з’яўляюцца кар’ерыстамі. Ці можна іх лічыць прадуктам лукашэнкаўскай эпохі? Ці такія людзі ёсць у любым грамадстве?

— Я думаю, што гэта не столькі вынік выхавання новага пакалення. Тут хутчэй трэба казаць пра вынік негатыўнага адбору ў судовай сістэме, у асяродку сілавікоў.  

Як мы ведаем, фармаванне судовай улады, такой, якой яе хацеў бачыць Лукашэнка, ішло з першых гадоў ягонага кіравання. І цягнецца ўжо трыццаць гадоў.

За гэты час яе можна было спакойна выбудоўваць, вылучаць на пасады кар’ерыстаў, не абцяжараных сумленнем, гатовых праз яго пераступіць.

Такая селекцыя вялася доўгі час і ў выніку сама сістэма апынулася жалезабетоннай. Не з-за таго, што беларусы ўсе такія, што нейкая асаблівая беларуская моладзь.

У любым грамадстве ёсць пэўны працэнт людзей такога тыпу, якія дзеля кар’ерных і маёмасных інтарэсаў гатовыя ахвяраваць маральнымі нормамі і ісці літаральна па трупах. Проста незаўсёды і не ў кожнай сістэме для такіх людзей складваюцца спрыяльныя ўмовы для іх раскрыцця.

Калі ўявіць сабе, што адносна траваядная сітуацыя ўзору да 2020-га захавался, то гэтыя людзі рабілі б сваю кар’еру, зрэдку судзілі, але без нейкіх крайнасцяў, а пасля б выйшлі на пенсію і мелі добрую рэпутацыю.

Як той суддзя Бычыла, пра яго кажуць, «чалавек з мяккім голасам», таксама мог лічыцца нармальным. Але тут мы маем тое, што судовая сістэма стала ці не самым паспяховым праектам лукашэнкаўскай мадэлі. Яна не пахіснулася ў пачатку 2020-х.

Яшчэ адзін паказчык яе паспяховасці: Валянцін Сукала, якому больш за 80 гадоў, ад самага пачатку кіравання Лукашэнкі займае пасаду старшыні Вярхоўнага суда. Ягонае рэфармаванне судовай сістэмы так спадабалася, што ён усе гэтыя гады пратрымаўся на сваёй пасадзе.

І гэта сведчыць пра тое, што сістэма будавалася вельмі ўмела, селекцыя праводзілася правільна з пункту гледжання рэжыма. У гэтым прычына, а не ў тым, што ў нас нейкая не такая моладзь.

Мы маем жахлівую сістэму адбору, якая працуе пад кіраўніцтвам Сукалы. На жаль, такія людзі ёсць паўсюль. Тое, што ў нас стварылася сітуацыя, якая дазволіла ім вывучыцца і пачаць гандляваць людскімі лёсамі, канечна, жахліва і трагічна.

І ў будучыні мы сутыкнемся з вялікім выклікам, што з гэтым усім пасля рабіць. Як ламаць гэтую сістэму, калі ў Беларусі наступяць перамены. Бо ўзнікне таксама і кадравае пытанне. А пакуль што гэта яскравы паказчык таго, які ў нас рэжым і якія норавы ў ім пануюць.

— І яшчэ адна падзея, якая выклікала бурлівае абмеркаванне ў сацсетках: у Гродне на 9 мая святочны натоўп падпяваў Газманаву пад песню пра Расію. Сярод іншага гучаць меркаванні пра пераменлівасць настрояў у беларусаў. Маўляў, учора слухалі Ціханоўскую, а сёння падпяваюць крамлёўскаму спеваку. Ці варта драматызаваць гэтую сітуацыю?

— Для таго, каб гэта неяк ацэньваць, трэба добра ведаць, як сапраўды гэта ўсё арганізоўвалася. Якім чынам збіралася гэтая плошча, хто там яшчэ быў акрамя Газманава. Колькі там насамрэч было праўладнага актыву, каб арганізаваць такую карцінку.

Бо для такіх спеваў хорам можна сабраць моладзь з БРСМ, людзей з праўладных арганізацый.

Трэба разумець, што не кожны чалавек мае ў сабе стрыжань, каб разбірацца ва ўсіх нюансах, сачыць за палітычнымі момантамі. Ёсць у горадзе нейкае свята, мерапрыемствы, ён туды пайшоў, пастаяў, паглядзеў. Так і стварылася масавасць.

Трэба разумець таксама, што ў нас няма такой ужо заглыбленасці ў «русский мир». Ёсць аматары расійскай папсы, якія часта не заўважаюць у гэтым нейкага палітычнага чынніка.

І такія людзі могуць пайсці на вось такі канцэрт без усялякай задняй думкі, не разумеючы, што іх пры гэтым могуць выкарыстаць у якасці матэрыялу для ідэалогіі.

— Акрамя таго тут працуе звычайная матэматыка: ці варта рабіць трагедыю з таго, што ў 300-тысячным горадзе некалькі тысяч прыйшлі на Газмнава.

— Паўтаруся, тут трэба разумець, як гэта ўсё было зроблена, арганізавана. На жаль, мы цяпер знаходзімся ў інфармацыйнай блакадзе, калі не можам мець поўнай карціны падзей. Бо тыя ж незалежныя СМІ яе не даюць, толькі нейкія фрагменты.

Бо супрацоўніцтва з прэсай, якую прызналі «экстрэмісцкай», караецца ўладамі. СМІ не могуць мець праз гэта ўласных карэспандэнтаў у краіне.

Таму мы павінны разумець, што часам карцінка, якую нам дэманструюць, можа не да канца адпавядаць рэчаіснсці, яна можа быць і пастановачнай.

Адначасова мы не можам выключаць і таго, што сапраўды, у 300-тысячным горадзе могуць быць некалькі тысяч аматараў «русского мира», якія ўсё гэта шчыра падтрымліваюць і любяць слухаць Газманава.

Тут таксама можа быць такі фактар, што на гэтыя выходныя прыязджала шмат расійскіх турыстаў. Так, гэта быў вечар 9 мая, многія маглі ўжо раз’ехацца, але нейкая частка магла патрапіць і на той канцэрт.

Але ў любым разе, не маючы поўнай карціны, цяжка ацэньвааць. І тым больш, не варта кідацца ярлыкамі і размахваць шашкай. Бо мы ведаем, у якіх умовах жывуць сёння беларусы ў Беларусі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(18)