Филин

Юлія Кот

«Ніхто не кажа: ведаеце, мы прадаём на кірмашы керамічныя званочкі, каб набыць антыдронавыя сеткі для расейскай арміі»

Як беларускі манастыр працягвае прасоўваць «рускі свет» і зарабляць у Еўропе.

Па беларускіх гарадах працягвае крочыць сямейны праваслаўны фестываль «Радасць»: 17 верасня ён распачаўся ў Баранавічах, да таго тыдзень гасцяваў у Пінску.

Мерапрыемства пазіцыянуецца як міжнароднае, прынамсі заяўленыя больш за 30 храмаў і манастыроў з Беларусі, Расіі, Сербіі, Малдовы, Чарнагорыі, Грэцыі, Сірыі і Палесціны, але арганізатар яго — мінскі Свята-Елісавецінскі манастыр, які ўжо не раз адзначыўся прапагандай «рускага свету» і падтрымкай расейскай ваеннай агрэсіі.

Вось і цяпер у межах фестывалю паказваюць расейскую агітку «Фагот», якая рамантызуе вайну ва Украіне, ладзяць дабрачынныя канцэрты «Своих не бросаем», сродкі якога будуць скіраваная «ў дапамогу Данбасу», манахіні ў георгіеўскіх стужках збіраюць грошы і рэчы сумесна з фондам Талая і заклікаюць напісаць лісты расейскім салдатам на фронт.

«Можна падтрымаць братоў-славян, якім зараз цяжка, зрабіўшы грашовы ўнёсак», — паведамляе раёнка Наш край у рэпартажы з фестывалю.

Нагадаем, акурат з грашовых ахвяраванняў вернікаў Свята-Елісавецінскі манастыр набываў аўтамабілі і антыдронавыя стрэльбы для расейскіх вайскоўцаў. Духаўнік  манастыра Андрэй Лемяшонак адкрыта падтрымлівае вайну — напрыклад, нядаўна ў выступе назваў яе «аперацыяй па выдаленні ракавых клетак на целе Святой Русі».

А яшчэ адзін з манастырскіх валанцёраў, пісьменнік Мікалай Гаўрылаў, ужо больш як год  кіруе групай «Дапамога Данбасу» і рэгулярна ездзіць «у прыфрантавыя раёны з гуманітарнай місіяй» — нядаўна ён атрымаў грамату ад акупацыйных уладаў так званай «ДНР» і абмовіўся, што гэта не апошняя ўзнагарода.

Пры гэтым ні асуджэння вайны, ні заклікаў яе спыніць, ні падтрымкі пацярпелым мірных жыхарам Украіны ад прадстаўнікоў Свята-Елісавецінскага манастыра не гучыць. То бок, хрысціянская міласэрнасць, якую тут дэманструюць, відавочна аднабокая. Дый ці дарэчы будзе гэтае слова?

— Безумоўна, сёння манастыр і ягоныя лідары падтрымліваюць расійскую агрэсію ва Украіне і не хаваюць гэтага. Аднак да міласэрнасці Свята-Елісавецінскага манастыра ўжо даўно былі пытанні, — зазначае ў інтэрв’ю Филину тэолаг і палітолаг, мадэратарка «Хрысціянскай візіі» Наталля Васілевіч. — Напрыклад, яны часта хадзілі да людзей, якія хварэюць, альбо ў разгар кавіду, калі і самі яны хварэлі, і насаджалі татальны недавер да традыцыйнай медыцыны.

З майго досведу, тыя шпіталі, якія наведваюць прадстаўнікі манастыра, хутчэй разглядаюцца як новыя пункты збыту сваёй прадукцыі: алею, якім можна што-небудзь памазаць, гарбаты, якую выпускаюць на падворку, кніжак, святой вады — усяго таго, што людзі могуць успрымаць як альтэрнатыўны спосаб лекавання.

Хоць па сутнасці гэта мала чым адрозніваецца ад якіх-небудзь шарлатанаў, якія прадаюць грыб-вясёлку як сродак ад розных хваробаў — але людзі пад уплывам манашак адмаўляюцца ад тэрапеўтычнага лекавання, ад метадаў сучаснай медыцыны — нават тых, хто хварэе на рак, пераконваюць адмаўляцца ад хіміятэрапіі, нібыта гэта «атрута»…

Таксама ёсць пытанні і да дапамогі, якую манастыр аказвае людзям, хто мае залежнасці — алкагольную, наркатычную, ці хто вызваляецца з турмаў. З аднаго боку, ім даюць прытулак, магчымасць сацыялізацыі і працу на падворку, а з другога, па сведчаннях саміх былых работнікаў, вельмі часта такіх людзей проста выкарыстоўваюць як бясплатных чорнарабочых — за жытло і ежу.

Фактычна, вельмі часта міласрэрнасць, якая робіцца праз Свята-Елісавецінскі манастыр — гэта міласэрнасць, якую праяўлялі самі сёстры і браты, са свайго добрага сэрца і ўласных грошай, дапамагалі іншым.

Так, напрыклад, Аляксандр Ждановіч-Маляваныч ладзіў тэатральныя пастаноўкі для жыхароў псіханеўралагічных інтэрнатаў — проста ад сэрца.

Наталля Васілевіч

Альбо яшчэ выпадак, пра які стала вядома з чату манастыра. Адзін з хворых людзей, да якога ходзяць манахіні, папрасіў акуляры — іх шукалі праз іншых сясцёр і нераўнадушных людзей, бо адміністрацыя на такія патрэбы грошы не вылучае, як і не аказвае адраснай дапамогі канкрэтным інстытуцыям і людзям. Затое скарбонкі «на Данбас» і зборы на свае ўласныя патрэбы і праекты Свята-Елісавецінскі выкарыстоўвае рэгулярна.

— Думаю, што многія людзі могуць распавесці пра злоўжыванні ў манастыры, — працягвае Наталля Васілевіч. — Напрыклад, калі здарыўся кавід, многіх пазвальнялі з майстэрняў — тых, хто шмат год рабіў, хто шматдзетны, хто апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі — іх наўпрост выкінулі на вуліцу, бо патрэбныя былі грошы на нейкія манастырскія праекты. Я б назвала гэта дзікім капіталізмам.

Ну і, канешне, знаходзяць грошы на тэхніку для расейскіх вайскоўцаў, на канцэрты ідэалагічнай скіраванасці — гэта таксама ёсць.

Як ні дзіўна, прадстаўнікі манастыра, які фактычна падтрымліваюць расейскую агрэсію,  дагэтуль выязджаюць за мяжу, у тым ліку ў еўрапейскія краіны. Толькі сёлета і летась, дзякуючы актыўнасці беларускай дыяспары, Свята-Елісавецінскаму манастыру не дазволілі гандаль у Швецыі і Англіі, летась быў скандал з дзейнасцю манахінь у Польшчы.

Экспертка тлумачыць, чаму гэта наогул магчыма, і ці можна спыніць «замежныя гастролі» і прыбыткі манастыра:

— Рэч у тым, што для розных аўдыторый ёсць розныя наратывы. Нават сайт і сацыяльныя сеткі манастыра на рускай мове і на англійскай, французскай, нямецкай — вельмі адрозныя. Безумоўна, ніякія фразы айца Андрэя Лемяшонка пра падтрымку вайны, прапаганда «рускага міру» — гэта не перакладаюць на англійскую мову і не распаўсюджваюць сярод, умоўна кажучы, бельгійскіх католікаў.

Для гэтай аўдыторыі ідзе гаворка, што ў сувязі з палітычным крызісам, санкцыямі, вайной існуе неабходнасць падтрымаць уразлівыя групы — дзяцей, тых жа бежанцаў, людзей з асаблівымі патрэбамі, — і таму манастыр збірае гэтую дапамогу. Ніхто не кажа: ведаеце, мы прадаём на кірмашы керамічныя званочкі, каб набыць антыдронавыя сеткі для расейскай арміі.

Прысутнасць Свята-Елісавецінскага манастыра на Захадзе абумоўленая тым, што заходнія краіны ім патрэбныя як крыніца фінансавання, таму яны стараюцца фільтраваць інфармацыю, пэўныя рэчы ўтойваюць.

Замежнікі ж, многія з якіх не размаўляюць па-расейску, не могуць паглядзець шматгадзінныя відэа з прамовамі Лемяшонка і разабрацца, што ён насамрэч кажа.

Яшчэ адзін прыём, які скарыстоўваюць у манастыры — у яго сценах жывуць замежнікі, прынамсі грамадзяне Польшчы, Германіі, і на гэтых людзей у Еўропе часта рэгіструюць арганізацыі, якія потым дзейнічаюць ад імя нібыта не манастыра, а грамадзян гэтых краін.

Так адбылося ў Гайнаўцы, у Берліне, дзе Свята-Елісавецінскі манастыр, нават калі трапіць пад санкцыі, зможа ладзіць зборы і падпісваць дамовы праз мясцовых жыхароў. А ў Чанстахове на пачатку верасня манахіні гандлявалі храмавай прадукцыяй «ананімна», без апазнавальных знакаў і шыльдаў — але іх пазналі па надпісах на саміх вырабах.

Калі Свята-Елісавецінскі манастыр страціць еўрапейскі рынак, гэта будзе для яго балючы ўдар, гаворыць экспертка:

— На мой погляд, гэты манастыр жыве дзеля грошай. Але фінансаванне тымі, хто не ведае, на што ён ахвяруе альбо чыю прадукцыю купляе — гэта падман і махлярства, якія павінны быць спынены. Людзі не мусяць аддаваць свае грошы тым, хто будзе дзейнічаць супраць ідэалаў гуманнасці, справядлівасці і правоў чалавека.

Зрэшты, інстытут рэпутацыі ў гэтай галіне, хай і павольна, таксама працуе. І апошнім часам многія епархіі, рэлігійныя і грамадскія арганізацыі пачалі звяртацца ў «Хрысціянскую візію» акурат каб праверыць трывожныя званочкі і даведацца, што адбываецца: ці сапраўды вонкавая добразычлівасць і аповеды пра сацыяльную дзейнасць манастыра — толькі прыгожая вітрына, за якой стаіць падтрымка беларускага і расейскага рэжымаў?

Для многіх замежнікаў такая дзейнасць хрысціянскай установы, якая ідэалагічна і тэхнічна абслугоўвае расейскую агрэсію ва Украіне, становіцца жахлівым адкрыццём.

— І не толькі расейскую, — падкрэслівае Наталля Васілевіч. — Лукашэнка ж недарэмна сёлета на праваслаўнае Раство ездзіў у Свята-Елісавецінскі манастыр, дый наогул часта там бывае. Бо ў краіне больш няма такога цэнтра падтрымкі дзеючага рэжыму і расейскай агрэсіі — вы нідзе ўнутры праваслаўнай царквы ў Беларусі больш не знойдзеце такіх відавочных яе праяваў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(18)