Политика

Навумчык: «Гэта быў бы гуманны падыход Захаду да беларусаў»

Палітычны аглядальнік — пра візавую свабоду для беларусаў.

— Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка сказаў, што прапрацоўваецца варыянт «гуманітарнага калідору» для беларусаў на выпадак баявых дзеяньняў і параіў тым, каму пагражае арышт, зьвяртацца ў амбасады па візы, — піша Сяргей Навумчык.

Сяргей Навумчык

Мне цяжка сказаць, у якой ступені рэальным будзе такі калідор пры цалкам зачыненай Лукашэнкам мяжы. Мне падаецца такая ідэя ўтапічнай — але, магчыма, у офісе Ціханоўскай ведаюць тое, чаго ня ведаем мы.

Затое добра вядома, наколькі складана цяпер атрымаць візу, увогуле дамагчыся прыёму ў амбасадах, якія былі вымушаныя істотна скараціць штаты супрацоўнікаў. І гэта я яшчэ апускаю факт, што ўсе наведнікі фіксуюцца спэцслужбамі.

Давайце праўду. Уплыў Ціханоўскай, увогуле «штабоў» на сытуацыю ў Беларусі — мінімальны, калі ўвогуле не нулявы. Рэальнага ўплыву ня мае цяпер ніхто з замежжа, і тут ня трэба самападману. Гэта — факт.

Але Ціханоўская, як ніхто на сёньняшні дзень, мае шырокія кантакты з эўрапейскімі палітыкамі, і гэта таксама факт. Ёсьць меркаваньне, што было б разумным сканцэнтраваць намаганьні на тым, каб дамагчыся ад ЭЗ, назавем яе гэтак — візавай свабоды для беларусаў.

Гэта азначае, што кожны, хто жадае пакінуць Беларусь, каб уратавацца ад дзяржаўнана тэрору, мусіць мець магчымасьць гэта зрабіць — ва ўсякім разе, з боку ЭЗ для гэтага не павінна рабіцца ніякіх перашкодаў.

Гэта быў бы якраз гуманны падыход Захаду да беларусаў, які ён неаднаразова ў найноўшай гісторыі выяўляў да іншых народаў.

Такі падыход, дарэчы, у свой час прадэманстраваў да іншых народаў Эўропы і беларускі народ, добраахвотна і без ўсякіх умоваў адмовіўшыся ад ядзернай зброі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(46)