Политика

Навумчык: Брусэль ня ў стане паўплываць ня толькі на Пуціна з ракетамі, але і на Лукашэнку з АМАПаўскімі дубінкамі

Палітык пра глыбокі крызіс дыпляматыі Эўразьвязу і чаму не варта шмат чаго чакаць ад Брусэлю.

— Грандыёзны правал візыту кіраўніка зьнешняй палітыкі ЭЗ Жазэля Барэля ў Маскву (дзе Лаўроў толькі што не круціў яго публічна за вуха, як дырэктар школы трэцяклясьніка, засьпетага за дробным шкодніцтвам), ні ў якой ступені ня можа быць сэнсацыяй, — піша Сяргей Навумчык.

Гэта — усяго толькі сьведчаньне глыбокага крызісу дыпляматыі Эўразьвязу, які высьпяваў не адзін год.

Што несумненна, па адной пазыцыі Брусэль дакладна выявіў поўную недзеяздольнасьць: ён ня ў стане паўплываць на аўтарытарных суседзяў — прычым ня толькі ўзброеных ядзернымі ракетамі, як Пуцін, але і АМАПаўскімі дубінкамі, як Лукашэнка. І гэта ў сытуацыі, калі вайсковая дактрына Расеі (а Беларусь знаходзіцца ў арбіце вайсковых інтарэсаў Масквы) вызначае Эўропу як патэнцыйнага ворага.

Склалася парадаксальная сытуацыя, калі ня толькі сума намаганьняў эўрапейскіх сталіцаў маюць большую значнасьць, чым намаганьні ЭЗ як структуры, але і нават высілкі асобнай краіны даюць куды большы эфэкт. Прыкладам могуць быць суседнія Вільня, Варшава ці нават няблізкая Прага (Чэхія ўзяла на лячэньне ахвяраў катаваньняў лукашэнкаўскімі сілавікамі; тут актыўную ролю адыграла беларуская дыяспара, прычым, адзначым, жаночая яе частка. Але падазраю, што ў выпадку з ЭЗ на гэта спатрэбіліся б гады ўзгадненьняў).

Падобна, усё гэта падказвае апанэнтам Лукашэнкі найбольш эфэктыўны накірунак міжнародных намаганьняў: эўрапейскія сталіцы, а не Брусэль як цэнтар ЭЗ. Канешне, цалкам скідваць з разьлікаў ЭЗ як структуру ня варта, але і шмат чакаць ад яе не выпадае.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(46)