Политика
Алег Грузьдзіловіч, Любоў Лунёва, «Радыё Свабода»

На Кастрычніцкім пляцы прайшла акцыя супраць выкраданьня людзей

У Дзень салідарнасьці, які прадстаўнікі дэмакратычнага руху ладзяць пяты год 16-га дня кожнага месяца, у Менску адбылася акцыя з патрабаваньнем спыніць выкраданьні моладзевых актывістаў. У акцыі ўзялі ўдзел каля 100 прадстаўнікоў дэмакратычных арганізацыяў.

На Кастрычніцкім пляцы прайшла акцыя супраць выкраданьня людзей

А 18-й гадзіне ўдзельнікі акцыі сталі ўздоўж праспэкту Незалежнасьці, разгарнуўшы транспаранты “Не палітычнаму тэрору!” і “Kidnappers must go to the Hague” (“Выкрадальнікі – у Гаагу”). У руках ва ўдзельнікаў былі таксама бел-чырвона-белыя сьцягі і партрэты зьніклых палітыкаў, а таксама арыштаваных моладзевага актывіста Арцёма Дубскага і ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча і Ўладзімера Асіпенкі.

Нягледзячы на вельмі моцны мароз і вецер, акцыя доўжылася паўгадзіны. На працягу гэтага часу супрацоўнікі міліцыі заклікалі прысутных разысьціся і папярэджвалі, што ў адносінах да іх будуць ужытыя сілавыя меры.

Сярод удзельнікаў акцыі былі актывісты ўсіх моладзевых арганізацыяў, а таксама вядомыя палітыкі і грамадзкія дзеячы, пісьменьнікі, мастакі.

Аднаго з удзельнікаў акцыі, палітыка і навукоўца Лявона Баршчэўскага мы папрасілі пракамэнтаваць, чаму сёньняшнюю акцыю не разганялі спэцназаўцы, як гэта адбывалася ў 16-я дні апошніх месяцаў:

“Не разганялі акцыі, бо не было загаду. Закон ня дзейнічае ў краіне – дзейнічаюць загады. Па-другое, тут даволі многа народу, тут працуе каток, і, можа быць, не хацелі лішне прыцягваць увагу. І, вядома ж, зьнешняя сытуацыя вакол Беларусі мае ўплыў. Хачу сказаць, што сёньня мы прыйшлі яшчэ й для таго, каб выказаць салідарнасьць з журналістамі, якіх, напэўна, чакае год не лягчэйшы, чым палітыкаў. І практыка, пры якой выкарыстоўваюцца розныя спосабы перасьледу журналістаў, працягваецца і ўзмацняецца. Гэтая тэма гучала тут у размовах”.

Некаторыя моладзевыя актывісты, адказваючы на пытаньне, чаму 16 сьнежня абышлося без разгону і затрыманьняў, адной з прычынаў назвалі тое, што назаўтра Эўрапейскі парлямэнт мае разгледзець рэзалюцыю аб сытуацыі ў Беларусі. У праекце рэзалюцыі адзначаецца, што ўлады Беларусі не змаглі зрабіць значнага прагрэсу ў галіне правоў і свабод чалавека пасьля “першых пазытыўных крокаў”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)