Экономика
Сяргей Старынаў, «Звязда»

На Камароўцы падаражэлi кураняты, яйкi i цытрусавыя

Калi параўнаць цяперашнiя цэны на асноўныя харчовыя тавары на сталiчным Камароўскiм рынку з тымi, што былi тры тыднi таму (час нашага апошняга манiторынгу), можна сказаць наступнае: за пэўным выключэннем, як падалося, сiтуацыя мала змянiлася. Як такое можа быць, запытае чытач?

Раней мы ўжо неаднойчы гаварылi пра так званую нiжнюю i верхнюю планкi коштаў — максiмальную i мiнiмальную цану. Дык вось выпадкаў, калi б за гэты час змянялiся яны абедзве, няшмат. Звычайна на той цi iншы тавар вагалася толькi адна з вышэйназваных "планак", прычым, не заўсёды iстотна. Хоць, як звычайна, былi i выключэннi.

Па традыцыi пачнём наш агляд з мяса. Калi браць пад увагу мiнiмальны кошт на гэтую прадукцыю, дык у параўнаннi з трохтыднёвай сiтуацыяй ён знiзiўся на тысячу рублёў з кiлаграма на фiле свiнiны (да 17 тысяч рублёў), на грудзiнку для смажання (да 11 тысяч), на тры тысячы на шыю (да 15 тысяч), на 500 рублёў на салёнае сала-грудзiнку (да 13 тысяч). А вось максiмальная цана на гэтыя прадукты, за выключэннем шыi, дзе верхняя планка таксама знiзiлася на тысячу — да 21 тысячы, засталася ранейшай: адпаведна 22, 15 i 19,5 тысячы за кiлаграм. Кумпяк i лапатка не змянiлi за гэты час нi мiнiмальнага, нi максiмальнага кошту. Яна апошнiмi днямi прадавалiся па 14-19 i 13-17 тысяч рублёў за кiлаграм адпаведна. На свежае сала мiнiмальная цана таксама захавалася на ўзроўнi 6 тысяч, максiмальная — знiзiлася на адну тысячу (да 12 тысяч). Па-ранейшаму каштуе i цяляцiна — ад 18 да 28 тысяч за кiлаграм. Найбольшыя зрухi закранулi абедзве "планкi" на ялавiчыну. Цяпер яна каштуе 12-26 тысяч супраць 13-28 тысяч рублёў за кiлаграм тры тыднi таму.

Па ўсiх "франтах", наадварот, падаражэлi кураняты — да 7190-7870 рублёў за кiлаграм супраць колiшнiх 7030-7800 рублёў. Калi гаварыць пра каўбасныя вырабы, дык кошт на вараную каўбасу вышэйшага гатунку практычна нiяк не змянiўся (9,9-15,9 тысячы), на паўвэнджаную i сыравэнджаную крыху зменшылася мiнiмальная цана (адпаведна да 8990 i 19900 рублёў), у той час як максiмальная засталася ранейшай (24,9 i 38,9 тысячы за кiлаграм).

Калi закрануць малочную групу тавараў, можна заўважыць, што крыху павялiчылася максiмальная цана на тварог — з 6580 да 7450 рублёў, а ў прыватнiкаў на гэты ж прадукт на тысячу рублёў (да 10 тысяч) "стартанула" нiжняя планка кошту. Смятана днямi каштавала на рынку 3080-6260 супраць 3080-7320 рублёў тры тыднi таму. Аналагiчны прадукт з асабiстых падворкаў iшоў па 10-12 тысяч супраць ранейшых 9-12 тысяч за кiлаграм. Сметанковае масла захавала "пазiцыi"— 8110-15500 рублёў, хiба толькi верхняя планка кошту ў прыватнiкаў знiзiлася на 500 рублёў — да 15-18 тысяч. На 70 рублёў па максiмальным кошце патаннела малако, зараз яго можна набыць тут па 940-1700 рублёў.

Падаражэлi адразу па абедзвюх пазiцыях, як i кураняты, яйкi ад птушкафабрык. Цяпер дзясятак каштуе 2580-4100 супраць ранейшых 2,4-3,9 тысячы. На пяць тысяч адразу патаннеў мёд, праўда, толькi па верхняй планцы, зараз яго прапануюць па 25-30 тысяч за кiлаграм. Тры тыднi таму бутэлька алею каштавала на Камароўцы 3020-6200 рублёў, апошнiмi днямi — 3100-5620.

Патаннелi многiя крупы — i па мiнiмальнай, i па максiмальнай планцы кошту. Скажам, рыс зараз прадаюць па 3390-5640 рублёў (тры тыднi таму было 3440-6750), грэцкiя крупы — па 2060-3300 (было 2140-4610), гарох — па 1640-2710 рублёў за кiлаграм (ранейшы кошт складаў 1680-3190). Проса стала менш каштаваць па нiжняй планцы — 1470-2940 рублёў (калiсь была 1910); манка — больш: 1950-2555 рублёў (была 1730). Па нiжняй жа планцы патаннелi i макаронныя вырабы. Цяпер iх прапануюць па 2330-6650 рублёў за кiлаграм, а раней — па 3210-7380. Кошт мукi найвышэйшага гатунку не змянiўся нiяк — 1550-2050 рублёў.

Што ў рыбных радах? Увогуле сiтуацыя падобная на ўжо абмаляваную вышэй. Так, раней хек каштаваў 14-14,5 тысячы рублёў за кiлаграм, цяпер — 12,9-15,9 тысячы, скумбрыя тры тыднi таму была па 9,9-13,7 тысячы, зараз — па 7-15,9 тысячы. Хiба толькi мiнтай практычна не зрушыў з "пазiцый" — падаражэў па верхняй планцы ўсяго на 200 рублёў (да 8,8 тысячы за кiлаграм). Аматарам жывой рыбы трэба зараз больш плацiць за карпа. Днямi на Камароўцы яго можна было купiць па 4500-6650 рублёў, у той час як тры тыднi таму — па 3820-6650.

Патаннелi свежыя шампiньёны. Цяпер iх можна набыць па 7,5-9 тысяч за кiлаграм, а раней кошт гэтых грыбоў складаў 8,8-11,2 тысячы рублёў. Пачак маянэзу (200-250 грамаў) каштуе зараз на рынку 1050-1780 супраць колiшнiх 960-1780 рублёў.

Калi гаварыць пра айчынную гароднiну — бульбу, капусту, моркву, цыбулю, дык асаблiвых цэнавых зрухаў на яе не назiраецца, прычым, датычыцца гэта як прыватнiкаў, так i iндывiдуальных прадпрымальнiкаў i юрыдычных асобаў (ваганнi коштаў складаюць 50-100 рублёў). Чамусьцi толькi на буракi яны больш iстотныя. Так, прыватнiкi днямi гандлявалi гэтымi караняплодамi па 1000-1950 рублёў, астатнiя прадаўцы — па 840-1200 (было адпаведна 500-1950 i 770-800 рублёў за кiлаграм). Часнок зараз на Камароўцы прадаюць па 5270-7000 рублёў, а тры тыднi таму цана складала 3910-8000. Найбольш заўважна з моманту нашага апошняга манiторынгу падаражэў салодкi перац. Зараз ён ляжыць на прылаўках па 11,5-13 тысячы супраць колiшнiх 9,5—11,5 тысячы рублёў. Падаражэлi i памiдоры — да 5500-9280 (а было 5000-8270). Свежыя агуркi, наадварот, сталi каштаваць менш: цяпер яны абыдуцца пакупнiку ў 6-9 тысяч за кiлаграм, а адносна нядаўна на iх набыццё патрабавалася 9620-9800.

Закрануўшы садавiну, варта адразу заўважыць, што найбольш заўважна падаражэлi цытрусавыя. Так, кiлаграм мандарынаў ужо каштуе 5,5-7,5 тысячы (было 4,3-5,5 тысячы), апельсiнаў — 4,2-6,5 (супраць колiшнiх 3-4,5 тысячы). На 500-1000 рублёў павялiчылiся цана на грушы — да 5,5-10 тысяч за кiлаграм. На 100-1000 рублёў падаражэлi i бананы — да 3,5-5 тысяч. Лiмоны на рынку зараз каштуюць 4-6 тысячы (было 4,5-5,5 тысячы). Затое на тысячу стаў менш па нiжняй планцы iмпартны вiнаград: ён зараз прапануецца па 4-15 тысяч за кiлаграм. На 300 рублёў знiзiўся мiнiмальны кошт на яблыкi — да 1,5-4,5 тысячы рублёў. Грэйпфруты, наадварот, падаражэлi па верхняй планцы да 4,5-7 тысяч (ранейшы кошт складаў 5-5,8 тысячы).

Гваздзiкi зараз каштуюць на Камароўскiм рынку 2,5-3,5 тысячы за кветку (былi па 2-3 тысячы), ружы — 4-14 тысяч (былi па 3,5-15 тысяч рублёў).

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)