Общество
Юлія Аляксандрава

«На гэтыя дзяржаўныя выплаты можна хіба толькі паступова паміраць»

Некалькі соцень чалавек падпісаліся ў падтрымку ініцыятывы «У абарону жыцця», абвешчанай падчас “Чарнобыльскага шляху-2010”. Свае патрабаванні ініцыятары кампаніі накіравалі ў Міністэрства аховы здароўя і адпаведныя дзяржаўныя структуры.

Па словах аднаго з ініцыятараў кампаніі, сустаршыні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталя Рымашэўскага, дзейнасць ініцыятывы будзе разварочвацца ў трох асноўных накірунках, закранаючы праблемы наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, распаўсюду наркотыкаў і недастатковай падтрымкі маладых сем’яў. Пад шэрагам патрабаванняў, сфармуляваных аргкамітэтам, збіраюцца подпісы.

– Тэзісы вялікага адкрытага ліста разам з сабранымі подпісамі ўжо былі адпраўленыя ў Міністэрства аховы здароўя і іншыя дзяржаўныя структуры, – распавёў Віталь Рымашэўскі «Салідарнасці». – Але, наколькі я ведаю, адказу на гэтыя лісты пакуль няма. Наогул збор подпісаў – гэта добры сродак і паказаць уладзе, што людзі ведаюць пра такія праблемы. Зараз сабрана ўжо некалькі соцень подпісаў, да ініцыятывы далучаюцца новыя людзі…

Асноўная мэта кампаніі – «каб насельніцтва Беларусі не скарачалася кожны год на дзесяткі тысяч, а павялічвалася. Каб кожны чалавек адчуваў сябе тут камфортна, беларусы былі не выміраючай нацыяй, а маладой і перспектыўнай, якая годна сябе пачувае сярод іншых народаў».

Першым патрабаваннем актывістаў з’яўляецца «спыненне вытворчасці прадуктаў харчавання на забруджаных радыёнуклідамі глебах, аднаўленне дзяржаўнай праграмы лекавання пацярпелых ад Чарнобыльская катастрофы, правядзенне па ўсёй краіне радыёлагічнага кантролю, аднаўленне ільготаў, рознабаковая падтрымка…»

– У нас ёсць прапанова, каб гэты пункт быў уключаны ў прадвыбарчыя кампаніі вылучаных кандыдатаў у прэзідэнты, – кажа Рымашэўскі. – Думаю, што кожны з заяўнікаў мусіць пад гэтым падпісацца і спрыяць далейшаму распаўсюду інфармацыі, якая датычыцца гэтых пытанняў.

Яшчэ адна важная праблема, у вырашэнні якой, паводле ініцыятараў кампаніі, вядзецца актыўная супраца з дзяржаўнымі структурамі – спыненне распаўсюду наркотыкаў.

– Зараз па ўсім свеце стаіць праблема, звязаная з тым, што наркадылеры знайшлі новыя спосабы для свайго бізнесу: яны робяць новыя формулы сінтэтычных наркотыкаў, – адзначае суразмоўца. – А калі яны не ўнесены ў спісы забароненых рэчываў, то могуць паступаць у свабодны продаж. Вядучыя дзяржавы свету імкнуцца як мага хутчэй рэагаваць на такія рэчы. Трэба рабіць усё магчымае, каб не дапусціць прыток наркотыкаў і на беларускі рынак. У гэтым накірунку ўся інфармацыя адразу паведамляецца ў адпаведныя дзяржаўныя органы. Зараз можна ўжо казаць пра сталае супрацоўніцтва з імі. Наогул, тыя праблемы, пра якія мы кажам, актуальныя для кожнага грамадзяніна Беларусі, таму, мяркую, дзяржава будзе рэагаваць на нашу дзейнасць.

Трэці накірунак дзейнасці ініцыятывы – падтрымка маладых сем’яў.

– Тое, што зараз робіцца ў дзяржаве, толькі спрыяе павелічэнню колькасці абортаў і таму, што людзі адмаўляюцца ад пашырэння сваіх сем’яў, – лічыць Віталь Рымашэўскі. – Прычына – проста здзеклівыя, жабрацкія ўмовы для маці, якія даглядаюць дзяцей: на гэтыя дзяржаўныя выплаты можна хіба толькі паступова паміраць, а не жыць самой і гадаваць дзіцёнка. Перш за ўсё мы будзем працягваць інфармацыйную кампанію, распавядаць пра арганізацыі, якія працуюць у гэтай галіне: якія могуць дапамагчы бацькам у цяжкім становішчы, падтрымаць тых, хто хоча захаваць дзіця і г.д.

Колькі будзе працягвацца кампанія, пакуль невядома.

– Зрабіць трэба так шмат і намаганняў трэба прыкласці так шмат, што канчатковыя мэты гэтай кампаніі могуць быць дасягнутыя толькі тады, калі мы прыйдзем да ўлады і дзяржава на 100 адсоткаў падтрымае мэты гэтай ініцыятывы, – зазначае суразмоўца. – Пры агульных намаганнях дзяржавы і грамадства можна будзе казаць пра тое, што за некалькі год гэтыя праблемы могуць быць вырашаныя.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)