Мэдсястра памерла ад пнэўманіі у Докшыцах, дзе зафіксавалі ўспышку каранавірусу

Гэта першая сьмерць мэдычнага супрацоўніка ў райцэнтры Докшыцы Віцебскай вобласьці. Вядома, што мэдсястра Ксенія Р. працавала ў цэнтральным раённым шпіталі. Гэтую інфармацыю Свабодзе пацьвердзілі адначасова некалькі мэдыкаў з Докшыцаў.

Гэты райцэнтар з насельніцтвам 7 тысяч чалавек застаецца адным з асяродкаў распаўсюду каранавірусу ў Віцебскай вобласьці.

Афіцыйных камэнтароў пакуль няма. У прыёмнай Докшыцкага цэнтральнага раённага шпіталя кінулі тэлефонную трубку, калі пачулі пытаньне карэспандэнта Свабоды.

Цяпер нам вядома, што памерлай мэдсястры было 45 год. У апошнія дні яна знаходзілася ў цяжкім стане і была падключаная да апарату штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Акрамя пнэўманіі, яна мела іншыя, хранічныя захворваньні.

Пакуль няма інфармацыі, ці быў у мэдсястры пацьверджаны каранавірус.

Раней Свабода пісала, што ў шпіталі ў Докшыцах ляжаць некалькі мэдыкаў, хворых на COVID-19.

Па стане на 17 красавіка ў Докшыцах былі пацьверджаныя 72 выпадкі захворваньня на COVID-19. Агулам у Беларусі каранавірус выяўлены ў 419 мэдыкаў.

У сувязі з эпідэміяй каранавірусу ў Докшыцкім раёне прынятыя надзвычайныя меры. У гарадзкіх школах Докшыцаў і Бягомля вучняў перавялі на дыстанцыйнае навучаньне. Алег Кавалёнак, старшыня райвыканкама, распавядаў, як у раёне яшчэ даюць рады эпідэміі:

закрылі рынкі, лазьні, водна-аздараўленчы цэнтар;

забаранілі правядзеньне масавых мерапрыемстваў;

з 13 красавіка зьбіраліся перайсьці на дыстанцыйнае навучаньне ў школах Докшыц і Бегамлі, але Міністэрства адукацыі падоўжыла вясновыя канікулы да 18 красавіка;

камбінат бытавога абслугоўваньня і школы гораду шыюць маскі;

адзінокім старым людзям дастаўляюць тавары першай неабходнасьці сацыяльныя работнікі і валянтэры БРСМ і Чырвонага Крыжа.

Новые очаги коронавируса: Лидская обувная фабрика, хор имени Ширмы, больница в Осиповичах…

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(4)