Комментарии

Наталля Север

Лаўрухін: «Яны лічаць, што дастаткова пабудаваць будынак, як у Гарвардзе, а атмасфера і выкладчыкі, і ўсё астатняе там з’явяцца аўтаматычна»

Эксперт у сферы адукацыі, research director інстытута развіцця і сацыяльнага рынку для Беларусі і Усходняй Еўропы (IDSM) Андрэй Лаўрухін — шчыра пра «беларускі Гарвард».

Андрэй Лаўрухін

— Перш за ўсё адзначу добрае. Лукашэнка прапануе пазітыўную матывацыю, каб не з’язджала моладзь — зрабіць штосьці накшталт Гарварду, — разважае ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» Андрэй Лаўрухін. — Думаць і рухацца ў такім напрамку значна лепш, чым казаць, што мы вас прыкуём мэтавым бюджэтным размеркаваннем і зробім закладнікамі.

Да таго ж прыклад абраў — Гарвард. Дарэчы гэта заходні, «варожы» кірунак. Ён не кажа, давайце зробім, напрыклад, лепшы Паўночна-Карэйскі ці Маскоўскі Дзяржаўны ўніверсітэт, бо разумее, што гэта не спрацуе.

Нават МДУ ўжо дэвальваваны, не тое, на што трэба арыентавацца. Ён арыентуецца на Гарвард, і гэта добра.

— Для гэтага, лічыць ён, трэба пабудаваць самы сучасны кампус. Ці дастаткова будзе?

— А гэта адлюстроўвае разуменне ўсяго беларускага чынавенцтва, у тым ліку і ад адукацыі. Што такое лепшая навучальная ўстанова, якая не горш за Гарвард? Канешне, будынак!

Выкладчыкі, досвед, публікацыі, атмасфера — усе гэта другаснае, бо незразумелае для гэтых людзей.

Яны лічаць, што дастаткова пабудаваць будынак, як у Гарвардзе, а атмасфера і выкладчыкі, і ўсё астатняе там з’явяцца аўтаматычна. Такая прымітыўная свядомасць.

Наўрад ці хто з іх узгадае, што Гарвард, напрыклад, мае самы вялікі Мэтавы капітал у свеце, які на 2022 год складаў амаль $51 мільярд. Ці параўнальна гэта з ВУП Беларусі, не гаворачы ўжо аб навучальных установах?

І ўсё ж грошы — гэта толькі інструмент, каб прывабіць найлепшых выкладчыкаў і навукоўцаў: прафесараў, дактароў, уладальнікаў высокіх званняў — аж да Нобелеўскіх лаўрэатаў.

І тут, трэба адзначыць, што Беларусі ёсць чым ганарыцца, мы маем вялікі скарб — два Нобелеўскіх лаўрэата. Не ў кожнай краіне ёсць нават адзін. Але Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі — палітвязень, які сядзіць за кратамі, а Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч знаходзіцца ў выгнанні, бо на радзіме, відавочна, таксама магла быць толькі за кратамі.

Што яшчэ трэба згадваць, гаворачы пра Гарвард. Гэта не толькі лепшыя ў свеце спецыялісты, але і лепшыя заробкі, тэхнічная база, і, зразумела, умовы для працы і жыцця.

А аб чым трэба папярэджваць любых замежных грамадзян, якія едуць у Беларусь? Усім трэба пераказваць гісторыю Рыка Крыгера. Бо ў сучаснай Беларусі не важна, хто ты і якія погляды маеш, дастаткова таго, што ты з Захаду, каб стаць «абменным фондам» для пуцінскіх шпіёнаў.

Разумею, што на фоне папярэдніх аргументаў астатнія — проста дробязі, але істотныя.

Пасля Гарварду вы атрымоўваеце дыплом, які дазваляе ўвайсці ў склад лепшых кампаній свету. А куды вы пойдзеце з дыпломам «беларускага Гарварду»?

Так, на беларускім рынку шмат вакансій, яшчэ можа Расія прызнае, Зімбабвэ, Эрытрэя, Венесуэла. А, напрыклад, з Кітаем ужо будзе складана, бо там ва ўніверсітэтаў даволі высокая планка.

І потым у мяне асабіста ёсць пытанні да самой фармулёўкі. Лукашэнка патрабуе: «Таленты павінны заставацца ў нашай краіне». Вось гэта «павінны» што значыць?

Бо насамрэч усё проста: заставацца яны будуць, калі пасля пяці гадоў навучання атрымаюць такія перспектывы і працу, каб сказаць, што Беларусь — сапраўды лепшае месца ў свеце.

Напрыклад, так лічылі нашы айцішнікі да некаторага часу. Але чамусьці яны з’ехалі разам са сваімі вялікімі кампаніямі і грашыма.

Бо якую б ты не павесіў шыльду на той кампус, Беларусь зараз —краіна-агрэсар. І гэта таксічны актыў для ўсіх.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(13)