Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк працуе дворнікам пры Чырвоным касцёле

Уладзіслаў Завальнюк, які з 1990 года і да закрыцця Чырвонага касцёла ў Мінску служыў у ім настаяцелем, часова перакваліфіківаўся на новую спецыяльнасць. Ён прыбірае снег вакол касцёла і выконвае іншыя абавязкі дворніка.

— Наш пробашч — ксёндз-канонік Уладзіслаў — перажывае зараз не толькі «чорныя» дні, але таксама і «белыя», — паведамляе на сваім сайце парафія святых Сымона і Алены.

Фота chyrvony.by

Аб гэтым сам святар прасіў раней касцёльны камітэт, аргументуючы сваё жаданне так: паколькі цяпер ён не можа праводзіць богаслужэнні, то хацеў бы прыносіць карысць, хоць бы даглядаючы тэрыторыю, якая два месяцы не прыбіралася.

Нагадаем, у касцёле 26 верасня здарыўся загадкавы пажар, пасля якога храм зачынілі, перасталі пускаць туды людзей, адключылі камунікацыі і скасавалі дамову арэнды, запатрабаваўшы ад парафіі вызваліць памяшканне. 

Мінгарвыканкам не дазволіў вернікам маліцца ні ў ацалелай частцы будынку, ні ва ўнутраным дворыку, спаслаўшыся на тое, што гэта будзе расцэнена як масавае мерапрыемства.

Пры гэтым ні аб ходзе крымінальнай справы адносна пажару, ні аб тэрмінах і ўмовах рамонтна-аднаўленчых работ грамадскасці не паведамляецца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.5(6)