Общество

Марына Міхайлава

«Кнігі аўтараў, якія не падабаюцца ўладзе, у Беларусі яшчэ ёсць. Але ці многія рызыкнуць іх чытаць адкрыта?»

«Салідарнасць» прайшлася па сталічных кнігарнях і бібліятэках, каб паглядзець: ці ёсць зараз на паліцах «непажаданая літаратура», ці шмат наогул беларускіх кніг, альбо засталіся толькі ідэалагічна правільныя аўтары з праўладнага Саюза пісьменнікаў?

***

Наўздагад зазіраем у бліжэйшую дзіцячую бібліятэку. Тут ціха, але зусім не пуста: мамы з малымі выбіраюць яркія кніжкі з малюнкамі, падлеткі рознага ўзросту шукаюць кампраміс паміж забаўляльным і карысным чытвом.

— Нам Караткевіч патрэбны, «Нельга забыць», і яшчэ Чорны, — адзначае птушачкамі ў спісе жанчына з дачкой-старшакласніцай, і бібліятэкарка прыносіць з фондаў патрэбнае. — Ой, а тут напісана «Леаніды не вернуцца да Зямлі»…

— Гэта адзін і той жа твор, проста выдаваўся пад рознымі назвамі, — тлумачыць супрацоўніца,  — і Караткевіча ў свой час за яго вельмі крытыкавалі, маўляў, не бывае такога кахання, як ён апісаў. Вельмі раю, прыгожая гісторыя.

Наступны ў чарзе хлопец бярэ тры рускамоўныя кнігі, адну — на беларускай, усе са спісу пазакласнага чытання, яшчэ некалькі чалавек абмяжоўваюцца папулярнымі гісторыямі ў жанры фэнтэзі.

Вывучаючы стэлажы з кнігамі — а тут усе алфавітныя паказальнікі і абвесткі, на хвілінку, напісаныя па-беларуску, хоць самі беларускамоўныя кнігі займаюць толькі шэсць шафаў у дзвюх залях — асцярожна цікавімся ў дзяўчат-супрацоўніц, ці чулі яны пра спісы «забароненых» аўтараў.

Ціхенька адказваюць, што чулі, але канкрэтна да іх нічога падобнага не прыходзіла.

— Куды яшчэ змяншаць колькасць беларускіх кніг на паліцах, — уздыхае дзядуля, які прывёў у бібліятэку ўнука, — калі па школьнай праграме сучасным дзецям прапануюць усё тых жа аўтараў, што я некалі чытаў — Лынькоў, Колас, Купала, Мележ, Шамякін, Чорны. Гэта класікі, а дзе сучаснасць?

Дзеля справядлівасці, ёсць на стэндах дзіцячай бібліятэкі і сучаснасць, прадстаўленая не толькі «Прыгодамі Шубуршуна» ад экс-міністра інфармацыі Алеся Карлюкевіча, але і вялікім шэрагам аўтараў ад Рыгора Барадуліна да Аляксея Якімовіча. На аддаленых паліцах знаходзім нават выданне Уладзіміра Арлова «Рандэву на манеўрах» 1992 года, аздобленае бел-чырвона-белай стужкай.

На ўмовах ананімнасці адна з супрацоўніц іншай бібліятэкі, якраз школьнай, пацвердзіла «Салідарнасці» існаванне спіса «непажаданых» аўтараў, але зазначыла, што ніякага афіцыйнага дакументу — загаду ці распараджэння, дзе былі б подпісы і пячаткі адказных асоб, — іхняя школа не атрымлівала.

— Не ведаю, да чаго гэта прывядзе ў перспектыве. Але па маіх назіраннях, хто чытае пад прымусам, той і не заўважыць, больш ці менш задалі, а хто зацікаўлены, той знойдзе — не ў нас, так у кнігарні ці ў інтэрнэце.

***

Зазіраем у Дом кнігі «Светач». Выбар прадыктаваны дзвюма прычынамі: з аднаго боку, гэта найбольшая дзяржаўная кнігарня ў Мінску, а з другога — па чутках, дырэктара «Белкнігі» Аляксандра Вашкевіча нядаўна знялі з пасады за недастаткова актыўнае прасоўванне літаратуры дзяржвыдавецтваў.

Цікава, як гэта адбілася на асартыменце?

Хоць кнігарня знаходзіцца ў самым што ні ёсць турыстычным цэнтры, пакупнікоў і проста наведнікаў цяпер няшмат. Самыя папулярныя аддзелы — дзіцячай літаратуры і сувенірны, дзе прыцягваюць увагу разнастайныя сімпатычныя паштоўкі, а таксама карта ВКЛ.

А яшчэ тут ёсць зручная штука — сістэма пошуку ў электронным каталогу. Па ёй і правяраем  наяўнасць шэрагу кніг. Напрыклад, Оруэл, раман-антыутопію якога «1984» ў Беларусі ці то неафіцыйна забаранілі, ці то проста прыбралі з паліц пад прылавак. І што б вы думалі? Ёсць цэлыя два асобнікі, нават свяжак, 2022 году перавыдання ад расійскага выдавецтва.

Наступны запыт — Віктар Марціновіч, раман якога «Рэвалюцыя» летась уваходзіў у топ-3 найбольш прадаваных кніг у Беларусі. Зараз у наяўнасці толькі «Ноч» — ні «Мовы», ні «Рэвалюцыі» ў «Белкнігі» для чытачоў няма.

Як няма і твораў Някляева — ні на стэндах, ні ў каталозе. Затое ёсць два асобнікі кніг Святланы Алексіевіч — мабыць, апошнія.

Але зусім не яны стаяць на бачным месцы ў аддзеле беларускай літаратуры. Звонку, бліжэй да ўваходу, сцелажы застаўленыя прадукцыяй, разлічанай на турыстаў — маляўнічымі фотаальбомамі з беларускімі краявідамі і багата ілюстраванымі зборнікамі па культуры і гісторыі, падарункавымі выданнямі класікаў і г.д.

А вось з другога боку шафаў зусім іншы каленкор. Тут кніжкі Купалы і Коласа спакойна суседнічаюць з нашумелай «Песняй пра Цімура» Адамовіча, а Багдановіч — з прапагандысцкімі опусамі калумністаў «СБ» і зборнікам  Генпракуратуры «Генацыд беларускага народа».

Некалькі паліц застаўленыя кніжкамі пладавітага Мікалая Чаргінца — экс-старшыні праўладнага Саюза пісьменнікаў. Куды да яго цвёрдых вокладак і вялікіх накладаў сціплым і тоненькім кніжачкам з серыі «100 выдатных дзеячаў»…

Асобнае месца на стэндзе займае шматтомнік «Рэспубліка Беларусь: 25 год стварэння і здзяйсненняў». Гэты ўзор пафасу ў 7 тамах  ствараўся цэлым калектывам — толькі ў  рэдкалегію ўвайшлі Станіслаў Зась, Наталля Качанава, Уладзімір Макей, Віктар Шэйман ды іншыя. Незразумела толькі, чаму яго прадаюць у звычайнай кнігарні, а не прымусова рэалізуюць у дзяржарганізацыях.

Іронія лёсу: на адной паліцы стаяць вокладка да вокладкі кніжкі прапагандыста і вядомага крытыка, якая страціла працу з-за «няправільнай» грамадзянскай пазіцыі, «Нарысы гісторыі беларускага камсамолу» і «Маляўнічая гісторыя ад Рагнеды да Касцюшкі». І так, творы «непажаданых» аўтараў са згаданага чорнага спісу тут таксама ёсць. А яшчэ тут нямала перакладаў — з і на беларускую, у тым ліку, да прыкладу, творы Амара Хаяма і Тараса Шаўчэнкі.

***

Калі вы не можаце знайсці ў Мінску раман «1984», а цягне тэрмінова перачытаць — запішыцеся ў бібліятэку. Хоць бы імя Пушкіна. З вас — пашпарт, фота і 60 капеек для афармлення чытацкага білету, вам — магчымасць узяць на рукі больш дзесяці розных выданняў Оруэлла, у тым ліку ўсе раманы ў адным томе.

«Сабак Еўропы» Бахарэвіча вы тут, канешне, не знойдзеце — як і іншых кніг, якія ўлады афіцыйна прызналі «экстрэмісцкай літаратурай». Але іншыя творы — і Бахарэвіча, і Святланы Алексіевіч, і пераклады Андрэя Хадановіча, і вавыяданні Барыса Пятровіча, і песні ды вершы Уладзіміра Някляева — вельмі нават.

Але сапраўднай скарбонкай, у якой можна знайсці амаль усё, застаецца «нацыяналка» — Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Уявіце толькі: тут захоўваецца больш як 150 выданняў твораў Святланы Алексіевіч на розных мовах свету, ад беларускай да персідскай, карэйскай і нават малаялам — адной з дзвюх дзясяткаў афіційных моваў Індыі!

Акурат сюды варта было б зазірнуць прапагандыстам, якія заклявалі кнігарню Янушкевіча і патрабавалі ад выдаўца тэрмінов пералічыць ім, што ж такога напісаў Някляеў — бо ў «нацыяналцы» ёсць і згадка пра свежы раман пісьменніка «Гэй Бэн Гіном», выдадзены ў 2022-м (фізічна кнігі тут, праўда, няма), і ранейшыя апавяданні, паэмы і вершы, у тым ліку якія выйшлі ў серыі «Школьная бібліятэка», і нават дыскі з песнямі, якія выконвалі не адны толькі «экстрэмісты», а лаяльныя ўладам «Сябры», «Верасы», Ціхановіч і Паплаўская, «Бяседа».

Дарэчы, пра «экстрэмістаў» — у тутэйшых архівах іх багата. Узяць хоць літаратуразнаўчыя  працы Аляксандра Фядуты, хоць удзельнікаў праекту «100 бардаў Свабоды», сярод якіх Максім Знак, Кацярына Ваданосава, Піт Паўлаў, Таццяна Грыневіч; хоць зборнік паэзіі Андрэя Хадановіча «Сто лі100ў на t*t.by» (апошні, відаць, цяпер двойчы забаронены?).

— Кнігі аўтараў, якія не падабаюцца ўладзе, у Беларусі яшчэ ёсць, — зазначае былы супрацоўнік Нацыянальнай бібліятэкі. — Але ці многія рызыкнуць іх чытаць — вось так, адкрыта, афармляючы на сваё імя ў бібліятэцы? Асаблів калі згадаць, як адносна нядаўна чытанне беларускіх класікаў у электрычцы прызнавалі пікетам і давалі людзям вялікія штрафы і «суткі».

Мне здаецца, свабодная мастацкая літаратура і нон-фікшн хутчэй пяройдуць на падпольнае становішча і будуць распаўсюджвацца або ў інтэрнэце, альбо, як у савецкія часы, самвыдатам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.1(7)