Филин

Міхаіл Мішкін

Класкоўскі: «Эліты» відавочна не хочуць страчваць тое салодкае жыццё, якое стала для іх звыклым за апошнія некалькі дзесяцігоддзяў»

Палітычны аглядальнік у інтэрв’ю Филину — пра відавочнае разыходжанне паміж словамі і справамі ўладаў.

У Маскве і Санкт-Пецярбургу ўжо напрыканцы жніўня плануецца адкрыць крамы беспадатковага гандлю. Там за рублі, долары ці еўра змогуць набываць дэфіцытныя замежныя тавары дыпламаты, консулы і іх сем’і, а таксама супрацоўнікі міжнародных арганізацый.

Не дзіўна, што нават Парламенцкая газета, якая першай паведаміла пра спецкрамы, ужыла абарот «недасяжныя для простых грамадзян» і згадала пра сетку фірмовых крамаў «Бярозка», што існавала ў Савецкім Саюзе.

Нагадаем: ідзе шосты месяц вайны. Штодня адбываюцца  «зачысткі» і пераслед іншадумцаў. Расія пад беспрэцэдэнтнымі санкцыямі. Афіцыйна дэфіцыту няма, але мноства замежных брэндаў пакінулі краіну.

Здавалася б, у такіх умовах не да пацераў, калі хата гарыць. Чаму і навошта расійскія ўлады ладзяць яшчэ адзін акт вяртання ў СССР, не баючыся раздражняць уласных грамадзян, і ці магчымае перайманне гэтага прыкладу ў Беларусі, ці тутэйшая вертыкаль, наадварот, працягне імітаваць блізкасць да народу? На гэтыя пытанні Филину адказаў палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

— Гэта такі штрых, які сведчыць: расійскія, так званыя, эліты прызвычаіліся да раскошы, да добрага жыцця. І хаця вярхі заклікаюць па тэлевізары і з усялякіх трыбун, каб расійцы згуртаваліся вакол улады, перацярпелі, калі трэба, эканамічныя цяжкасці і зацягнулі паясы дзеля аднаўлення вялікай дзяржавы, самі яны відавочна не хочуць страчваць тое салодкае жыццё, якое стала для іх звыклым за апошнія некалькі дзесяцігоддзяў.

Мы бачым тыповае разыходжанне паміж словам і справай, якое было характэрна і для савецкай эпохі, дзе былі закрытыя размеркавальнікі, і партыйныя кіраўнікі, заклікаючы іншых да сціпласці, самі жылі з прывілеямі.

Трэба сказаць, што ў цяперашняй Расіі такі адрыў эліты ад мас, якога не было ні за савецкім, ні нават за імперскім часам. Сапраўдныя арыстакраты, дваране эпохі царызму, наадварот, імкнуліся быць сціплымі і бліжэйшымі да народу (хрэстаматыйны прыклад — Леў Талстой, які і вучыў сялянскіх дзяцей, і саромеўся таго, што ён багаты, таму стараўся перадаць хоць часцінку таго, што меў, іншым).

Цяпер філасофія расійскай «эліты» іншая, бо наверх выскачылі людзі, якім проста шалёна пашэнціла. Той жа Пуцін падкрэсліваў неаднойчы, што вырас у піцерскай падваротні, і дасюль гэта ў ім захавалася, як у лексіцы, так і ў самой манеры паводзінаў — «мачыць», «біць першым».

А следам за ім дробныя чыны ў спецслужбах, у дзяржаўных канторах раптам дарваліся да велізарнага багацця. І трапіўшы з гразі ў князі, яны не ведаюць меры і не разумеюць, што ўвесь гэты кітч, спаборніцтвы, у каго яхта даўжэйшая, для простага люду — дзіка.

Але на гэта не зважаюць, бо на сёння расійская маса ахопленая патрыятычным угарам, яна жыве тым, што Салаўёў і іншыя прапагандысты даводзяць з тэлевізара. Гэты феномен псіхалогіі рускага чалавека здзіўляе ўсіх у свеце.

Бо калі еўрапейцы, тыя ж чэхі ці немцы, любяць камфортна пасядзець разам, папіць піва з кілбаскамі ў сваім дагледжаным доме ці катэджы, то рускі можа мець прыбіральню-«шпакоўню» з дзіркай на двары, дзе ні град, ні кветак, усё лебядой зарасло, але сядзець з пляшкай гарэлкі ля тэлевізара і атрымліваць асалоду ад таго, што «ў нас самыя лепшыя ракеты», «мы некаму далі па зубах, і гнілыя заходнікі спалохаліся і дрыжаць»…

Але ў «глыбіннага народу» можа пачацца і іншая фаза, заўважае Аляксандр Класкоўкі, і яго кіне ў іншую крайнасць — рускі бунт, які яшчэ Пушкін у «Капітанскай дачцэ» ахарактарызаваў як «бессэнсоўны і бязлітасны».

— Калі ўжо такая стыхія ўскіпае, то яна змятае ўсё, як гэта было ў 1917 годзе, — гаворыць аналітык, — і дасюль яны не могуць акрыяць ад таго страшэннага эксперыменту, калі прынцып «хто быў нікім, той стане ўсім» узвялі ў абсалют, а шарыкавы прыйшлі да ўлады…

Аднак пакуль, дадае суразмоўца, тэндэнцыя менавіта такая: наменклатура не збіраецца ахвяраваць уласным сытым жыццём, а адрыў «эліт» ад мас усё павялічваецца.

У Мінску ў камуністычныя часы, згадвае Аляксандр Класкоўкі, гэты адрыў быў меншы: так, партыйныя дзеячы жылі ў «Андатравым» раёне і мелі лепшыя кватэры (але ўсё ж кватэры ў звычайных дамах, а не ўласныя катэджы), ды раз на тыдзень атрымлівалі пару пачкаў грэчкі і батон сухой кілбасы ў спецразмеркавальніку. Акрамя таго, яны маглі без праблем набыць дэфіцытныя пыжыкавыя шапкі.

— А калі паглядзець на цяперашняе расійскае і беларускай вышэйшае кіраўніцтва — пра расійскае не раз расказваў Навальны, пра палацы Пуціна, заходнія вілы ды палацы алігархаў, дый беларуская незалежная прэса і даследчыкі таксама не раз пісалі пра палацы Лукашэнкі і іх раскошную абстаноўку.

Думаю, што Лукашэнка «адмашкі» на стварэнне падобных крамаў для дыпламатаў і прывілеяваных асобаў не дасць. І Макей не пойдзе да яго з такой прапановай, бо разумее, што атрымае анучай па твары за ідэю.

Бо Лукашэнка прыйшоў да ўлады і доўгі час сябе пазіцыянаваў як менавіта «народны» прэзідэнт. Ён і дасюль любіць пакрасавацца, як ён бульбу збірае (праўда, абавязкова ў атачэнні прыгажуняў), як у нейкім дзіўным каўпаку прыбірае кавуны ці косіць, расказвае пра сваіх козачак, пра ўраджаі і надоі — эксплуатуе гэты імідж «простага чалавека з народу».

Нават калі ён вядзе знешнепалітычную прапаганду, праскоквае гэтая нотка: маўляў, там, на гнілым Захадзе, эліты не разумеюць народных жаданняў, а я выйшаў з глыбінь і разумею іх патрэбы.

Адсюль жа і гульня ў «народную дыпламатыю», калі ён кажа, што ў літоўцаў і латышоў ні солі, ні грэчкі, хай да нас прыедуць — я ж разумею патрэбы тамтэйшых простых людзей.

Але ж людзі не дурні і бачаць, што беларускае кіраўніцтва таксама ў сваім асобным свеце вядзе раскошны лад жыцця. Неаднойчы незалежныя медыя, зноў жа, «лавілі» Лукашэнку на тым, якія ў яго дарагія, прэстыжных заходніх брэндаў курткі, гадзіннікі, ровары,  — яму пры патрэбе ўсё гэта будуць даставаць, нягледзячы на ўсякія санкцыі.

— У той час, як у Маскве і Пецябургу створаць аналагі «Бярозкі», Лукашэнка загадвае стварыць аналагі ГЦ «Сталіца» і прадаваць айчынную прадукцыю, у тым ліку ягоны мерч і «антыкавідны салат «Маладосць». То, мабыць, беларускія ўлады хутчэй пойдуць па гэтым шляху ў стварэнні альтэрнатыўнай рэальнасці?

— Хутчэй, так, бо на словах Лукашэнка эксплуатуе імідж простага чалавека і прасоўвае беларускае, дэманструе, нібыта любіць простую ежу, хоць зразумела, што яе гатуюць спецыяльныя кухары…

Але, зноў жа, тут разыходзяцца словы і справы. Бо журналісты падмячалі шматкроць: насамрэч ён аддае перавагу заходнім брэндам — і ровар у яго далёка не мінскі «Аист», і лыжы — не «Целеханы», вытворчасць якіх ён загадваў узняць на сусветны ўзровень.

Тым самым, зазначае аналітык, правіцель міжволі дэманструе, што абяцанае імпартазамяшчэнне і блізка не дацягвае да заходніх аналагаў, а байкі пра тое, што санкцыі стымулююць эканоміку — толькі спроба стварыць добрую міну пры дрэннай гульні:

Немагчыма ва ўмовах ізаляцыі, вызнаючы своеасаблівае беларускае чучхэ, ці чучхэ на дваіх з Расіяй, утрымацца на высокім тэхналагічным узроўні. Адставанне будзе працягвацца, разрыў павялічыцца, і абедзве краіны рушаць да дэградацыі.

— Гэта можа быць хіба саюз дзвюх Паўночных Карэяў. Дарэчы, калі праводзіць паралель — Кім Чэн Ын таксама, наколькі вядома, вучыўся на Захадзе і аддае перавагу заходнім брэндам, а запалоханы паўночнакарэйскі народ пікнуць у адказ не можа.

Гэтыя прыклады паказваюць, што ў правадыроў «губа не дура» і, заклікаючы народ да сціпласці, стрыманасці, матэрыяльных ахвяраў дзеля нейкай вялікай ідэі, самі яны будуюць асобны паралельны свет, дзе можна купацца ў раскошы і не ведаць ні ў чым адмовы, — рэзюмуе Аляксандр Класкоўскі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(21)