Карбалевіч: Сілавікам даецца поўны карт-блянш на расправу

Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч на Радыё Свабода — пра высновы з скандальнага гуказапісу.

Фота Радыё Свабода

З гуказапісу выступу чалавека, голас якога нагадвае голас цяперашняга намесьніка міністра ўнутраных спраў палкоўніка міліцыі Мікалая Карпянкова, мы даведаліся шмат цікавых дэталяў пра расправу над беларускімі грамадзянамі.

Выступоўца распавядае пра зьмест нарады ў Лукашэнкі. Можна меркаваць, што ён сваімі словамі перадае сэнс ягоных указаньняў. То бок сілавікі атрымліваюць інструкцыі па разгону пратэстоўцаў непасрэдна ад Лукашэнкі. Выглядае, што жорсткасьць, катаваньні, якія прымяняюць амапаўцы, — гэта ня іх уласная ініцыятыва, а выкананьне згаданых інструкцый.

Дзеля нанясеньня большай шкоды жывой сіле праціўніка, то бок пратэстуючым беларусам, закупілі ў Расеі 100 пісталетаў Ярыгіна. Як можна зразумець з словаў выступоўцы, гэтая зброя траўматычная, але мала адрозьніваецца ад баявой.

Нагадаю, што расейскія афіцыйныя асобы нямала крытыкавалі беларускія ўлады за «празьмернае ўжываньне сілы». І вось цяпер высьвятляецца, што адначасова Расея паставіла беларускім сілавікам такую небясьпечную зброю. Таму ўсе падобныя заявы расейскіх чыноўнікаў выглядаюць трохі крывадушнымі.

Выступоўца дае загады пратэстуючых грамадзян не шкадаваць: «Альбо пакалечыць, альбо зьнявечыць, альбо забіць. Ужываць зброю яму проста ў лоб, проста ў твар, проста туды, пасьля чаго ён ужо ніколі, атрымліваецца, ня вернецца ў той стан, у якім ён знаходзіўся. Ну, адкачаюць дык адкачаюць. Ня будзе ў яго паловы галаўнога мозгу, ну, туды яму і дарога».

Кузнецов: «Удивительный коктейль из откровенного фашизма, бандитизма и садизма»

Яшчэ адна вельмі паказальная рэпліка, якая пераказвае зьмест нарады ў Лукашэнкі: «Таму што ў асноўным усе тыя, хто выходзіць на вуліцы на гэты момант паўдзельнічаць у «рэйкавай вайне», атрымліваецца, тыя, якія блякуюць дарогі, нападаюць на міліцыянтаў, кідаюць кактэйлі Молатава, — тыя ж тэрарысты. Гэта лішнія людзі ў нашай краіне. І гэтаму сёньня было прысьвечана вельмі-вельмі шмат, на той невялікай нарадзе».

Глядзіце, як хітра ў адну кучу аб’яднаныя мірныя дэманстранты і грамадзяне, якія аказваюць сілавы супраціў: «усе тыя, хто выходзіць на вуліцы на гэты момант паўдзельнічаць у «рэйкавай вайне»». То бок паміж тымі, хто выходзіць на вуліцу пратэставаць, і тымі, хто псуе чыгунку, пастаўлены знак роўнасьці, іх аб’ядналі адной фразай і абвясьцілі тэрарыстамі.

Сілавікам даецца поўны карт-блянш на расправу, бо «кіраўніком дзяржавы мы прыкрытыя з усіх бакоў у пляне прымяненьня зброі».

Не павінна быць ніякіх аглядак на міжнародную рэакцыю, на рэпутацыю краіны ў сьвеце. Цяпер усё гэта адкінута. Выступоўца кажа: «Прыйшоў іншы час. Час, атрымліваецца, жорсткіх дзеяньняў з аглядкай на, скажам так, палітычныя моманты, бо мы, атрымліваецца, краіна, якая інтэграваная ў сусьветную супольнасьць і абавязаная выконваць шэраг пэўных дзеяньняў для таго, каб мы не выглядалі як ізгоі — вось гэты час, ён скончыўся. Настаў іншы час, і гэта час, атрымліваецца, патрабуе больш маладых, больш рашучых людзей, якія пераступілі церазь сябе».

Можна меркаваць, што голас на гуказапісе пераказвае думку Лукашэнкі, бо палкоўнік міліцыі наўрад ці павінен думаць пра такія палітычныя рэчы. Але паказальна, што стаўка рэжыму робіцца на людзей у сілавых структурах, «якія пераступілі церазь сябе». Што гэта азначае, лёгка здагадацца, зважаючы на колькасьць зьбітых і катаваных.

У сваім блогу ад 3 лістапада 2020 году я выказаў думку, што Беларусь можа ператварыцца ў адзін вялікі канцлягер. Цяпер высьвятляецца, што на нарадзе ў Лукашэнкі напрыканцы кастрычніка гаворка сапраўды ішла пра стварэньне канцлягера. Вось як гэты сюжэт выглядае ў пераказе чалавека, голас якога падобны да голасу Мікалая Карпянкова:

— Ствараецца база дадзеных. У гэтай базе дадзеных, хто трапіў другі раз, той павінен там і застацца. Сказана: распрацаваць, зрабіць лягер, зрабіць лягер, ну, не для ваеннапалонных і не для інтэрнаваных нават, а лягер для асабліва востракапытных такі... для адсяленьня. І паставіць калючы дрот па пэрымэтры. Два памяшканьні зрабіць: топка — паверх, кормім — паверх, каб працавалі. Але там іх трымаць, пакуль усё не супакоіцца.

Гэты лягер плянуецца стварыць на базе папраўчай калёніі № 22 у г. Івацэвічы. Прычым трымаць там будуць бестэрмінова. Параўнаньне з ваеннапалоннымі прыводзіцца невыпадкова. Бо фактычна ўлады разглядаюць барацьбу супраць народнага пратэсту як вайну. А на вайне іншыя правілы, чым падчас грамадзка-палітычнага канфлікту.

І апошні тэзіс. Выступоўца кажа: «Нездарма міністар казаў: усё трымаецца на органах унутраных і шэрагу падразьдзяленьняў — унутраныя войскі, ГУУС, АМАП, наша падразьдзяленьне і вышук з намі».

То бок ніякіх ілюзій, што ўлада трымаецца на падтрымцы народу, у генэралаў і палкоўнікаў няма. Яны добра разумеюць сытуацыю, ня вераць БТ, усьведамляюць, што рэжым трымаецца на грубай сіле. Пра што і кажуць адкрыта ў сваім коле.

Латушко, Стрижак и КС – о записи с голосом, похожим на Карпенкова: «Если мы остановимся, то они уничтожат всех»

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.9 (оценок:57)