Филин

Міхаіл Мішкін

Карбалевіч: «Думаю, асабліва ўгаворваць Лукашэнку не давялося»

Палітолаг тлумачыць, чаму нават калі грошай няма, на сілавыя структуры яны заўжды знаходзяцца. Цi пра класічны варыянт пераходу аўтарытарнага рэжыму ў таталітарны, як апісана ў падручніках.

Беларусь пасля 2020-га. Iлюстрацыйнае фота

На нарадзе з сілавікамі Лукашэнка заўважыў: маўляў, лішніх грошай на пашырэнне штату і павелічэнне выдаткаў для ваенных і сілавых ведамстваў няма, і калі «можна пацярпець», то трэба пацярпець. Тым не менш, па выніках мерапрыемства міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, спаслаўшыся на «жыццёвую неабходнасць», анансаваў стварэнне спецпадраздзяленняў у АМАП і ўнутраных войсках, якія будуць мабільнымі і гатовымі дзейнічаць у любой мясцовасці.

Апроч таго, Кубракоў расказаў, што плануецца адкрыццё ліцэяў МУС для «падрыхтоўкі кадраў» ва ўсіх рэгіёнах краіны (у 2024 годзе такая ўстанова ўжо будзе працаваць у  Магілёве), а таксама што інтэрнет-разведка сілавікоў выяўляе беларусаў, хто «плануе здзейсніць супрацьпраўныя дзеянні».

Аб тым, чаму на міліцыю і армію ўлады грошай не шкадуюць, і да чаго вядзе падобная «сілавізацыя» грамадства, Филин пагутарыў з палітолагам Валерам Карбалевічам.

— З аднаго боку, трэнд лагічны і зразумелы: узмацненне рэпрэсій і татальны кантроль за грамадствам. З другога ж, не зразумела, пра якую «жыццёвую неабходнасць» гаворыць міністр, калі ўлады старанна імітуюць стабільнасць і кантроль сітуацыі?

На Ваш погляд, як сілавікам удалося пераканаць Лукашэнку выдзеліць грошы на далейшае ўмацаванне і пашырэнне МУС?

— Думаю, што асабліва ўгаворваць Лукашэнку не давялося, ён і сам гатовы найперш падтрымліваць любыя сілавыя структуры. Міліцыя, КДБ, іншыя рэпрэсіўныя інстытуты — гэта прыярытэт дзяржаўнай палітыкі сёння ў Беларусі. Таму грошай можа не хапіць настаўнікам, дактарам ці яшчэ камусьці, а вось на міліцыянтаў заўсёды яны будуць.

Іншая справа, што, верагодна, сілавікі, карыстаючыся сваім прывілегіяваным становішчам, просяць зашмат і праяўляюць нейкія завышаныя патрабаванні. Таму, мабыць, і прагучала рэпліка пра «пацярпець, калі магчыма», але я б не стаў надаваць ёй вялікай увагі.

— Ці можа згода Лукашэнкі сведчыць аб тым, што для яго падтрымка сілавікоў — сапраўды «жыццёвая неабходнасць», што ўжо не ён кантралюе сітуацыю?

— З гэтым я не згодны. Лукашэнка захаваў персаналісцкі рэжым, якi не змяніў сваю прыроду і не стаў алігархічным.

Так, сілавікі павысілі сваю ролю адносна народу, сталі ад яго канчаткова незалежнымі і, у прынцыпе, атрымалі ад Лукашэнкі права рабіць з гэтым народам усё, што захочуць. У гэтым плане іх паўнамоцтвы расшырыліся.

Што да той улады, якой валодаў Лукашэнка — яе ён нікому не аддаў, захаваўшы пры сабе, і кіраўнікі сілавых структураў сёння толькі інструменты ў ягоных руках.

Звярніце ўвагу — за два гады пасля пратэстаў Лукашэнка памяняў практычна ўсіх кіраўнікоў сілавых структур; гэта азначае, што ніякага карпаратыўнага механізму абароны сваіх інтарэсаў у саміх сілавікоў не існуе.

— На вашу думку, да чаго прывядзе ўсё большая «сілавізацыя» грамадства, у тым ліку падрыхтоўка кадраў фактычна з дзіцячага ўзросту, татальная слежка ў інтэрнэце, інтэрнет-выведка, якая пераследуе ўжо і за намер?

— Можна зразумець, чаго хоча Лукашэнка: ён хоча забальзамаваць гэты рэжым навечна. І пашырэнне таго ж ліцэю МУС, калі вучняў гатуюць на міліцыянтаў яшчэ з дзяцінства, менавіта пра гэта сведчыць.

Гэта класічны варыянт пераходу аўтарытарнага рэжыму ў таталітарны, як апісана ў падручніках. А ў таталітарным рэжыме сілавыя структуры маюць зусім іншую ролю: у аўтарытарным рэжыме гвалт — дадатковая функцыя, у таталітарным — асноўная.

Роля сілавых структур, безумоўна, узрастае, і на аўтамаце рэпрэсіі, тэрор рэжыму становяцца значна большымі, і гэта працуе аўтаматычна, ужо ў руцінным рэжыме.

— Мы ўжо жывем у Оруэле, альбо толькі падыходзім да гэтай рэальнасці?

— Гэту публіцыстычную карціну цяпер можна прымяніць да чаго заўгодна: паглядізце, што робіцца з расійскім грамадствам, калі чорнае называюць белым, вайну — мірам, і гэтак далей. У любых недэмакратычных рэжымах можна знайсці прыкметы Оруэла.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(21)