Филин

Вікторыя Захарава

Карбалевіч: «Час ідзе, а вынікі дзейнасці ўсіх эміграцыйных цэнтраў, мякка кажучы, невялікія»

Палітолаг — пра наступствы публічных «разборак» у апазіцыі.

Скандал з супрацоўнікам ГУБАЗіК, які доўгі час працаваў у праекце «Ч*рная кніга Беларусі» (ініцыятыва збірае звесткі асоб, датычных да рэпрэсій) і меў доступ да чатаў, кантактаў інфарматараў, а таксама працы агенцтва «Інфапоінт», атрымаў працяг. Былая рэдактарка «ЧКБ» Яніна Сазановіч публічна выказала прэтэнзіі да дарадцы Святланы Ціханоўскай Франака Вячоркі, які быў заснавальнікам агенцтва.

Сярод іншага, Сазановіч запатрабавала фінансава дапамагчы сем’ям затрыманых і аказаць садзеянне ў эвакуацыі тых інфарматараў, хто не быў арыштаваны, адхіліць ад працы ў агенцтве прадстаўнікоў Офіса Святланы Ціханоўскай, а таксама супрацоўніка, які не праверыў новага ўдзельніка належным чынам і ігнараваў падазрэнні ў бок таго.

У сваю чаргу, Франак Вячорка пагадзіўся, што трэба дбаць пра бяспеку людзей, але зазначыў, што не мае дачынення да праекту «ЧКБ», таму прэтэнзіі не да яго.

Ці ідзе гаворка пра замоўчванне праблемы, якая закранула многіх людзей у Беларусі, хто быў затрыманы сілавікамі, альбо пра спробу раздзімання ўнутраных «разборак»? І якія палітычныя наступствы гэта можа выклікаць? Сваім бачаннем сітуацыі з Филином падзяліўся палітолаг Валер Карбалевіч.

— Гэтая сітуацыя не сёння з’явілася, і пра яе гаварылі ў публічнай прасторы колькі часу таму, — нагадвае эксперт. — Іншая справа, што зараз Сазановіч яе зноў выцягнула і хоча ўчыніць на гэтай падставе нейкі скандал…

Я бачу ў гэтай гісторыі, як і ў сітуацыі з Зарэцкай, тое, што часцей за ўсё здараецца з палітычнай эміграцыяй: калі ўнутраныя спрэчкі і «разборкі» паглынаюць людзей. А пытанні, дзеля якіх былі створаныя гэтыя структуры, адыходзяць на другі план: барацьба з свабоду, супраціў дыктатуры і гэтак далей.

У абодвух выпадках — як у кейсе Таццяны Зарэцкай, якая пакінула пасаду ў Пераходным Кабінеце, так і ў сітуацыі з агентам сілавікоў, які ўкараніўся ў каманду інфармацыйнага супраціву, — на думку палітолага, абмеркаванню таго, што адбылося, надаюць перабольшанае значэнне.

— У рэальнай барацьбе за свабоду ўсё гэта не вельмі важна. Так, калі казаць пра апошнюю сітуацыю, гэта важна ў тым плане, што пацярпелі людзі, якіх выдаў агент. Гэта праблема. Але зноў выцягваць яе на публіку, спрабаваць ладзіць разбор і патрабаваць пакарання нейкіх людзей — не ведаю, наколькі гэта мэтазгодна і патрэбна. Не ўпэўнены, што правільна зноў выносіць падрабязнасці ў публічную прастору, а не абмяркоўваць яе недзе ў кулуарах.

— То-бок, варта было не кідаць адно аднаму абвінавачанні ў сацсетках, а правесці вялікую работу ўнутры праекту, каб такога больш не паўтаралася.

— Так, думаю, гэта быў бы самы рацыянальны шлях: вынесці ўрокі з таго, што адбылося, стварыць больш эфектыўную сістэму бяспекі. А выносіць у сацсеткі, медыя… Абмяркоўваць, у прынцыпе, можна ўсё, што заўгодна, але празмерная ўвага да такіх пытанняў, як мне падаецца, адцягвае ўвагу ад нейкіх рэальных праблем.

Калі другасныя пытанні становяцца галоўнымі, гэта сведчыць пра тое, што ва ўмовах палітычнага зацішша, калі эміграцыйныя цэнтры не могуць аказваць рэальны ўплыў на сітуацыю ўнутры Беларусі, на першы план выходзяць рэчы, якія ў рэальнай палітычнай барацьбе малазначныя.

Да якіх наступстваў могуць прывесці такія «разборкі» і скандалы ў публічным полі? Па-першае, зазначае Валер Карбалевіч, яны не дадаюць даверу да апазіцыйных структур.

— Але, думаю, галоўная праблема падзення даверу нават не ў гэтым. А ў тым, што час ідзе, а вынікі  дзейнасці ўсіх эміграцыйных цэнтраў, мякка кажучы, невялікія. Бо, калі палітычная структура існуе, а плёну няма — лагічна, адбываецца і падзенне даверу.

І тут не важна, наколькі вінаватыя кіраўнікі гэтых цэнтраў. Нават калі склаліся такія ўмовы, у якіх мала што ад іх залежыць, для простага абывацеля гэта не так істотна.

Сітуацыя падобная на тую, якая была з тытульнай апазіцыяй да 2020 году. Якія да іх прад’яўляліся асноўныя прэтэнзіі: вы, маўляў, 25 гадоў змагаецеся, а выніку няма — ну, значыць, будзем ісці далей, шукаць кагосьці іншага.

Нават калі дэмакратычныя сілы зробяць «працу над памылкамі», мяркуе палітолаг, прынцыпова на сітуацыю паўплываюць толькі вынікі іх работы — альбо адсутнасць такіх.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(17)