Политика

Карбалевіч: «Быццам запускаюць на арбіту штучны спадарожнік Зямлі»

Палiтолаг задаецца пытаннем, навошта ўлады рыхтуюць рэфэрэндум, які не патрэбен ані Лукашэнку, ані грамадзтву.

– 18 студзеня на нарадзе ў Лукашэнкі разглядалі вынікі «ўсенароднага абмеркаваньня» новай Канстытуцыі. Тут варта зьвярнуць увагу на даты, – адзначае Валер Карбалевіч. – Праект Канстытуцыі быў апублікаваны 27 сьнежня. Такім чынам, на абмеркаваньне дакумэнту, які дзяржаўныя мэдыя абвясьцілі «гістарычным», народу далі толькі тры тыдні. Хоць бы месяц адвялі для прыстойнасьці.

І, што асабліва варта падкрэсьліць, – якія гэта былі тыдні! Новы год, Каляды, стары Новы год. Людзі сьвяткавалі ці рыхтаваліся да сьвятаў. Толькі дзівакі маглі ў гэты час замест сьвяточнага стала вывучаць праект Канстытуцыі.

Пра зьмест «усенароднага абмеркаваньня» і гаварыць ня варта. Вось 4 студзеня ў вёсцы Церуха Гомельскага раёну міліцыя затрымала 68-гадовага Мікалая Віцікава, які вырашыў паўдзельнічаць у гэтым самым «абмеркаваньні» і «нелицеприятно» выказаўся пра Ўсебеларускі народны сход. Пэнсіянэру пагражае да пяці гадоў турмы.

То бок улады ня здолелі нават зрабіць імітацыю «ўсенароднага абмеркаваньня». Гэта азначае, што іх мала цікавіць легітымнасьць працэсу канстытуцыйнай рэформы. Або проста па-іншаму яны ўжо працаваць ня ўмеюць.

Лукашэнка сваё стаўленьне да канстытуцыйнай рэформы выказаў на нарадзе ў такой фразе: «Калі ўжо шчыра, то мне гэты працэс абсалютна не патрэбны». І ў гэта можна паверыць. Калі ён адмовіўся ад транзыту ўлады і не зьбіраецца сыходзіць, то сэнсу ў прыняцьці новай Канстытуцыі няма ніякага. Больш за тое, яна стварае для яго шэраг праблем.

Самае парадаксальнае палягае ў тым, што гэтая Канстытуцыя сёньня не патрэбная нікому: ні намэнклятуры, ні грамадзтву, ні апазыцыі. Ня дзіва, што чыноўнікі, якія прыходзілі на сходы ў працоўныя калектывы, не маглі ўцямна патлумачыць, навошта прымаецца новы Асноўны Закон.

Такая рэдкая зьява, калі ў палітычнае жыцьцё запускаецца абсалютна бессэнсоўны праект. Быццам запускаюць на арбіту штучны спадарожнік Зямлі, і ён пачынае жыць сваім уласным жыцьцём.

Як паведаміў кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Ігар Сергеенка па выніках нарады, адкарэктавана больш за 30 артыкулаў праекту Канстытуцыі. Ня выключана, што там будуць важныя зьмены. Магчыма, пад уплывам падзеяў у Казахстане.

З нарады можна зрабіць высновы, што «ў бліжэйшы час» (мусіць, у студзені) Лукашэнка выступіць з пасланьнем у Нацыянальным сходзе, а ў лютым усё ж адбудзецца рэфэрэндум.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.3(23)